На прэзідэнцкіх выбарах у Тайвані перамагае нязручны для Кітаю кандыдат


У Тайвані адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагае кандыдат ад кіроўнай партыі Лай Цындэ (Уільям Лай). Хаця афіцыйныя вынікі выбараў яшчэ не падведзены, апазіцыя прызнала сваю паразу. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Кандыдат у прэзідэнты Тайваню Лай Цындэ (Уільям Лай).
Фота: 賴清德 / Facebook

Віцэ-прэзідэнт Тайваню, кандыдат ад кіроўнай Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі 64-гадовы Лай Цындэ быў фаварытам ад самага пачатку.

Як патлумачыў у інтэрв’ю «Белсату» кітайст з Лейпцыгскага ўніверсітэту Аляксей Чыгадаеў, Лай Цындэ выступае за больш жорсткі курс у дачыненні Кітаю, скарачэнне залежнасці ад Пекіну і збліжэнне з іншымі краінамі. Гэта, на думку палітыка, мусіць застрахаваць Тайвань ад кітайскага ўварвання.

Яго галоўны апанент – кандыдат ад апазіцыйнай партыі Гаміньдан Хоў Юі – наадварот за збліжэнне з мацерыковым Кітаем, развіццё дыялогу і больш шчыльныя эканамічныя сувязі. На думку Хоў Юі, як раз гэта дазволіць пазбегчы вайны.

«Іх (Гаміньдана) галоўная рыторыка: вы выбіраеце паміж вайной і мірам. Калі вы за вайну – галасуйце за дэмакратаў, калі за мір – галасуйце за нас», – тлумачыць Чыгадаеў.

Яшчэ адным кандыдатам на выбарах быў прадстаўнік Партыі народу Тайваня Кэ Вэньчжэ. Ён

цэнтрыст, які выступае «супраць усіх» – то бок супраць пазіцыі і Гаміньдана, і Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі. Вэньчжэ паказвае лепшы вынік, чым чакалася, але не складае сур’ёзнай канкурэнцыі асноўным кандыдатам.

Паводле прамежкавых дадзеных падліку галасоў, Лай набірае 42%, Хоў – 34%. Афіцыйныя вынікі будуць падведзены праз некалькі дзён. Аднак сотні прыхільнікаў Лая ўжо сабраліся ў штаб-кватэры Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі і святкуюць перамогу.

На Тайвані таксама прайшлі выбары ў Заканадаўчы юань (парламент). Паводле папярэдніх дадзеных, тут таксама лідзіруюць прадстаўнікі Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі, аднак іх перавага мінімальная, таму высновы рабіць рана.

Аляксей Чыгадаеў падкрэслівае, што выбары ў Тайвані – сапраўды дэмакратычныя і канкурэнтныя, таму прадказаць вынікі заўсёды складана.

«Лідзіруюць пакуль дэмакраты. Але можа скласціся сітуацыя, калі прэзідэнтам будзе ад Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі, ён будзе дастаткова агрэсіўна настроены ў адносінах да Кітая, але пры гэтым парламент будзе з Гаміньдана і іх саюзнікаў.

Тады, што б ён не заяўляў, грошай яму проста не дадуць – на гэтым усё скончыцца. Ён можа крытыкаваць, ён можа асуджаць, але калі ён прыйдзе ў парламент, каб зацвердзілі бюджэт, яму скажуць: вельмі шкада, але мы гэтае рашэнне не прымаем», – тлумачыць Чыгадаеў.

Як адзначае Бі-Бі-Сі, за выбарамі на Тайвані назірае ўвесь свет, бо Пекін пагражае востраву вайной у выпадку, калі па іх выніках тайванцы захочуць абʼявіць аб фармальнай незалежнасці ад Кітая. Напярэдадні выбараў кітайскія ўзброеныя сілы значна павысілі актыўнасць вакол Тайваня.

Агляд
Дзе бабахне ў 2024 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя новыя войны
2024.01.03 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў