Расейцы ўзмацняюць ціск у Данецкай вобласці. Што вядома?


Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 17 студзеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы, апранутыя ў расейскую форму, удзельнічаюць у супрацьдывэрсійных вучэннях на мяжы з Беларуссю, у Чарнігаўскай вобласці, Украіна. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

«Белсат» падводзіць вынікі 693-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны фіксуецца рэзкае зніжэнне наступальнай актыўнасці Узброеных сілаў РФ: расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што штурм сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне фактычна прыпынены, а невялікая актыўнасць УС РФ захоўваецца толькі з усходу ад населенага пункту Петрапаўлаўка. Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

У гэты ж час павялічылася шчыльнасць атак расейцаў на суседнім ліманскім кірунку. Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі 11 атак праціўніка на так званым торскім выступе каля населеных пунктаў Церны, Ямпалаўка і Торскае, а таксама яшчэ 17 атак каля сёлаў Макееўка, Белагораўка, Грыгораўка, Вясёлае і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Між тым прарасейскія крыніцы фіксуюць поспехі войскаў РФ на асобных участках.

Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» піша, што УС РФ прарвалі абарону ўкраінцаў у некалькіх месцах каля Макееўкі і прасунуліся на глыбіню не меншую за кіламетр.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў заяўляе пра заняцце войскамі РФ новых пазіцыяў на ўсходзе ад Белагораўкі.

Барыс Рожын фіксуе паляпшэнне пазіцыяў на захадзе ад гораду Крэмінная.

Канал «Два майора» адзначае прасоўванне расейцаў у бок Грыгораўкі.

У сваю чаргу ЗСУ контратакавалі каля Ямпалаўкі, Цернаў, Дзібровы і Белагораўкі, але поспеху не дасягнулі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

Па бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру.

У Генштабе ЗСУ фіксуюць дзевяць безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Разам з тым Барыс Рожын гаворыць пра невялікія прасоўванні УС РФ з поўначы ад Клішчыеўкі ў бок Іванаўскага. Таксама фіксуюцца лакальныя поспехі побач з Багданаўкай і на захадзе ад Хромава. Пры гэтым адзначаецца, што каля Багданаўкі расейцы імкнуцца заняць пануючую вышыню.

Украінскі бок контратакуе каля Багданаўкі і Іванаўскага.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Найбольшая колькасць расейскіх атак зафіксаваная на аўдзееўскім кірунку: па інфармацыі ўкраінскага камандавання, на паўночным фланзе сілы абароны краіны адбілі не менш за 20 атак каля Новабахмутаўкі, Стэпавога і Аўдзееўкі, у гэты ж час на паўднёвым фланзе – 15 атак у ваколіцах Первамайскага і Невельскага.

Тэлеграм-канал «Два майора» пацвярджае гэтую інфармацыю: адзначаецца ініцыятыва расейскіх вайскоўцаў, аднак ЗСУ ўдаецца эфектыўна абараняцца на гэтых участках фронту.

У гэты ж час Рожын піша, што войскі  РФ павольна прасоўваюцца ў прыватным сектары на паўночным усходзе Аўдзееўкі – да 200 метраў за дзень. Акрамя гэтага ваенны эксперт паведамляе пра сустрэчныя баі за сяло Стэпавое, большая частка якога знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

На мар’інскім кірунку ўкраінскае камандаванне фіксуе няўдалыя штурмавыя дзеянні праціўніка каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Мар’інка і Новаміхайлаўка – агулам 17 атак за содні.

Як і ў папярэднія дні, самая складаная сітуацыя для ЗСУ адзначаецца ў ваколіцах Новаміхайлаўкі: тут расейцы ціснуць з поўдня ад населенага пункту, імкнучыся абысці з флангу праціўніка. Пакуль сілам абароны ўдаецца ўтрымліваць свае пазіцыі, што шмат у чым з’яўляецца вынікам добрай працы аператараў БпЛА, якія зрываюць штурмавыя дзеянні УС РФ.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

Па словах Барыса Рожына, на поўдні Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ крыху прасунуліся з поўдня ад гораду Вуглядар.

Акрамя гэтага на самым захадзе бярдзянскага кірунку яны дасягнулі невялікага поспеху ў ваколіцах сяла Старамаёрскае.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца ў выступе па лініі фронту з поўдня ад гораду Арэхаў. Тут войскі РФ атакавалі каля сёлаў Работына і Навапрокапаўка, але поспеху не дасягнулі. Пры гэтым агулам на мелітопальскім кірунку фіксуецца зніжэнне актыўнасці праціўнікаў, што ў першую чаргу звязана з пагаршэннем умоваў надвор’я.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў