Што Ціханоўская казала на дыскусіі з першымі асобамі Вугоршчыны, Польшчы, Украіны і Харватыі


Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская працягвае ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе. 17 студзеня з яе ўдзелам адбыліся дыскусіі пра вайну ва Украіне з першымі асобамі некалькіх дзяржаваў, затым – пра свабоду слова.

Святлана Ціханоўская, міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба і прэм’ер-міністр Харватыі Андрэй Плэнкавіч
Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба і прэм’ер-міністр Харватыі Андрэй Плэнкавіч на Сусветным эканамічным форуме. Давос, Швейцарыя. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская другі раз бярэ ўдзел у Давоскім форуме, ладзіць сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, бярэ ўдзел у публічных дыскусіях. 17 студзеня яна ўзяла ўдзел у дзвюх: пра вайну ва Украіне і пра свабоду слова, а таксама асобна размаўляла з прэзідэнткай Вугоршчыны, міністрам замежных справаў Украіны і міністаркай замежных справаў Эквадору.

Пра вайну ва Украіне

Дыскусія «Абарона еўрапейскага аб’яднанага фронту» з Ціханоўскай, прэзідэнтамі Польшчы і Вугоршчыны, міністрам замежных справаў Украіны была прысвечаная падтрымцы Украіны ў абароне ад расейскага нападу і калектыўнай абароне Еўропы.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда згадаў, што яшчэ за гадзіны да поўнамаштабнага ўварвання Расеі быў у Кіеве разам з прэзідэнтам Літвы, каб паказаць падтрымку Украіне, бо Польшча ведае, «што значыць расейскі тэрор», памятае расейскі напад і ссылкі ў Сібір. Па выбуху вайны палякі адкрылі свае дамы ўкраінцам, а Польшча надала Украіне розную дапамогу, у тым ліку танкамі – такую тэхніку Украіне першай дала менавіта Польшча. Але дапамогу Украіне нельга спыняць, нягледзячы на відавочную «стому ад вайны», бо Расея проста значна большая дзяржава з большымі рэсурсамі.

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба сказаў, што цяперашні фокус на слове «тупік» адносна вайны няправільны: галоўнакамандуючы ўкраінскага войска казаў не столькі пра тупік, колькі пра стабільныя пастаўкі большых аб’ёмаў зброі, у тым ліку для кантролю ўкраінскага неба. Кулэба заўважыў, што не чуў ні ад каго з палітыкаў заяваў кшталту «мы стаміліся вас падтрымліваць».

Прэзідэнтка Вугоршчыны Каталін Новак заўважыла, што ейную краіну наўпрост зачапіла вайна ва Украіне, бо ёсць не толькі непасрэдная мяжа Вугоршчыны і Украіны, але і этнічныя вугорцы ва Украіне. Яна падкрэсліла, што «ўсе згаджаюцца на галоўным»: Расея – агрэсар, які «перайшоў Рубікон» і зрабіла недапушчальнае. Яна запэўніла, што Вугоршчына будзе надалей падтрымліваць Украіну. Кулэба адзначыў, што Вугоршчына – блізкі партнёр Украіны, і хоць у краінаў бываюць розныя пазіцыі, у выніку разыходжанні абмяркоўваюць і прыходзяць да вырашэння.

Прэм’ер-міністр Харватыі Андрэй Плэнкавіч выказаў такое бачанне: у першы год поўнамаштабнай вайны Расея хацела «дэнацыфікаваць» Украіну, меўшы на ўвазе пад гэтым словам знішчэнне ўкраінскай ідэнтычнасці, у другі год бачыла гэта як вайну з «проксі NATO», а з нядаўняга часу дыскусія ў Расеі ссоўваецца на «новы сусветны парадак». А значыць, дзяржавам Еўропы трэба і падтрымліваць Украіну, і супрацьстаяць унутранаму ціску ў сваім грамадстве, які ўтвараецца праз эканамічны ціск наступстваў вайны.

Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пачала з таго, што лёсы Беларусі і Украіны звязаныя: без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі і без свабоднай еўрапейскай Беларусі будзе пастаянная пагроза Украіне і іншым суседзям. Таму Ціханоўская і просіць надаць Украіне ўсё, што тая папросіць.

«Калі я думаю пра стомленасць, скажыце гэтае слова ўкраінскім салдатам у акопах. Або беларускім палітвязням, якіх зараз мучаюць у турмах. Яны працягваюць супраціўляцца. Мы павінны працягваць працаваць разам з імі гэтак жа», – казала Ціханоўская.

Беларусь яна назвала «самым слабым месцам у Пуцінскай вайне», а зрынанне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі – «найлепшай дапамогай Украіне». Лукашэнка цяпер у хісткім становішчы, заявіла Ціханоўская, бо нелегітымны ў вачах беларусаў і цалкам залежыць ад Расеі

Яна заклікала развіваць усёабдымную стратэгію адносна Беларусі, працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, прыцягваць яго да адказнасці за злачынствы (міжнародныя структуры ў гэтым пакуль не надта эфектыўныя, адзначыла яна), падтрымліваць беларусаў.

Суразмоўцы абмеркавалі таксама будучыя прэзідэнцкія выбары ў Злучаных Штатах і магчымае вяртанне ў прэзідэнцкае крэсла Дональда Трампа. Прэзідэнт Польшчы сказаў, што гісторыя навучыла і Еўропу, і Штаты, што еўраатлантычныя сувязі – «абсалютна фундаментальная справа», узаемавыгадная справа, над якой трэба працаваць незалежна ад таго, хто ў ЗША прэзідэнт.

Кулэба запэўніў: украінцы навучыліся «выжываць у любой рэальнасці», а найбольш яго хвалюе першы дзень па выбарах – ці не зваляцца ЗША ва ўнутраную барацьбу. Што да Трампа, Кулэба нагадаў, што менавіта за Трампам Украіне Штаты першымі прадалі заходнюю лятальную зброю і выдалі «Крымскую дэкларацыю» непрызнання незаконнай анексіі.

Hавiны
«Мегавыбарчы год 2024». Святлана Ціханоўская выступіла на сайд-івэнце Сусветнага эканамічнага форуму
2024.01.16 14:41

На пытанне пра бачанне перамогі Украіны Кулэба нагадаў: высадка саюзных войскаў у Нармандыі ў 1944 годзе ў першы час ішла не надта паспяхова, але вайна складаецца з розных бітваў, і калі факусавацца на не такія паспяховыя бітвы, як чакалася, то гэта толькі ўзмоцніць расейскі наратыў «вы не можаце нас перамагчы» – а Украіна ўжо мела буйныя перамогі над Расеяй у гэтай вайне. Новак жа падкрэсліла, што Украіну трэба падтрымліваць, але не даводзіць да эскалацыі, бо NATO не ваюе з Расеяй, як саюзнікі ваявалі з нацыстамі.

У кантэксце вайны ва Украіне згадалі Кітай. Ціханоўская расказала, што цяпер дэмакратычныя сілы Беларусі не маюць камунікацыі з Кітаем, а Кітай у пэўнай ступені падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Хоць тая падтрымка «вельмі прагматычная», і шмат кааперацыі спынілі, дыктатары агулам ствараюць кааліцыі – гэта пагроза дэмакратычнаму свету.

«Калі часам я чую, што мы не павінны ўвязвацца ў гэтую вайну ва Украіне, мы павінны трымаць нашыя краіны ў бяспецы – гэта прапагандысцкі наратыў, расейскі наратыў, што гэта не вашая вайна, гэта ўкраінская вайна, хай яны самі змагаюцца, – адзначыла Ціханоўская. – Я лічу, што калі дазволіць такому адбыцца, вораг пагрукае ў вашыя дзверы – і што вы будзеце рабіць?

Многія гады залагоджванняў і спробаў перавыхаваць дыктатараў не спрацавалі, а паўмеры толькі шкодзяць.

Я бачу цяпер, як некаторыя краіны з аднаго боку асуджаюць Расею, а з другога – працягваюць гандляваць з Расеяй, ствараць шляхі абыходу для гандлю з Расеяй. Гэта мусіць спыніцца».

Дуда ж падкрэсліў важнасць вытворчасці зброі і боепрыпасаў у Еўропе: тых боепрыпасаў пастаянна не хапае праз вайну ва Украіне, а яшчэ ж невядома, якія наступствы будуць мець выбары на Тайвані, таму трэба быць гатовымі не толькі да наўпроставай агрэсіі супраць Еўропы, але і да дапамогі саюзнікам.

Агляд
Ціханоўская ў Давосе казала пра вайну, палітвязняў і санкцыі
2024.01.16 17:42

Пра свабоду слова

У дыскусіі «Куды ідзе свабода слова» ўзялі ўдзел Ціханоўская, выканаўчы дырэктар «Human Rights Watch» Тырына Гасан і выканаўчы рэдактар «The New York Times» Джоўзэф Кан, а мадэравала дыскусію галоўная рэдактарка «Deutsche Welle» Мануэла Каспэр-Кларыдж.

Гасана казала пра аўтарытарызм і розніцу між вяршэнствам закону і ўжываннем законаў як інструменту кантролю. Палітыкі, якія хочуць забраць усю ўладу ў свае рукі, звычайна гуляюць па адных «метадычках»: пачынаюць з нібы бяскрыўдных канцэпцыяў абароны сямейных каштоўнасцяў ці традыцыяў – а прыходзяць да абмежавання правоў чалавека, наступу на грамадзянскую супольнасць, свабодныя медыі, суды… То значыць, супраць таго, што можа быць стрымкамі і супрацьвагамі.

Каспэр-Кларыдж папрасіла Ціханоўскую апісаць стан свабоды слова ў Беларусі. Ціханоўская адказала: свабода слова на найніжэйшым узроўні. Яна нагадала, што ейны муж Сяргей Ціханоўскі быў Youtube-блогерам, ездзіў па Беларусі і пытаў людзей пра іхныя праблемы, а калі сабраўся ў прэзідэнты, быў адразу жа зняволены. У Беларусі больш, чым дзесьці ў свеце, зняволеных журналістаў на душу насельніцтва, каля трох тысяч медыяў названыя «экстрэмісцкімі». Людзі ў Беларусі баяцца самых базавых рэчаў: чытаць навіны, ставіць лайкі ці рабіць рэтвіты. Гэта, сказала Ціханоўская, «тыповыя паводзіны дыктатара».

На пытанне аб тым, ці могуць гэта змяніць парламенцкія выбары 2024 года, Ціханоўская адказала: гэтыя так званыя выбары – «фарс, імітацыя, тэатр, цырк», і людзі ў Беларусі гэта разумеюць. Такія выбары не могуць быць пераломным момантам, таму дэмакратычныя сілы просяць людзей зусім не браць удзелу ў галасаванні, але быць уцягнутымі ў палітыку іншымі шляхамі: чытаць сапраўдныя навіны, даносіць навіны з Беларусі беларускім медыям у эміграцыі, быць «народнай выведкай».

Hавiны
Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»
2023.11.24 20:31

Кан падкрэсліў, што свабодныя медыі не гарантуюць свабоды для грамадства, але журналістаў у аўтакратыях пераследуюць і забіваюць якраз таму, што тыя робяць унёсак у свабоду ў грамадстве, папярэджваюць людзей пра пагрозы аўтарытарызму. Гасан заўважыла, што дэмакратычныя краіны могуць пабачыць яшчэ раннія знакі наступаў будучых аўтакратаў на правы чалавека (як то атакі на правы жанчын, мігрантаў, уцекачоў, ЛГБТ…) і прыцягваць тых патэнцыйных аўтакратаў да адказнасці перад тым, як яны пяройдуць да свабоды прэсы, судоў, апазіцыі.

Каспэр-Кларыдж спытала ў Ціханоўскую пра прыцягванне ўрадаў да адказнасці і пра тое, якой падтрымкі яна б хацела для Беларусі. Ціханоўская прызнала, што Беларусь цяпер не ў фокусе міжнароднай палітыкі.

«Мы хочам ад палітычнага свету рашучасці, – сказала Ціханоўская. – Мы бачым, як слабасць інстытутаў, нерашучасць палітыкаў ці адсутнасць палітычнай волі ўспрымаецца дыктатарамі як слабасць. Яны адчуваюць беспакаранасць за свае дзеянні. Таму ў першую чаргу яны руйнуюць незалежныя СМІ, каб свет не бачыў, што адбываецца ў іхных краінах».

На думку Ціханоўскай, свет цяпер не ведае, што ў Беларусі штодня 15–20 людзей затрымліваюць за пазіцыю супраць рэжыму Лукашэнкі ці супраць вайны, бо ў Беларусі няма свабоднай журналістыкі – свету немагчыма паказаць карцінкі. А свет часам лічыць, што праблемы няма, калі яна не візуалізаваная.

«Калі я цяпер бачу, што падтрымка беларускіх медыяў змяншаецца, я ў шоку, – заявіла Ціханоўская і спытала: – Як мы можам даставіць вам навіны пра Беларусь, калі мы не маем дастаткова падтрымкі для нашых медыяў?»

Яна казала, што патрабуе большага палітычнага і эканамічнага ціску на рэжым Лукашэнкі, прыцягнення яго да адказнасці за шматлікія злачынствы, расследавання гэтых злачынстваў, падтрымкі еўрапейскага выбару беларусаў, падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці і медыяў.

Hавiны
Ціханоўская абмеркавала з галоўным рабінам Еўропы антысемітызм рэжыму Лукашэнкі
2024.01.16 18:59

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў