Святлана Ціханоўская прапанавала мэру Вільні адкрыць дадатковыя беларускамоўныя класы


Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з новым мэрам літоўскай сталіцы Валдасам Бянкунскасам і прапанавала яму адкрыць на базе гарадскіх школаў дадатковыя класы з беларускаю моваю навучання, паведамляе прэс-служба абранай прэзідэнткі.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з мэрам Вільні Валдасам Бянкунскасам.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Святлана Ціханоўская звярнулася да мэра Вільні Валдаса Бянкунскаса з просьбаю падтрымаць беларускія грамадскія прасторы, якія працуюць у літоўскай сталіцы. Падчас размовы яна адзначыла, што беларусам вельмі важна не губляць сувязі з радзімай і захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

«Святлана Ціханоўская прапанавала зарганізаваць дадатковыя класы беларускай мовы на базе гарадскіх школаў, а таксама правесці сустрэчу з актывам бацькоў беларускіх дзяцей у Вільні», – паведамляе прэс-служба беларускай лідаркі.

Асобнаю тэмай абмеркавання падчас сустрэчы была дапамога беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне. Раней, пры падтрыманні віленскай мэрыі, Офіс Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет даставілі ваярам груз дапамогі.

Была закранутая ў размове з віленскім мэрам і тэма беларускіх вернікаў. Святлана Ціханоўская перадала шэраг просьбаў ад іх. З вясны 2023 года ў Вільні дзеіць беларускі праваслаўны прыход у гонар Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы, з лета богаслужэнні праходзяць у капліцы Святога Лявонція Карповіча.

ВІДЭА
«Я бачу агонь у беларусах». Інтэрв’ю са Святланаю Ціханоўскаю
2023.10.09 18:08

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў