«Поўдзень супраць Пуціна» і апошні дзень галасавання ў Расеі. Спецыяльны эфір «Вот Так»


У Расеі 17 сакавіка – трэці і апошні дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Праціўнікі Уладзіміра Пуціна і развязанай ім вайны ва Украіне прыйшлі на акцыю «Поўдзень супраць Пуціна». Як гэтая акцыя прайшла, паказаў у спецыяльным эфіры «Вот Так».

Па дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі яўка па ўчастках і на дыстанцыйным электронным галасаванні на раніцу 17 сакавіка склала 61,37%, пры гэтым сярод уключаных у спісы дыстанцыйнага электроннага галасавання яўка дасягнула аж 91,25%. Лідар па яўцы – Чачэнская рэспубліка, дзе, па афіцыйных дадзеных, яўка ўжо перавысіла 90% за два з трох дзён галасавання. Звыш 80% яўкі за два дні – таксама ў Туве, на Кузбасе, у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, у Паўночнай Асеціі, у акупаванай Данецкай вобласці Украіны.

Акцыя «Поўдзень супраць Пуціна» – ідэя нябожчыка Аляксея Навальнага. Ён бачыў акцыю як камбінацыю пратэсту рознымі спосабамі: праз пратэстнае галасаванне, агітацыю дзеяннем, фізічную прысутнасць і салідарнасць з тымі, хто будзе ў гэты ж час на выбарчым участку. Прыхільнікі Навальнага лічаць, што называць гэтую электаральную кампанію словам «выбары» нельга: галасаванне праходзіць ва ўмовах рэпрэсій і вайны (у тым ліку на акупаваных тэрыторыях), адзначаюцца выпадкі прымусу да галасавання, чакаюцца фальсіфікацыі і «намаляваныя» 80% галасоў за Уладзіміра Пуціна.

Сапраўды апазіцыйных кандыдатаў у бюлетэнях няма: апазіцыйны палітык Барыс Надзеждзін сабраў неабходны мінімум подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты, але не быў зарэгістраваны нібыта праз несапраўдныя подпісы. Шэраг праціўнікаў Пуціна, у тым ліку папулярны блогер Максім Кац, заклікаюць галасаваць за хай і не апазіцыйнага, але «найменш непрыемнага» 40-гадовага сябра партыі «Новыя людзі» Уладзіслава Даванкова. Ідэю падзяляе не ўся апазіцыя, ёсць таксама заклікі да псавання бюлетэняў і заклікі галасаваць за каго заўгодна акрамя Пуціна.

Па расейскіх медыях і сацсетках разляцелася відэа, на якім узброены чалавек у вайсковай форме і ў балаклаве зазірае ў кабінкі для галасавання, а голас за кадрам кажа: «Глядзі, што адбываецца, і так увесь дзень». Дзяржаўныя расейскія выданні сцвярджаюць. што відэа фальшывае.

У многіх гарадах Расеі, у тым ліку ў Маскве, выстраіліся чэргі да ўчасткаў для галасавання. Паліцыя не нападае на людзей у чэргах. Таксама чэргі выстройваюцца да ўчасткаў за мяжой – куды большыя, чым у Расеі.

Карэспандэнт «Вот Так» назіраў за чаргой у Екацярынбургу на ўчастку № 1387: яшчэ ў 12:00 па мясцовым часе чаргі не было, аднак літаральна за 15 хвілін прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. З участка выйшаў нейкі мужчына, які сфатаграфаваў чаргу, а затым зайшоў назад. Таксама чаргу сфатаграфавала чалец УВК у брэндаваным шаліку. Пазней да будынку прыехала машына МУС з мігалкамі і сірэнай. Паліцыянты з дубінкамі забеглі на ўчастак. Што адбылося на ўчастку, невядома.

Полицейские с дубинками приехали на избирательный участок в Екатеринбурге
Паліцэйскія з дубінкамі прыехалі на выбарчы ўчастак у Екацярынбургу, Расея. 16 сакавіка 2024 года.
Фота: Vot-tak.tv

Сустаршыня расейскага руху «Голос» Станіслаў Андрэйчук раней распавёў, што назіральнікам ад грамадскіх палат у рэгіёнах на навучанні раздаюць памяткі пра тое, як адрозніць удзельнікаў акцыі «Поўдзень супраць Пуціна». Іх прапануюць «апазнаваць» па наяўнасці атрыбутыкі штабоў Навальнага, бела-сіне-белым сцягам або сцягам Украіны, пацыфісцкім сімвалам, а таксама па «нервовых паводзінах пры бачанні супрацоўнікаў паліцыі».

Пракуратура Масквы назвала адначасовае прыбыццё да выбарчых участкаў «няўзгодненых масавым публічным мерапрыемствам» і «крымінальным злачынствам» – нібыта так грамадзяне могуць перашкодзіць свабоднаму ажыццяўленню грамадзянамі сваіх выбарчых правоў і працы выбарчых камісіяў.

Очередь на участок No 2168 в Москве в 12:15
Чарга на ўчастак No 2168 у Маскве ў 12:15. Расія. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: глядач «Белсату»

Па дадзеных «ОВД-Инфо», па стане на 15:00 па маскоўскім часе па ўсёй Расеі за ўдзел у акцыі «Поўдзень супраць Пуціна» затрымалі больш за 65 чалавек: 26 у Казані, 14 у Маскве, 6 у Санкт-Пецярбургу і гэтак далей. Каля 20 затрыманых у Казані адпусцілі, не давозячы да аддзелу паліцыі.

Назіральнікаў на выбарах адхіляюць праз суды і вязуць у паліцыю за размовы пра вайну, распавядае «ОВД-Инфо». Раніцай 17 сакавіка чальца ОВД з правам вырашальнага голасу ў Маскве павезлі ў ОВД за футболку з надпісам «Навальный». Ва Уфе затрымалі выбарніка за спробу кінуць у скрыню фота Навальнага.

У Санкт-Пецярбургу затрымалі карэспандэнта выдання «Фонтанка», які нібыта «лаяўся матам і чапляўся да навакольных» на ўчастку. На Пхукеце ў Тайландзе затрымалі расяяніна, які прыйшоў на «Поўдзень супраць Пуціна» з плакатам «Мы не праплачаныя. Мы галасуем супраць цябе бясплатна».

У Казані 17 сакавіка перад акцыяй «Поўдзень супраць Пуціна» затрымалі некалькіх актывістаў, на адну праваабаронцу склалі пратакол за «Арганізацыю няўзгодненага мерапрыемства». Там жа затрымалі як мінімум аднаго чалавека, які прыйшоў галасаваць апоўдні. Таксама ў Казані людзей не пускалі на ўчасткі апоўдні, прапаноўвалі прыходзіць пазней.

Сярод затрыманых у Маскве жанчына, якая напісала ў бюлетэні «Нет войне», мужчына ў майцы з надпісам «Пути творчества» (у якой можна прачытаць «Путин вор») і жанчына, якую ідэнтыфікавалі па камерах назірання падчас ускладання кветак да мемарыяла рэпрэсаваным у лютым.

Былі таксама затрыманні за падпалы або псаванне кабінак і скрыняў. За першыя два дні галасавання такіх выпадкаў зафіксавалі як мінімум 29 у 20 рэгіёнах Расеі. «Новая газета Европа» налічыла ўжо 15 крымінальных справаў паводле артыкула аб «перашкодзе працы выбарчых камісіяў».

Невядомыя «замініравалі» па тэлефоне Генеральнае консульства Расеі ў Брэсце, дзе ішло галасаванне. Бомбу не знайшлі, галасаванне неўзабаве працягнулася. У Кішынёве мужчына кінуў падпалены прадмет у пасольства Расеі. Пацярпелых не было, выбарчы ўчастак неўзабаве працягнуў працу.

Чарга да амбасады Расеі, дзе ідзе галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах. Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Vot-tak.tv

Прэс-сакратар праекта «ОВД-Инфо» Дзмітрый Анісімаў распавёў у эфіры «Вот Так», што затрыманні былі за заклікі ўдзелу ў акцыі пратэсту і за надпісы на бюлетэнях. Дакладная колькасць затрыманых невядомая, але менавіта акцыя «Поўдзень супраць Пуціна» праходзіць у асноўным спакойна. Анісімаў падкрэслівае, што з бюлетэнямі можна рабіць што заўгодна, а абмежаванняў па часе знаходжання ў кабінках для галасавання няма, але незаконнымі могуць назваць канкрэтныя надпісы накшталт абразы кандыдатаў ці «дыскрэдытацыі войска». А патрабаванні галасаваць незаконныя.

Расейскі палітолаг Дзяніс Левен у эфіры «Вот Так» адзначае, што галасаванне ўжо ідзе не так, як хацеў бы Крэмль. За два дні галасавання былі зафіксаваныя масавы згон бюджэтнікаў на галасаванне, мноства актаў супраціву, на трэці дзень сапраўды прыкметныя чэргі апоўдні. З улікам таго, што на адным участку зарэгістравана каля 3-4 тысяч чалавек, а выбары расцягнулі на тры дні, чэргі з хаця б некалькіх дзясяткаў чалавек перад участкам – незвычайная і прыкметная з’ява. Акцыі за мяжой палітолаг лічыць важнымі для дэманстрацыі замежнікам таго, што не ўсе расейцы падтрымліваюць Пуціна і вайну.

«Рэальны працэнт мы, натуральна, ніколі не даведаемся – будзе такі працэнт, які трэба, – лічыць Левен. – Але я думаю, што ўлада ўжо ведае, якая ў яе рэальная падтрымка ў краіне. Яна наўрад ці перавышае 30% актыўнай падтрымкі вайны і Пуціна. Гэта ўжо меншасць. Яны цяпер спрабуюць зрабіць з гэтай меншасці большасць».

Увечары 16 сакавіка Пуцін тэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Пра што яны размаўлялі і ці абмяркоўвалі досвед Лукашэнкі на выбарах-2020, невядома.

Расейскі апазіцыйны палітык Дзмітрый Гудкоў у эфіры «Вот Так» распавёў, што вялізныя чэргі на ўчасткі за межамі Расеі «псуюць карцінку» выбараў: судзіць будуць не паводле афіцыйных лічбаў ЦВК, а паводле таго, хто атрымае «прыз глядацкіх сімпатый». Па выніках выбараў ён спадзяецца на паступовы раскол элітаў і разуменне таго, што «Пуцін – гэта адсутнасць будучыні», яшчэ шэсць гадоў яго не варта трываць. Калі выбары пройдуць неспакойна, а ў легітымнасці Пуціна з’явяцца сумневы, будзе больш складана праводзіць тую ж новую хвалю мабілізацыі, спадзяецца Гудкоў. Гудкоў. Таксама ён чакае, што хоць бы частка іншых краін не прызнае вынікі выбараў.

За месяц да выбараў быў забіты Навальны. Расейская актрыса Яна Траянава ў эфіры «Вот Так» распавядае, што гэта вывела шмат людзей з «комы» і апатыі апошніх гадоў – з’явілася адчуванне, што людзі «стаміліся баяцца» і захацелі нешта рабіць. Яна заклікае гаварыць з людзьмі ў чэргах на ўчасткі, «проста пабыць разам», перастаць быць «нецярпімымі цярпіламі» (лаяцца паміж сабой і прымаць уладу Пуціна), працягваць пасля выбараў рабіць хоць нешта супраць Пуціна.

Кіраўніца ЦВК Расеі Эла Памфілава раней называла «падонкамі» і «здраднікамі» тых, хто падпальваў або заліваў фарбамі скрыні для галасавання. Прэзідэнт Фонду «Ostmost» Наталля Шаўшукова ў эфіры «Вот Так» тлумачыць, што такія заявы, як і затрыманні за надпісы на бюлетэнях, гэта «праява спалоху»: мінулыя выбары ў Расеі праходзілі спакайней, хоць цяпер у расейцаў няма магчымасці адкрыта выходзіць на акцыі пратэсту. Цяпер акцыя «Поўдзень супраць Пуціна«, на яе думку, »дайшла да адрасата«. Але Пуціну важна паказаць, што »ўсё пад кантролем«, таму ён не каментуе нават гібель дзяўчыны ў Белгарадзе ў выніку траплення снарада ў прыватны дом.

Ад акцыі »Поўдзень супраць Пуціна« маглі быць завышаныя чаканні, хоць сам фармат не прадугледжваў велізарных натоўпаў, адзначае ў эфіры «Вот Так» расейскі публіцыст і сацыёлаг Ігар Эйдман. Ён мяркуе, што на наступны дзень пасля выбараў праціўнікаў Пуціна чакае расчараванне. Пратэстаў накшталт тых, што былі ў Беларусі ў 2020 годзе, ён не чакае: у Беларусі было відавочна, што Лукашэнка прайграў выбары, у Расеі ж пройгрыш Пуціна не відавочны – няма адчування, якое вывела б людзей на масавыя пратэсты. Ды і »вегетарыянскімі« акцыямі не зрынуць рэжым, які вядзе захопніцкую вайну, упэўнены Эйдман.

Супрацоўнік каманды Навальнага Дзмітрый Нізоўцаў выйшаў у эфір «Вот Так», стоячы ў велізарнай чарзе на ўчастак у Вільні. Ён распавёў, што «пачуццё локця» дае шмат: ён убачыў, што «нас больш, чым іх». Ён не пагадзіўся з Эйдманам: нават дзясяткі чалавек у чэргах у Расеі – гэта ўжо нядрэнна. Ён адзначыў, што раней расейскія ўлады зганялі людзей на галасаванне, зараз жа зганяюць галасаваць дыстанцыйна. Улады, лічыць ён, «бегаюць і тузаюцца, вымушаныя нешта прыдумляць» нават пасля таго, як пасадзілі або забілі галоўных апазіцыянераў, таму акцыя не пазбаўленая сэнсу. Нервовасць, мяркуе ён, загубіць расейскія ўлады, яны «самі націснуць на спускавы кручок».

Очередь перед избирательной комиссией в Мурино
Чарга перад выбарчай камісіяй у Мурына, Ленінградская вобласць, Расея. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Vot-tak.tv

У дзяржаўнага выдання «РИА Новости» адбыўся казус. Назіральнік з Батсваны хацеў пахваліць арганізацыю галасавання ў Херсонскай вобласці Украіны, але прагаварыўся: «Нават забываеш, што тут акупацыя».

Украінскі палітолаг Алег Саакян у эфіры «Вот Так» распавядае, што выбары на акупаваных тэрыторыях павінен асудзіць увесь свет. Большая частка дзяржаваў, лічыць ён, цяпер не гатовая не прызнаць выбары ў Расеі, але некаторыя краіны могуць іх не прызнаць як раз з-за галасавання на акупаваных тэрыторыях. Але ідэю «Поўдня супраць Пуціна» ён крытыкуе: расейскім уладам важная яўка, а не напісанае ў бюлетэнях, таму заклікі прыходзіць на ўчасткі ён лічыць «падыгрываннем» Крамлю.

Саакян таксама ўспамінае рэпартаж расейскіх прапагандыстаў з «узорна-паказальнага» ўчастка ў акупаваным і амаль цалкам разбураным Марыупалі: там галасаваць прыйшло толькі пару чалавек, ды і калі да акупацыі ў Марыупалі было каля 120 выбарчых участкаў, а цяпер адкрылася толькі некалькі. Але Крамлю важна «падагнаць карцінку», каб выслужыцца перад Пуціным, якому распавядаюць пра 4,5 млн выбаршчыкаў на акупаваных тэрыторыях – а столькі выбаршчыкаў там было да вайны і акупацыі.

Кіраўнік расейскага руху «Гражданин. Армия. Права» Сяргей Крывенка ў эфіры «Вот Так» распавёў, што пасля выбараў ёсць падставы чакаць новай хвалі мабілізацыі, паколькі вярбоўка на службу па кантракце правалілася яшчэ ў 2022 годзе, а ўказ аб мабілізацыі цяпер дазваляе заклікаць практычна любую колькасць ваеннаабавязаных. Паказчыкам настрою адносна мабілізацыі ён лічыць ледзь не экспанентны рост колькасці крымінальных справаў за самавольны сыход з ваеннай часткі: на канец 2023 года было не менш за 5 тысяч такіх справаў. Да таго ж, Крамлю даводзіцца заклікаць на службу мігрантаў і зняволеных, нагадвае ён.

Дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Пятрас Аўштравічус адзначыў у эфіры «Вот Так», што не бачыць альтэрнатываў непрызнанню выбараў у Расеі, якія называе «спектаклем». Не толькі галасаванне на акупаваных тэрыторыях, але і галасаванне ў самой Расеі выклікае то ўсмешку, то страх, кажа ён. Пуціна, мяркуе Аўштравічус, вельмі хвалюе рэакцыя Захаду, а адсутнасць рэзкай рэакцыі Захаду будзе «небяспечнай памылкай» і «віншаваннем Пуціна». Асцярогі наконт таго, што пасля непрызнання выбараў будзе складана мець стасункі з Пуціным, ён лічыць марнымі: «Гэта праблема не для нас, гэта праблема Расеі».

Былы сустаршыня расейскага руху «Голос» Раман Удот у эфіры «Вот Так» адзначыў, што падпалы выбарчых участкаў азначаюць, што рэпутацыя ўчасткаў ўпала да ўзроўню ваенкаматаў, «апірышчаў карупцыі». Парушэнні на выбарах жа не былі беспрэцэдэнтнымі: як і раней, на выбарах фіксавалі фальсіфікацыю яўкі, прымус да галасавання, а таксама немагчымасць кантролю за тым, што адбываецца на ўчастках у дзве ночы паміж трыма днямі галасавання. Да гэтага цяпер дадалася поўная адсутнасць магчымасці кантролю за электронным дыстанцыйным галасаваннем.

Расейскі апазіцыйны палітык Уладзімір Мілаў у эфіры «Вот Так» падвёў вынікі акцыі «Поўдзень супраць Пуціна». Ён распавёў, што ўражанні ў яго добрыя: было відаць, што людзі адгукнуліся на заклік апазіцыі і прыйшлі на ўчасткі апоўдні, што моцна кантраставала з папярэднімі днямі галасавання, на якія прыйшло няшмат людзей. Самі расейцы распавядалі яму, што былі радыя ўбачыць мноства аднадумцаў – гэта Мілаў і лічыць галоўным вынікам. Ён таксама лічыць перабольшанымі размовы пра рознагалоссі ў расейскай апазіцыі: большасць сіл усё ж падтрымала акцыю «Поўдзень супраць Пуціна».

Hавiны
Аляксандр ІІ і Сталін на ўчастках, псаванне бюлетэняў зялёнкай: другі дзень прэзідэнцкіх выбараў у Расеі
2024.03.16 16:49
Разбор
71-гадовы самавылучэнец ідзе на пяты тэрмін. Што адбываецца ў Расеі 15–17 сакавіка
2024.03.15 07:00

Алесь Наваборскі / ІР belsat.eu

Стужка навінаў