Дзівосы нямецкага экспарту, або Як Расея абыходзіць санкцыі з дапамогаю суседзяў


Федэральная статыстычная ўправа Нямеччыны паведаміла пра выбухны рост экспарту ў суседнія з Расеяй краіны пасля пачатку вайны ва Украіне. Найперш павялічыліся пастаўкі аўтамабіляў і запчастак. Выглядае, што беларусы, казахі, кіргізы і ўзбекі рэзка палюбілі нямецкія машыны, аднак, хутчэй за ўсё, гэта банальны рээкспарт у Расею.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кыргызстан адкрыў для сябе якасць нямецкіх тавараў: экспарт туды ўзляцеў у 15 разоў.
Фота: chandlervid85 / Freepik

У краіны СНД, акрамя Расеі, у студзені – красавіку сёлета Нямеччына экспартавала тавараў на 2,9 мільярда еўраў. Гэта ўдвая болей, чымся ў студзені – красавіку даваеннага, 2021 года, адзначае Федэральная статыстычная ўправа краіны.

Найбуйнейшы сярод дзяржаваў СНД пакупнік цяпер – Казахстан. За чатыры месяцы года туды экспартавалі тавараў на 1,1 мільярда еўраў. Гэта амаль утрая больш, чымся ў 2021-м, калі было 400 мільёнаў еўраў.

Таксама значны рост нямецкага экспарту адбыўся ў Беларусь: у студзені – красавіку – 617 мільёнаў еўраў, плюс 40 % у параўнанні з даваенным годам. Ва Узбекістан паставілі тавараў на 315 мільёнаў еўраў, рост – 79 %. Аднак сапраўдны росквіт нямецкі экспарт зазнаў у Кыргызстане: з 15 мільёнаў еўраў у 2021 годзе да 230 мільёнаў еўраў цяпер – павелічэнне ў 15 разоў.

Найважнейшы экспартны тавар Нямеччыны ў краіны – суседкі Расеі – аўтамабілі і аўтазапчасткі. Іх паставілі на 865 мільёнаў еўраў. У студзені – красавіку 2021 года было 167 мільёнаў еўраў, у 5 разоў меней.

Акрамя таго, павялічыўся экспарт у СНД станкоў і абсталявання (рост на 50 % да 597 мільёнаў еўраў) ды хімічнай прадукцыі (да 282 мільёнаў еўраў, рост амаль удвая).

Што датычыць экспарту ФРГ у Расею, то ў студзені – красавіку сёлета ён абрынуўся амаль у 2,5 разу ў параўнанні з першымі чатырма месяцамі 2021 года: было 8,4 мільярда еўраў, стала 3,5 мільярда еўраў.

Самае вялікае падзенне экспарту ў Расею адбылося акурат у тых артыкулах, што выраслі ў суседніх з ёю краінах: аўтатранспарт (мінус 1,4 мільярда еўраў, або 88 %) і станкі ды абсталяванне (мінус 1,3 мільярда еўраў, або 68 %).

У статыстычным ведамстве Нямеччыны адзначаюць, што звесткі пра экспарт грунтуюцца на падставе мытных дэкларацыяў, дзе пазначаныя краіны прызначэння. Застаюцца гэтыя тавары там ці іх вязуць куды-небудзь яшчэ, невядома.

Hавiны
Еўразвяз прыняў 11-ы пакет санкцыяў супраць Расеі
2023.06.23 12:48

«З наяўных звестак вонкавага гандлю няясна, у якой ступені тавар, што экспартуецца з Нямеччыны ў краіны СНД, мог быць рээкспартаваны ў Расею ў абыход санкцыяў», – гаворыцца ў паведамленні ўправы.

Аднак як яшчэ можна растлумачыць анамальны рост паставак нямецкіх тавараў у краіны СНД, акрамя як рээкспартам у Расею? Пагатоў у самой Расеі хваляцца, што ЕЗ не здолее цалкам заблакаваць экспарту праз трэція краіны.

Экспарт Нямеччыны ў Беларусь: нібыта няма санкцыяў, рэпрэсіяў і вайны

Агульны экспарт Нямеччыны ў Беларусь выглядае так, нібыта нічога ў нашай краіне не адбываецца. Хіба што ў леташнім красавіку, у пачатку расейскага ўварвання, відаць прасяданне.

У 2020 годзе Беларусь купіла нямецкіх тавараў на 1,38 мільярда еўраў, у 2021-м – на 1,502 мільярда, у 2022-м – на 1,465 мільярда.

Калі глядзець на экспарт толькі за студзень – красавік апошніх гадоў, то сёлета – найбуйнейшая лічба: амаль 620 мільёнаў еўраў. Прычым каля паловы ўсяго нямецкага экспарту ў Беларусь сёлета – менавіта транспарт.

З пачатку вайны вырас экспарт у Беларусь аўтаў і запчастак з Нямеччыны. Прычым, паводле падрабязнай статыстыкі, найболей у нашую краіну вязуць машынаў з прабегам. Сёлета за чатыры месяцы – на 246,6 мільёна еўраў. Для параўнання: новых аўтаў – на 39 мільёнаў еўраў.

Летась ужыванага транспарту экспартавалі з Нямеччыны ў Беларусь на 519 мільёнаў еўраў, а новага – на 75 мільёнаў еўраў.

Пры гэтым, напрыклад, у Казахстане структура імпарту аўтатранспарту з Нямеччыны адрозніваецца. За чатыры месяцы сёлета туды паставілі новых машынаў на 93 мільёны еўраў, а з прабегам – на 80 мільёнаў еўраў. Асобны і значны радок нямецкага экспарту ў катэгорыі «Транспарт» – колавыя трактары, іх паставілі ў Казахстан на 28 мільёнаў еўраў.

Ва Узбекістан, як і ў Беларусь, экспартуюць болей ужыванага транспарту (сёлета на 63 мільёны еўраў), хаця новага таксама багата (на 44 мільёны еўраў).

Сярод экспарту ў Беларусь іншых нямецкіх тавараў заўважны рост паставак гаруча-змазачных матэрыялаў. Найбольш пастаўляецца ў нашую краіну маторнай алівы, а таксама іншых змазачных алеяў.

Што з нямецкага экспарту рээкспартуецца ў Расею, а што застаецца ў Беларусі, невядома: Белстат і расейская Федэральная служба дзяржаўнай статыстыкі хаваюць інфармацыю пра вонкавы гандаль.

Аналітыка
Выратаваў калій. Аднаўленне экспарту ўгнаенняў дапамагло вонкаваму гандлю Беларусі не сысці ў мінус
2023.06.20 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў