Еўразвяз прыняў 11-ы пакет санкцыяў супраць Расеі


Рада ЕЗ 23 чэрвеня прыняла 11-ы пакет эканамічных і індывідуальных санкцыяў супраць Расеі. Яны накіраваныя на ўзмацненне існых санкцыяў Еўразвязу і барацьбу з іх абыходам, «каб яшчэ больш падарваць ваенную машыну Пуціна і ягоныя даходы», сказана на сайце Рады ЕЗ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

«Нашыя санкцыі ўжо наносяць цяжкі ўрон расейскай эканоміцы і здольнасці Крамля фінансаваць сваю агрэсію. Сённяшні пакет узмацняе наш ціск на Расею і пуцінскую ваенную машыну. Змагаючыся з абыходам санкцыяў, мы ўзмоцнім ціск на Расею, яшчэ больш пазбавіўшы яе рэсурсаў, у якіх яна так адчайна мае патрэбу, каб мець магчымасць весці незаконную вайну супраць Украіны», – сказаў Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі.

Рада ЕЗ назвала тры асноўныя захады ў ліку ўведзеных санкцыяў:

  • умацаванне супрацоўніцтва з трэцімі краінамі для перадухілення абыходу санкцыяў;
  • забарона транзіту праз Расею тавараў і тэхналогіяў, якія могуць спрыяць ваенна-тэхнічнаму ўдасканаленню РФ ці развіццю абароннага сектару;
  • узмацненне жорсткасці экспартавых абмежаванняў.

У спіс арганізацыяў, якія наўпрост падтрымліваюць ваенна-прамысловы комплекс Расеі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны, дадалі яшчэ 87 найменняў. Туды ўваходзяць чатыры іранскія прадпрыемствы, якія вырабляюць дроны і перадаюць іх Расеі, іншыя суб’екты трэціх краінаў, якія ўдзельнічаюць у абыходзе гандлёвых абмежаванняў, і некаторыя расейскія арганізацыі, якія займаюцца распрацоўваннем, вырабам і продажам электронных кампанентаў для ваенна-прамысловага комплексу РФ.

Таксама спыняецца дзеянне ліцэнзіяў на вяшчанне яшчэ пяці сродкаў масавай інфармацыі: балканскай рэдакцыі «Russia Today», каналу «Царьград», «Катезон», «Oriental Review», «New Eastern Outlook». Гэтыя медыі пастаянна наўпрост або ўскосна кантралююцца кіраўніцтвам Расеі і выкарыстоўваюцца для прапагандысцкіх дзеянняў, накіраваных супраць грамадзянскай супольнасці ў ЕЗ і суседніх краінах, сур’ёзна скажаючы факты і маніпулюючы імі.

«Часовае адтэрмінаванне, выдадзенае Нямеччыне і Польшчы ў дачыненні імпарту сырой нафты з Расеі па паўночным участку нафтаправоду «Дружба», спыняецца. Аднак нафта, якая паходзіць з Казахстану ці іншай трэцяй краіны, зможа працягваць транзіт праз Расею і імпартавацца ў ЕЗ праз нафтаправод «Дружба», – паведамляе Рада ЕЗ.

Падоўжаная забарона на транспартаванне грузаў у Еўразвяз аўтамабільным транспартам (прычэпамі і паўпрычэпамі), зарэгістраваным у Расеі.

Акрамя эканамічных санкцыяў, 11-ы пакет закране значную колькасць фізічных і юрыдычных асобаў.

Hавiны
Паслы краінаў ЕЗ узгаднілі 11-ы пакет санкцый супраць Расеі
2023.06.21 19:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў