«Не трэба пагружацца ў культуру». У Мінадукацыі паставілі ўмовы вывучэння замежных моваў


Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у эфіры СТВ распавёў, як у школах трэба вывучаць замежныя мовы. Чыноўнік упэўнены, што дзеці не мусяць «пагружацца ў культуру і гісторыю носьбітаў мовы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: jcstudio / Freepik

Намеснік кіраўніка Міністэрства адукацыі Аляксандр Кадлубай раскрыў слушны, на ягонае меркаванне, метад вывучэння замежных моваў:

«Тады ж у замежнай мове, мы ўжо дамовіліся, вызначыліся з выкладчыкамі, трэба не вывучаць і пагружацца ў культуру і гісторыю носьбітаў мовы, а ведаць сваю культуру і гісторыю на замежнай мове, у гэтым няма нічога кепскага, наадварот, карысна».

У эфіры дзяржаўнай тэлевізіі выказалі заклапочанасць, ці здолеюць настаўнікі «навучыць нашых дзяцей любіць радзіму правільна». «Ці можам мы не сумнявацца, што з першага класу да адзінаццатага ў нас выкладаюць тую гісторыю, тую геаграфію і той сцяг вісіць у навучальных установах?» – спытаў прапагандыст Кірыл Казакоў.

Чыноўнік на гэта адказаў, што летам ва ўстановах адукацыі працавала маніторынгавая група міністэрства.

«На 2865 установаў адносна гісторыі, геаграфіі, адносна гэтых кабінетаў, ім была нададзена пільная ўвага. Адзінкам на 2865, так, паказвалася на тое, што дзесьці па-старому дамінуе брытанскі сцяг над беларускім у кабінеце замежнай мовы. Калісьці гэта ўсё рабілася, выбудоўвалася. Там двухʼярусны аўтобус, тэлефонная будка брытанская, пагружэнне ў асяроддзе і ўсё астатняе. Гэта ўсё выпраўляецца», – заявіў намеснік міністра адукацыі.

Інтэрв’ю
«У беларускай сярэдняй адукацыі больш рэгрэсу, чым прагрэсу». Чаму вучаць у школах у Беларусі і за мяжой
2023.08.25 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў