Супраць уладальніка медцэнтру «Новое зрение» распачатая крымінальная справа


Супраць фактычнага ўладальніка медцэнтру «Новое зрение», які пастаянна пражывае ў Літве, і чатырох працаўнікоў медустановы распачатая крымінальная справа за выплаты работнікам заробкаў у канвертах, паведамляе прэс-служба Камітэту дзяржкантролю.

Клініка «Новое зрение».
Фота: Новое зрение / ВКонтакте

Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК высветліў, што прынамсі на працягу апошніх пяці гадоў кіраўніцтву і спецыялістам медычнага цэнтру (дактарам, старэйшым медсёстрам) «у канвертах» было выплачана больш як 2,5 млн рублёў. Таксама ўстаноўленыя факты выплат заробкаў неафіцыйна больш як 50 работнікам медцэнтру.

Памер шэрых выплатаў залежаў ад пасады і кваліфікацыі работнікаў і штомесяц складаў ад 200 рублёў (медперсаналу) да 9 тысяч рублёў (дактарам-спецыялістам і кіраўніцтву медцэнтру).

Таксама паведамляецца, што асноўным удзельнікам схемы быў фактычны ўласнік медычнага цэнтру, які жыве ў Літве. Наяўныя грошы ў валюце перадаваліся праз людзей, якія перасякалі дзяржаўную мяжу.

На фактычнага ўладальніка і чатырох работнікаў заведзеная крымінальная справа. На маёмасць падазраваных накладзены арышт.

Верагодна, размова ідзе пра заснавальніка медцэнтру Алега Каўрыгіна, які пераехаў з Менску ў Вільню ў 2012 годзе. У Літве клініка «Новое зрение» адкрылася ў 2009 годзе.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў