news
Аналітыка

Шматтысячныя пратэсты ў Башкартастане: антырасейскія лозунгі і заклікі да вайскоўцаў

Большая частка ўдзельнікаў пратэсту – этнічныя башкіры.
17.01.202421:18

У Рэспубліцы Башкартастане, што ў складзе Расеі, апошнія некалькі дзён праходзяць шматтысячныя пратэсты – найбольш масавыя ва ўсёй РФ за апошні час. Іх нагодай стаў прысуд, вынесены мясцоваму актывісту Фаілю Алсынаву, але перадумовы ў пратэсту значна глыбейшыя.

Суд гораду Баймак прысудзіў актывісту Фаілю Алсынаву да чатырох гадоў пазбаўлення волі за «распальванне нянавісці». Баймак, Башкартастан. 17 студзеня 2024 года.
Фота: SOTA / AFP / East News

Суд у башкірскім горадзе Баймак 17 студзеня прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі актывіста Фаіля Алсынава, абвінаваціўшчы яго ва ўзбуджэнні нянавісці. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў жніўні 2023 года пасля скаргі на актывіста кіраўніка рэспублікі Радыя Хабірава.

Актывіста абвінавацілі ва «ўзбуджэнні нянавісці або варожасці і прыніжэнні чалавечай годнасці» з прычыны прамовы супраць незаконнай золатаздабычы ў Заураллі. Тады актывіст заявіў, што ў Башкартастане не застаецца мужчынаў, бо «п’ючыя паміраюць ад пʼянак, жывыя гінуць на вайне», вёскі пусцеюць, застаюцца кар’еры. І калі «армяне зʼедуць на сваю радзіму, «кара халык» [чорныя людзі, або просты народ. – рэд. Belsat.eu] – да сябе, расейцы – у сваю Разань, татары – у свой Татарстан», то башкірам няма куды перасяліцца са сваёй радзімы.

Сутыкненні з паліцыяй і крымінальныя справы

15 студзеня, у дзень, калі павінны былі вынесці прысуд Алсынаву, ля будынку суда сабраліся пратэстоўцы. Telegram-канал «Куштау Байрам» ацэньваў іх колькасць у пяць тысячаў асобаў. Акцыя пратэсту стала адной з найбуйнейшых у Расеі з пачатку вайны. Пратэстоўцы патрабавалі вызвалення Фаіля і адстаўкі кіраўніка рэгіёну Хабірава.

Сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй на адной з акцый, якія ўспыхнулі ў цэнтральнай вобласці Башкартастану пасля таго, як суд прысудзіў мясцоваму актывісту Фаілю Алсынава да чатырох гадоў пазбаўлення волі. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Anya Marchenkova / AFP / East News

Вынясенне прысуду перанеслі на 17 студзеня, затрымаўшы перад тым шэраг актывістаў. Таксама сілавікі распаўсюдзілі паведамленні аб адказнасці за ўдзел у мітынгах. Акрамя таго з 15 студзеня ў тэлеграме зніклі з паўтузіна башкірскіх каналаў, якія асвятлялі пратэсты. А ва «Укантакце» на патрабаванне Генеральнай пракуратуры быў аператыўна заблакаваны 12-тысячны башкірскі паблік «Ирандыкский сабантуй». Федэральныя расейскія медыі акцыю не заўважаюць, піша «НеМосква».

Аднак 17 студзеня ля суда зноў сабраліся людзі. Пры гэтым у нявялікі Баймак яны наўмысна прыязджалі з іншых гарадоў. Нягледзячы на пратэсты суддзя вынесла нават больш суворае рашэнне, чым прасіла абвінавачанне: замест калоніі-пасялення – калонія агульнага рэжыму.

«Усім, хто прыехаў мяне падтрымаць, усім вялікі дзякуй. Я гэтага ніколі не забуду. Я сваю віну не прызнаю. Заўжды змагаўся за справядлівасць, за свой народ, за сваю рэспубліку», – сказаў Алсынаў пасля вынясення прысуду.

Затым пачаліся сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы не давалі праехаць аўтазаку, які вёз Алсынава.  Сілавікі ўжылі слезацечны газ і святлошумавыя гранаты. Выданне «Пруфы» піша, што ў выніку сутыкненняў да медыкаў звярнуліся 40 асобаў, у 8 з іх траўмы, якія характарызуюцца як сурʼёзныя. Заяўляецца, што ёсць пацярпелыя і сярод сілавікоў.

З прычыны пратэстаў паліцыя пачала крымінальныя справы паводле артыкулаў аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, а таксама аб ужыванні гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады. Некалькі дзясяткаў чалавек затрыманыя.

Хто такія Алсынаў і Хабіраў

Фаіль Алсынаў – сустаршыня забароненай у Расеі арганізацыі «Башкорт», якая выступала за суверэнітэт Башкартастану, развіццё башкірскай мовы і культуры. Таксама актывісты рэзка крытыкавалі кіраўніка рэспублікі Радзія Хабірава, бо «ён спрабуе апраўдаць надзеі не народу Башкартастану, а прэзідэнта Пуціна».

У 2020 годзе яны выказалі Хабіраву «вотум недаверу», бо падчас яго кіравання з 2018 года «так і не вырашаная праблема башкірскай мовы, не ўзнятыя пытанні федэралізму і двухбаковых стасункаў паміж РБ і РФ, не вырашаныя праблемы этнічнай злачыннасці». Чальцы «Башкорт» актыўна абаранялі гару Куштау ды іншыя прыродныя помнікі, якія Хабіраў аддаў у распрацоўку Башкірскай содавай кампаніі.

Паліцыя трымае шчыны на пратэстах, якія ўспыхнулі ў цэнтральнай вобласці Башкартастану пасля таго, як суд прысудзіў мясцовага актывіста Фаіля Алсынава да чатырох гадоў пазбаўлення волі. 17 студзеня 2024 года.
Фота: Anya Marchenkova / AFP / East News

Сам Хабіраў з 2022 года знаходзіцца пад санкцыямі Канады, ЗША, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі за падтрыманне вайны ва Украіне.

Маргенштэрн з народам. І не толькі

Тым часам башкірскі актывіст, палітэмігрант Руслан Габасаў абвясціў агульнанацыянальную кампанію «Свабоду Фаілю – свабоду Башкартастану!». Ён заклікаў патрыётаў рэспублікі сыходзяць з дзяржаўнай службы, уключаючы сілавыя структуры, а ўдзельнікаў вайны ва Украіне – «пакінуць СВА і вяртацца дадому».

Апроч таго, на думку Габасава, неабходна па магчымасці не плаціць ці змяншаць падаткі, затрымліваць аплату камунальных плацяжоў, патрабаваць ад дзяржслужачых размаўляць на башкірскай мове ды пачаць байкот небашкірскіх кампаніяў, тавараў і палітыкаў, «пачынаючы з Пуціна і Адзінай Расеі!»

Пакідаць фронт ва Украіне і вяртацца ў Башкартастан заклікалі башкірскіх вайскоўцаў і іншыя актывісты.

«Я заклікаю ўсіх ваяроў Башкірыі пакінуць тэрыторыю Украіны і вярнуцца на сваю Радзіму для абароны сваёй зямлі і свайго народу. Пакуль вы ваюеце за амбіцыі аднаго чалавека ваш народ б’юць дубінкамі АМАП і Расгвардыя. Вяртайцеся на абарону сваёй зямлі», – гаворыцца ў відэазвароце адной з актывістак.

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

Вядомы расейскі рэпер Алішэр Маргенштэрн, які нарадзіўся ў Башкартастане і жыве цяпер у эміграцыі, падчас пратэстаў у Баймаку апублікаваў некалькі сторыз. На першым было фота помніка лідару башкірскага паўстання Салавату Юлаеву ва Уфе. На яшчэ двух музыка пазаваў у нацыянальнай шапцы. Наўпрост пратэсты рэпер аднак не каментаваў.

Да падтрымання башкірскіх пратэстаў заклікаў, сярод іншых, і расейскі блогер ды актывіст Максім Кац. А каманда Аляксея Навальнага назвала героем, кожнага, хто браў у іх удзел.

У адзін шэраг з мяцяжом Яўгенія Прыгожына і выстуленнямі семʼяў мабілізаваных паставіў пратэсты ў Баймаку апазіцыянер Міхаіл Хадаркоўскі:

«Тое, што здавалася Пуціну добрай ідэяй – адправіць на вайну людзей з забытых Богам мястэчкаў і пасёлкаў – зараз павярнулася супраць яго. Мы бачым пратэст сепаратысцкага, нацыяналістычнага характару ўнутры Расеі. Украіна стала блізкім і балючым прыкладам «імперыялістычнага падыходу Масквы». Вось, чаго дабіліся крамлёўскія стратэгі».

Агляд
«Vерните мужа! Я Zадолбалась». У Расеі пратэстуюць жонкі мабілізаваных
2023.12.19 14:37

Да чаго могуць прывесці пратэсты

Расейскі палітолаг Абас Галямаў, які да 2014 года працаваў у адміністрацыі прэзідэнта Башкартастану, у размове з «Вот Так» адзначыў, што ў рэспубліцы адбываецца «пратэст, што называецца, глыбіннага народу».

«Таго самага, які доўгія доўгія гады і дзесяцігоддзі быў апорай пуцінскага рэжыму», – растлумачыў эксперт.

Паводле яго, большая частка ўдзельнікаў пратэсту – этнічныя башкіры. Іх незадаволенасць новым урадам спела доўгі час, набліжаючыся да апагею.

«Пратэст з вельмі моцным этнічным адценнем і з патэнцыялам сепаратызму. На мясцовых форумах і тэлеграм-каналах ужо ідзе дыскусія аб тым, ці разваліцца РФ. Вядома, Башкартастан заўтра не выйдзе са складу Расеі, але патэнцыял такі ў пратэсту ёсць», – сказаў Галямаў.

На думку эксперта, прычына пратэсту не столькі ў актывісце Алсынаве, колькі ў кіраўніку рэспублікі Хабіраве:

«Пакуль мясцовыя жыхары яшчэ просяць Маскву зняць яго, умяшацца. Антыпуцінскіх лозунгаў пакуль няма, але антырасейскія ўжо гучаць».

Каментар
Калі згніе «гэты монстр»? Расейскія сепаратысты – пра будучыню РФ і незалежнасць народаў
2023.04.24 16:24

Макар Мыш belsat.eu