«Опэнгаймэр» абагнаў «Барбі». У ЗША раздалі «Залатыя глобусы» за найлепшыя фільмы і серыялы


У Бэвэрлі-Гілз (ЗША) 7 студзеня ўручылі ўзнагароды кінапрэміі «Залаты глобус» за найлепшыя фільмы і серыялы, што пабачылі свет у 2023 годзе. Найбольш узнагародаў атрымала стужка «Опэнгаймэр», а найбольш намінацыяў было ў фільму «Барбі».

Кільян Мэрфі, які сыграў у «Опэнгаймэры» галоўную ролю, атрымаў узнагароду як найлепшы актор.
Фота: goldenglobes.com

«Залаты глобус» падвёў пэўныя вынікі супрацьстаяння «Барбігэймэра» – дзвюх касавых стужак, якія выйшлі ў адзін дзень, але мелі абсалютна розны жанр. Агулам «Опэнгаймэр» атрымаў пяць узнагародаў, а быў намінаваны ў васьмі намінацыях. А «Барбі» пры дзевяці намінацыях атрымала толькі дзве ўзнагароды.

Стужку «Опэнгаймэр» узнагародзілі прэміяй у намінацыі «Найлепшы драматычны фільм», а рэжысёра Крыстафэра Ноўлана прызналі найлепшым рэжысёрам. Кільян Мэрфі, які сыграў у «Опэнгаймэры» галоўную ролю, атрымаў узнагароду як найлепшы актор, а Робэрт Даўні – малодшы – як найлепшы актор другога плану. Таксама стужка атрымала ўзнагароду за найлепшую музыку.

«Барбі» ўзнагародзілі за кінематаграфічныя і касавыя дасягненні і найлепшую песню.

Эма Стоўн атрымала ўзнагароду за галоўную ролю ў «Бедных-няшчасных» у катэгорыі «Найлепшая жаночая роля ў камедыі/мюзікле». Элізабэт Дэбікі за ролю прынцэсы Даяны ў «Кароне» прызнаная найлепшай акторкаю другога плану.

Сярод серыялаў найбольш узнагародаў атрымалі «Спадчыннікі» – чатыры «Залатыя глобусы». Ён жа прызнаны найлепшым драматычным серыялам, «Мядзведзь» – найлепшым мюзіклам ці камедыяй, а «Грызня» – найлепшым міні-серыялам.

Джэрэмі Элен Ўайт узнагароджаны за найлепшую мужчынскую ролю за ролю ў «Мядзведзь», а Аё Эдэбіры атрымала «Залаты глобус» за ролю Сідні ў тым жа серыяле. Кіран Калкін атрымаў «Залаты глобус» за найлепшую мужчынскую ролю ў драматычным тэлесерыяле за ролю ў «Спадчынніках». Дэй’Вайн Джой Рэндалф атрымала ўзнагароду за ролю акторкі другога плану ў калядным камедыйна-драматычным фільме «Пакінутыя».

Прыз за найлепшы сцэнар атрымалі Жустын Трые і Арцюр Арары за фільм «Анатомія падзення». Найлепшым анімацыйным фільмам сталася стужка «Хлопчык і птушка» Хаяо Міядзакі.

Меркаванні
Опэнгаймэр не служыць сістэме – ён яе знішчае
2023.07.31 14:28

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў