У Беларусі пахваліліся дапамогаю Расеі ў вытворчасці зброі


Прафесар-эканаміст з БДУ Міхаіл Кавалёў заявіў, што Беларусь «дапамагла замясціць Расеі шмат якія санкцыйныя тавары падвойнага прызначэння, у тым ліку оптыку і мікраэлектроніку», якая выкарыстоўваецца пры вытворчасці ўзбраення. Ён адзначыў, што ад гэтай дапамогі нашая краіна атрымала выгоду, піша БелТА.

Маскоўскі машынабудаўнічы завод «Авангард», дзе вырабляюць ракеты для комплексаў С-300 і С-400.
Фота: Іван Ягораў / rg.ru

Міхаіл Кавалёў упэўнены, што Беларусь «паспяхова адаптавалася» да заходніх санкцыяў, якія найперш ударылі па лагістычных ланцужках. Аднак дзякуючы Расеі гэтая праблема была развязаная:

«Пераарыентацыя ўсіх экспартных тавараў на расейскія парты і выкарыстанне расейскай чыгункі дапамагло вырашыць гэтыя праблемы. Наш экспарт у Кітай і іншыя краіны Азіі, а таксама і арабскага Усходу не толькі не зваліўся, але нават вырас. Гэта з боку Расеі была сяброўская дапамога, не прадыктаваная ніякай выгадай, і гэтая дапамога аказалася вельмі істотнай».

Наколькі трывалыя гэтыя новыя лагістычныя схемы, прафесар не ўдакладніў. Ён таксама нічога не сказаў пра небяспеку татальнай залежнасці Беларусі ад суседняй краіны, на што звяртаюць увагу незалежныя эканамісты. Пры гэтым павелічэнне беларускага экспарту ў Расею Кавалёў назваў паслугаю:

«Мы аказалі дзяржаве-хаўрусніку паслугу, замясціўшы ў расейскіх крамах еўрапейскія тавары, што пайшлі з іх рынку. Расейскія пакупнікі фактычна не заўважылі адыходу з іх рынку еўрапейцаў, перайшоўшы на нашу якасную прадукцыю».

Аналітыка
Залежнасць ад Расеі расце – Беларусь усё менш разлічваецца доларамі
2023.11.10 14:01

Кавалёў таксама пахваліўся, што Беларусь дапамагае суседняй краіне ў вытворчасці ўзбраення:

«Беларусь дапамагла замясціць Расеі шмат якія санкцыйныя тавары падвойнага прызначэння, у тым ліку оптыку і мікраэлектроніку. Тут мы істотна дапамаглі Расеі, і з выгадай для сябе».

Зрэшты, Масква і сама дае рады з імпартам кампанентаў, неабходных для свайго абаронна-прамысловага комплексу ва ўмовах санкцыяў. «Белсат» раней пісаў пра рост экспарту такіх тавараў з краінаў-суседзяў Расеі.

Аналітыка
Санкцыі за абыход санкцыяў. ЗША караюць за дапамогу Расеі
2023.07.24 07:15

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў