«Канфіскуюць усё абсталяванне, будынкі». Улады адціскаюць у заснавальнікаў «Новы зрок»


20 сакавіка эканамічны суд Менску пачне разглядаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні замежнага прадпрыемства «Новы зрок». Кампанію вінавацяць у працы без ліцэнзіі ў 2022 годзе. Але заснавальнік сеткі Алег Каўрыгін мяркуе, што на гэтым ціск на кампанію не спыніцца, перадае «Zerkalo».

Медцэнтр «Новы зрок» у Гомлі.
Фота: eyes.by

Як заявіў Алег Каўрыгін, улады абвінавачваюць «Новы зрок» у працы без ліцэнзіі з 2011 года. На падставе гэтага 20 сакавіка эканамічны суд будзе разглядаць пратакол ад Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК пра нібыта незаконную працу прадпрыемства, праўда, чамусьці толькі за 2022 год. За гэты час быў атрыманы даход у памеры 17,06 мільёна рублёў, які ўлады называюць незаконным і хочуць канфіскаваць.

«Відавочна, будзе яшчэ 11 такіх пратаколаў. Яны зараз будуць па кожным годзе іх складаць, лічыць даходы і прымаць рашэнне аб канфіскацыі. Гэта значыць сума вырасце ў 10 разоў. І яна будзе не выплачана. У лік гэтага канфіскуюць усё абсталяванне, будынкі і гэтак далей. Як я ўжо казаў, мэта – забраць увесь бізнес, ды яшчэ каб засталіся павінны», – сказаў Каўрыгін.

Абвінавачванні ўладаў ён называе абсурдам, падкрэсліваючы, што з такім кантролем у сферы прыватнай медыцыны прадпрыемства не магло б прапрацаваць пазапраўна 12 гадоў.

«Як мы маглі атрымаць ліцэнзію з такімі парушэннямі, як яны апісваюць? Чаму не пакараныя супрацоўнікі Міністэрства аховы здароўя, якія выдавалі дазвол, і тыя, хто ўсе гэтыя гады правяраў «Новы зрок»?» – задаецца пытаннем бізнесоўца.

На яго думку, улады нічога не змаглі знайсці супрацьзаконнага, «таму выкруцілі так».

Пра паседжанне 20 сакавіка прадстаўнікі «Новага зроку» даведаліся толькі 18-га. Прысутнічаць яны не змогуць, у тым ліку праз «ціск і пагрозы з боку сілавых структур».

Hавiны
Сетка клінік «Новы зрок» сыходзіць з беларускага рынку
2023.07.27 17:37

У красавіку 2023 года супраць фактычнага ўладальніка медцэнтру «Новы зрок», які пастаянна пражывае ў Літве, і чатырох працаўнікоў медустановы была распачатая крымінальная справа за нібыта выплаты работнікам заробкаў у канвертах. На маёмасць падазраваных быў накладзены арышт.

А 27 ліпеня калегія Міністэрства аховы здароўя прыняла рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі УП «Медычны цэнтр «Новы зрок» на медычную дзейнасць, а таксама ліцэнзіі на дзейнасць, звязаную з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў. Затым на сайце медцэнтру з’явілася паведамленне аб тым, што з 28 ліпеня сетка клінік цалкам спыняе працу і сыходзіць з рынку Рэспублікі Беларусь.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў