Кінапракат па-беларуску. Калі галівудскія блокбастары загавораць на нашай мове?


 Прагляд сусветных кінапрэм’ераў на роднай мове – гэта звычайная для бальшыні нацыяў з’ява, але сапраўдная раскоша для беларусаў. Дзяржава гэтым не пераймаецца, а сілы энтузіястаў не бясконцыя. «Белсат» паспрабаваў знайсці адказ на пытанне, калі беларусы змогуць глядзець кінанавінкі на беларускай і што замінае развязаць праблему проста цяпер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З 90-х гадоў беларускі кінапракат застаецца прычэпленым да Расеі. Гэта зручна: набыў афіцыйную копію з расейскім агучваннем – і паказвай. Навошта яшчэ выдаткоўваць грошы на моўную лакалізацыю? Дый сусветныя дыстрыб’ютары заўсёды разглядалі нашую краіну як частку глабальнага расейскага рынку, частку расейскамоўнага СНД.

Пасля пачатку вайны ва Украіне шмат якія галівудскія студыі адмовіліся ад супрацы з краінай-агрэсарам, аднак без кінапрэм’ераў у Расеі не засталіся: паказваюць пірацкія версіі. Адпаведна, такі ж скрадзены прадукт цяпер ідзе ў пракаце і ў Беларусі.

Пры гэтым маем прыклад Украіны, дзе кінапракат лакалізавалі яшчэ ў 2006 годзе, калі прэзідэнтам быў Віктар Юшчанка. Ухваленая тады пастанова прадугледжвала абавязковы дубляж усіх стужак, што паказваюць у кінатэатрах, на ўкраінскую мову. Пракатчыкі стагналі, што гэта дорага і што наведнікаў паменее, аднак іхныя жахі не спраўдзіліся.

Hавiны
«Камерцыйная таямніца». Менскі кінапракат засакрэціў касавыя зборы і не раскрывае лік гледачоў
2024.01.11 13:46

Аляксандр Навіцкі, кіраўнік кампаніі «Zołak Pro», якая агучвае фільмы для «Белсату», кажа, што пераклад і дубляж не такая затратная справа, калі ў гэтым будзе дапамагаць дзяржава:

«Для дзяржавы не было б праблемаю зрабіць больш якасны пераклад, як мы гэта робім, у тэхнічным сэнсе: рабіць не двухгалосыя, самыя бедныя пераклады, а сапраўдныя дубляжы. Для беларускай мовы гэта была б неблагая ідэя, калі б дзяржава за гэта ўзялася і мела б такую матывацыю. Гэта было б імпульсам для людзей у Беларусі не цурацца беларускай мовы».

Пераклад, рэдактура перакладу, запіс агучвання, звядзенне, спраўджанне канчатковай версіі, паўторнае спраўджанне на «Белсаце» – вось складнікі гэтай працы.

«У нас асноўны від агучвання – двухгалосы закадравы. Гэта такі ашчадны аптымальны варыянт, прасцейшы ў тэхнічным сэнсе, чым поўны дубляж. Хаця і яго мы рабілі, дзіцячыя серыялы. Гэта, хоць цікава і прыемна, але вельмі цяжка, бо трэба і песні перакласці і заспяваць, трэба болей галасоў, і падабраць іх», – тлумачыць суразмоўца «Белсату».

Адна са складанасцяў справы – укласціся ў пэўную часавую шкалу, каб перакладзены тэкст не быў моцна даўжэйшым або, наадварот, карацейшым за арыгінал.

«У кожным фільме свае асаблівасці. Існуюць пэўныя цяжкасці з перакладам, напрыклад, дакументальных фільмаў, дзе бывае вялізная колькасць фактуры, якую неабходна спраўдзіць. І перакладчык займаецца не толькі ўласна перакладам, але яшчэ і спраўджаннем розных звестак, таго, як штосьці можа называцца па-беларуску, а не заўсёды маюцца адпаведнікі», – прызнаецца спадар Аляксандр.

Hавiны
Тры гады адзначае беларускае аўдыявыдавецтва «Кніжны воз»
2023.09.05 17:00

Фільмы, якія агучваюцца на беларускую і трапляюць у эфір «Белсату», абірае праграмная рэдактарка. Яна апавяла, што дамаўляцца даводзіцца з дыстрыб’ютарамі або непасрэдна з вытворцамі. Увесь прадукт – легальны.

«Вытворцы маюць правы на ўвесь свет, а дыстрыб’ютары – на пэўную тэрыторыю. Вельмі складана знайсці дыстрыб’ютара, які меў бы правы на фільмы на тэрыторыю, ахопленую спадарожнікам, да якога падлучаны «Белсат»», – наракае наша суразмоўніца.

Стратэгія нашага тэлеканалу – дэманстрацыя ўсёй разнастайнасці сусветнай кінематаграфіі:

«З Паўднёвай Амерыкі, з Усходу – з Сірыі, Палестыны, Ірану, з Азіі. Цяпер у нашай сетцы ёсць фільм, што атрымаў два «Оскары», –  карэйская стужка «Паразіты». З’яўляецца скандынаўскае кіно, французскае, брытанскае, польскае».

Bulbamovie 2023
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

У эфіры – «складаныя стужкі», што прымушаюць задумацца, адзначыла рэдактарка:

«Гэта не пустыя фільмы, не дзеля забавы. Гэта фільмы, што паказваюць рэчаіснасць вакол нас, выклікаюць пэўныя эмоцыі, паказваюць праблемы і людзей, якія нас атачаюць».

Партнёры прадаюць «Белсату» фільмы са зніжкаю, бо наш тэлеканал – некамерцыйная арганізацыя. Але гэта не тычыцца сусветных кінапрэм’ераў: цэны несусветныя.

«Аніводны тэлеканал, хіба толькі буйныя кампаніі кшталту BBC або CNN, не дазволіць сабе купіць навінку. Фільмы праходзяць пэўныя этапы: спачатку фестывалі і кінатэатры – гэта цягам года, потым – онлайн-кінатэатры, і толькі пасля фільм трапляе да масавага гледача на тэлебачанне. Прыкладна праз 3–4 гады пасля прэм’еры», – канстатавала працаўніца «Белсату».

Такім чынам, касавы гіт «Опэнгаймэр», які нядаўна атрымаў 5 узнагародаў прэміі «Залаты глобус» і быў рэпрэзентаваны ў 13 намінацыях «Оскару», можа з’явіцца ў эфіры нашага тэлеканалу не раней за 2027 год.

Пакуль жа «Белсат» плануе паказ французскіх мультфільмаў (прэм’ера – ужо 3 сакавіка), увосень – чэшскіх анімацыйных карцінаў і серыялаў. Вядома, усё па-беларуску.

У нашых рэаліях спатоліць моўны голад маглі б аматары, якія ладзяць агучванне па-беларуску, хоць гэта і пірацтва. Але рады яны не даюць: бракуе грошай. Фактычна гэта энтузіясты, якім у лепшым выпадку хапае данатаў толькі на тэхніку і аплату сервераў. Пра паўнавартасны заробак, на які можна пражыць і цалкам прысвячаць сябе гэтай працы, гаворка не ідзе.

Зрэшты, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык не губляе аптымізму ў цяперашнія цёмныя часы. У каментары «Белсату» яна адзначыла, што кінапрэм’еры некалі абавязкова загучаць па-беларуску:

«Практыка кінапракату мусіць засноўвацца на законе пра мову. Пераклад фільмаў і серыялаў патрабуе шмат рэсурсаў, але зʼяўляецца гарантыяй негвалтоўнага прасоўвання дзяржаўнай мовы ў папулярных сферах культуры. Беларуская мова будзе жыць, калі кінатэатры будуць паказваць прэмʼеры па-беларуску, мы будзем памятаць цытаты з любімых фільмаў на роднай мове, а нашыя дзеткі будуць спяваць песенькі ў перакладзе на беларускую».

Лакалізаваны кінапракат, на думку Коўшык, падцягне і нацыянальную кінаіндустрыю: «Спадзяюся, што такая палітыка спрычыніцца да паўстання якасных беларускіх фільмаў на нашай мове і да стварэння сучаснай кінаіндустрыі. Мы ўжо маем пакаленне новых таленавітых творцаў, якія смела выходзяць са сваімі працамі на прэстыжныя кінафестывалі. А для стварэння важных для краіны стужак безумоўна патрэбнае падтрыманне».

Разбор
«Навошта плаціць дзяржаве за пірацкі фільм?» У Беларусі паменела гледачоў у кінатэатрах
2023.04.20 10:25

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў