Залежнасць ад Расеі расце – Беларусь усё менш разлічваецца доларамі


Доля долара ў вонкавых плацяжах Беларусі складае менш за 10 %. На гэтым фоне расце доля расейскага рубля і залежнасць ад праблемаў суседкі.

Фота: Белсат

«Доля долара ЗША ў абслугоўванні плацяжоў за тавары і паслугі, якая складала раней чвэрць, скарацілася да менш як дзесяці адсоткаў і працягвае зніжацца», – распавёў кіраўнік упраўлення фінансавай стабільнасці Нацыянальнага банку Ігар Магілевіч. Паводле яго, доля еўра таксама абрынулася – з 30 % да 15 %.

Яшчэ 10 % у вонкавых беларускіх разліках – гэта юань, 3 % – беларускі рубель. Тады як найбольшая доля прыпадае на расейскі рубель – дзве траціны ўсіх плацяжоў.

Увосень 2021 года кіраўнік галоўнага ўпраўлення аперацыяў на фінансавых рынках Нацбанку Дзяніс Гарагляд распавядаў, што доля долара і еўра ў разліках за беларускі экспарт складала 64 %, а за імпарт – 50 %.

Такія значныя змены — не выпадковасць, а вынік санкцыяў. Паводле звестак пасла Беларусі ў Расеі Дзмітрыя Крутога, з прычыны санкцыяў доля Заходняй Еўропы і Украіны ў беларускім замежным гандлі скарацілася з 40 % да 5 %. Тады як доля Расеі на пачатак 2023 года склала 55 %, хвалілася кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава. Гэта і стала прычынай дэдаларызацыі.

Залежнасць ад краіны, якая ваюе

Дэдаларызацыя і павелічэнне долі расейскага рубля – гэта адаптацыя беларускай эканомікі пад існыя ўмовы, тлумачыць старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Настасся Лузгіна. Праўда, гэта не падстава для радасці – занадта вялікая арыентацыя на Расею цягне негатыўныя наступствы.

«Вядома, рост долі расейскага рубля ў гандлі ўплывае на сітуацыю ў эканоміцы, на валютным рынку. Мы бачым, што пры змене курсу расейскага рубля змяняецца і курс беларускага. То бок гэта не звязана з унутрыэканамічнымі фактарамі, а менавіта з тым, што адбываецца на расейскім валютным рынку».

Яшчэ адзін эфект – на кошты ў Беларусі ўплывае тое, што адбываецца ў Расеі.

«Калі мы імпартуем расейскія тавары, набытыя за расейскія рублі, то падвышэнне коштаў у Расеі будзе ўплываць на падвышэнне коштаў у Беларусі. У адваротны бок працуе адпаведна.

Трэба разумець, што ідзе перабудова эканомікі агулам. Не толькі валютнага рынку, але і вонкавага гандлю, інвестыцыйных магчымасцяў. Усюды асноўны партнёр – Расея. Гэта нядобра, калі ўзмацняецца залежнасць ад адной дзяржавы, эканоміка якой застаецца пад санкцыямі і якая вядзе вайну».

Аналітыка
Колькі выдаткоўвае на вайну Украіна, Захад і Расея
2023.10.27 20:30

У Расеі Кітай канкуруе з Беларуссю

Белстат засакрэціў падрабязныя звесткі пра стан замежнага гандлю, таму там няма інфармацыі пра долю менавіта Расеі ў экспарце і імпарце. Аднак з той мізэрнай інфармацыі, якой дзеліцца Белстат, відаць, што доля краін СНД, куды ўваходзіць Расея, істотна вышэйшая. Паводле апошняй інфармацыі за студзень – верасень 2023 года доля краінаў СНД у вонкавым гандлі таварамі перавышае 60 %. Планы ўладаў збалансаваць замежны гандаль у прапорцыі 30:30:30 (Еўропа, Расея, астатні свет) і сысці з-пад залежнасці ад Расеі даўно забытыя.

Што датычыць вонкавага гандлю таварамі, то ў студзені – верасні Беларусь экспартавала іх амаль на $ 29,5 млрд. Гэта на 7,8 % больш, чым у студзені – верасні 2022 года. Імпарт расце нашмат хутчэй. Ён склаў $ 31,6 млрд і павялічыўся на 18,6 % у параўнанні з тым жа перыядам 2022 года.

Сальда склалася адмоўнае -$ 2,12 млрд. У студзені – верасні 2022 года яно было станоўчым – $ 0,68 млрд.

«Летась сальда агулам і што да гандлю таварамі ды паслугамі было станоўчым. Гэта было звязана з тым, што зніжаўся і экспарт, і імпарт, але экспарт зніжаўся павольней. Нельга сказаць, што летась была добрая сітуацыя ў вонкавым гандлі Беларусі. А сёлета адбываецца аднаўленне. Датычна шэрагу пазіцыяў імпарт расце хутчэй, чым экспарт», – патлумачыла Настасся Лузгіна.

Статыстыка зафіксавала фенаменальны рост імпарту тавараў з краінаў па-за СНД, які прыкметна перавышае тэмпы росту экспарту. Так, экспарт у краіны СНД у студзені – верасні 2023 года вырас на 11,1 % і склаў $ 20,2 млрд, а па-за СНД – на 1,3 % да адпаведнага перыяду 2022 года (туды прададзена тавараў амаль на $ 9,3 млрд).

Тады як імпарт за кошт партнёраў па-за СНД вырас на 50,2 % да студзеня – верасня 2022 года і дасягнуў $ 14,3 млрд. Імпарт з краінаў СНД павялічыўся толькі на 0,9 %. Але ён усё яшчэ большы, чым закупы па-за СНД – $ 17,1 млрд.

Нягледзячы на цяперашняе аднаўленне, сітуацыя з беларускім замежным гандлем няўстойлівая.

«Беларускі вонкавы гандаль сутыкаецца і будзе сутыкацца з шэрагам выклікаў. Гэта і страта традыцыйных рынкаў, страчаны цалкам украінскі рынак. І другі момант – гэта ўзмацненне залежнасці ад гандлю з Расеяй. Атрымліваецца, што ад таго, як будзе сябе адчуваць расейская эканоміка, будзе залежаць, наколькі добра будуць пастаўляцца на расейскі рынак беларускія тавары. Плюс акрамя Беларусі на расейскі рынак прэтэндуюць і іншыя краіны. Той жа Кітай канкуруе з Беларуссю», – падсумавала Настасся Лузгіна.

Аналітыка
Расея кінулася ратаваць свой рубель, а разам – і беларускі. Ці ўдасца?
2023.10.17 17:37

Арсэн Рудэнка, ВК / Авер belsat.eu

Стужка навінаў