Расея і Украіна абмяняліся атакамі беспілотнікамі, Мядзведзеў скарыстаўся рыторыкай нацыстаў


Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 694-ы дзень. «Белсат» расказвае, што вядома і пра што пішуць аб вайне на ранак 18 студзеня.

Танк ЗСУ
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Танк ЗСУ.
Фота: 128 ОГШБр / Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Як паведамляе Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень адбылося 78 баявых сутыкненняў – звычайная лічба ў апошнія дні. Расейскія войскі не спыняюць спробаў атачыць Аўдзееўку, дзе ўкраінскія войскі адбілі 13 атак за дзень. Таксама расейскія войскі атакавалі на бахмуцкім, купянскім, ліманскім, мар’інскім, шахцёрскім напрамках. Украінскія ж войскі працягваюць спробы пашырыць плацдарм на херсонскім напрамку.

ЗСУ налічылі за мінулыя содні 9 ракетных і 128 авіяцыйных удараў Расеі, 77 абстрэлаў сістэмамі залпавага агню. Пад абстрэлы і ўдары трапілі населеныя пункты ў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях. Украінскія войскі ў сваю чаргу нанеслі удары па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, пунктах кіравання, складах боепрыпасаў, сродках супрацьпаветранай абароны і зенітна-ракетных комплексах.

Страты расейскага войска з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ЗСУ ацэньваюць ужо ў 373,6 тысячы чалавек, у тым ліку 780 за мінулы дзень. Таксама за мінулы дзень ЗСУ налічылі 21 страчаны Расеяй танк, 38 бронемашынаў, 24 артылерыйскія сістэмы, 2 рэактыўныя сістэмы залпавага агню, 13 адзінак спецыяльнай тэхнікі. У Севастопалі выявілі патанулы памежны вартавы карабель тыпу «Тарантул» – імаверна, падбіты яшчэ некалькі тыдняў таму.

Ноччу расейскія войскі запусцілі па Украіне 33 беспілотнікі-камікадзэ тыпу «Шахед», з іх 22 удалося збіць, яшчэ некалькі дронаў не дасягнулі цэляў, паведамляе ўкраінская Паветраная абарона. Збілі таксама адну ракету «Х-59».

Агульная колькасць пацярпелых ад атак з 17 на 18 студзеня невядомая, але вядома, што ў Купянску, што ў Харкаўскай вобласці, удар прыйшоўся ў жылы будынак, загінула 57-гадовая жанчына, параненыя яшчэ два чалавекі.

У Расеі тым часам паведамляюць пра збітыя ракеты над Белгародскай вобласцю і ў Падольску пад Масквой, упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны кажуць пра збіты над Ленінградскай вобласцю беспілотнік. Паведамляецца, што дрон упаў на тэрыторыю Пецярбургскага нафтавага тэрміналу. Крыніцы ўкраінскіх медыяў заяўляюць, што за атакай на тэрмінал стаяла Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае ўвагу на першае паспяховае ўжыванне Украінай гібрыднай сістэмы паветранай абароны «FrankenSAM» – камбінацыі сучасных заходніх снарадаў з мадыфікаванымі савецкімі пускавымі ўстаноўкамі, а таксама на павелічэнне Украінай вытворчасці снарадаў «натаўскага» калібру 155 мм. Нямеччына і Францыя тым часам анансавалі дадатковыя пастаўкі вайсковай дапамогі Украіне: 40 дальнабойных ракет SCALP ад французаў, снарады для танкаў «Leopard», бронемашыны, выведныя дроны і іншае ад немцаў на суму звыш € 7 млрд. Разам з тым,  і Расея мадыфікуе свае старыя ракеты «Х-101», дадаючы на іх сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

Новая дапамога ад Злучаных Штатаў па-ранейшаму заблакаваная праз унутрыамерыканскія спрэчкі – прэзідэнт Джо Байдэн 17 студзеня заклікаў кангрэс яе разблакаваць, бо гэта ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку ЗША, NATO і рэшты вольнага свету.

Таксама ISW звяртае ўвагу на выказванні лідара партыі «Единая Россия», экс-прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева, які пісаў пра неабходнасць знішчыць украінскую дзяржаўнасць, на пашырэнне антымігранцкай рыторыкі ў асяроддзі расейскіх ультранацыяналістаў і на ўнутраныя этнічныя канфлікты ў Расеі, як то на пратэсты ў Башкыртастане.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман заўважае, што Мядзведзеў назваў Украіну «ракавым новаўтварэннем». На думку эксперта, Мядзведзеў паўтарыў за іранам, які любіць называць Ізраіль «ракавай пухлінай», ды такія метафары адносна сваіх ворагаў укаранілі ў прапагандзе і папулярызавалі нацысты ў часы Другой сусветнай вайны.

Пра Другую сусветную і нацыстаў 18 студзеня згадаў і міністр замежных справаў Злучанага Каралеўства Дэйвід Кэмэран: у інтэрв’ю «Politico» ён казаў, што адчувае сябе як у 1930-я і не хоча залагоджваць Уладзіміра Пуціна, а бачыць патрэбу «ўстаць супраць зла, якое ўяўляе ягонае ўварванне».

Падобнае казала днём раней Святлана Ціханоўская на Давоскім форуме: «Многія гады залагоджванняў і спробаў перавыхаваць дыктатараў не спрацавалі, а паўмеры толькі шкодзяць». На тым жа форуме міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба правёў яшчэ адну паралель з Другой сусветнай: у кантэксце размоваў пра «тупік» у вайне ён нагадаў, што высадка саюзных войскаў у Нармандыі ў 1944 годзе ў першы час ішла не надта паспяхова, але вайна складаецца з розных бітваў, і калі факусавацца на не такія паспяховыя бітвы, як чакалася, то гэта толькі ўзмоцніць расейскі наратыў «вы не можаце нас перамагчы».

Hавiны
Расейцы ўзмацняюць ціск у Данецкай вобласці. Што вядома?
2024.01.17 19:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў