«Апоўдні супраць Пуціна». Навальны кліча расейцаў выказаць пратэст адначасовым прыходам на ўчасткі


Палітзняволены лідар расейскай апазіцыі Аляксей Навальны, якога трымаюць за кратамі са студзеня 2021 года, падтрымаў стратэгію «Апоўдні супраць Пуціна», якая мяркуе, што супернікі перавыбрання Уладзіміра Пуціна на пяты прэзідэнцкі тэрмін адначасова прыйдуць на выбары 17 сакавіка ў 12 гадзін дня.

Кадр Аляксея Навальнага з дакументальнага фільму.
Фота: CNN Films

«Гэта будзе сапраўдная агульнарасейская акцыя пратэсту, якая пройдзе не проста ў кожным горадзе, а ў кожным раёне кожнага гораду. Палітычнае дзеянне ў рэальным свеце, а не ў інтэрнэце», – гаворыцца ў тэлеграм-канале Аляксея Навальнага.

Палітык падкрэсліў, што стратэгія «Апоўдні супраць Пуціна» спалучае ў сабе пратэснае галасаванне, агітацыю дзеяннем, фізічную прысутнасць і салідарнасць з тымі, хто будзе ў гэты ж час на выбарчым участку. Пры гэтым ён назваў акцыю «цалкам легальнай і бяспечнай». Перашкаджаць ёй «зусім немагчыма», дадаў Навальны.

Нагадаем, Савет Федэрацыі прызначыў чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Расеі на 17 сакавіка 2024 года. У дзень абвяшчэння даты выбараў паплечнікі Навальнага апублікавалі загадзя падрыхтаваную заяву палітыка, у якой ён заклікаў выкарыстаць прэзідэнцкую кампанію для агітацыі супраць Уладзіміра Пуціна. Палітзняволены палітык канстатаваў, што расейцаў чакае «пародыя на выбарчую працэдуру», аднак, на ягоную думку, трэба зрабіць усё, «каб 17 сакавіка нікога не цікавіў падроблены вынік, але ўся Расея бачыла і зразумела: воля большасці ў тым, што Пуцін мусіць сысці». Адразу пасля гэтага сувязь з Навальным знікла.

На сёння Цэнтрвыбаркам РФ зарэгістраваў ужо чатырох кандыдатаў на прэзідэнта: дзейнага кіраўніка дзяржавы Уладзіміра Пуціна, а таксама прадстаўнікоў трох парламенцкіх партыяў – Мікалая Харытонова ад Камуністычнай партыі, Уладзіслава Даванкова з «Новых людей» і Леаніда Слуцкага з Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Расейскі апазіцыйны палітык Барыс Надзеждзін сабраў неабходны мінімум подпісаў для вылучэння кандыдатам на прэзідэнта, і днямі іх перададуць у Цэнтрвыбаркам. Каб падтрымаць палітыка, грамадзяне стаялі ў вялікіх чэргах, шмат якія сілы заклікаюць за яго галасаваць, што дае падставы лічыць Надзеждзіна адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Вельмі падобна да таго, як было ў Беларусі ў 2020 годзе: «падпісная рэвалюцыя» і Святлана Ціханоўская як адзіная прыдатная альтэрнатыва.

Аляксей Навальны знаходзіцца ў ВК-3 у пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расеі, куды яго перавялі з ВК-6 ва Уладзімірскай вобласці.

Упершыню яго прыгаварылі да пазбаўлення волі ў лютым 2021 года. Яму прызначылі два гады і восем месяцаў калоніі агульнага рэжыму па справе «Іў Рашэ», прызнаўшы вінаватым у махлярстве. У сакавіку 2022 года яго прызналі вінаватым па іншай справе аб махлярстве і абразе суддзі, прызначыўшы дзевяць гадоў калоніі строгага рэжыму.

У жніўні 2023 года яго прызналі вінаватым у стварэнні экстрэмісцкай супольнасці, закліках да экстрэмізму, стварэнні НКА, якая замахваецца на правы грамадзян, фінансаванні экстрэмізму, а таксама ва ўцягванні непаўналетніх у здзяйсненне небяспечных дзеянняў і рэабілітацыі нацызму. Яму прызначылі 19 год пазбаўлення волі.

Аналітыка
Казус Ціханоўскай. Прэзідэнцкая кампанія ў Расеі пайшла паводле беларускага сцэнара
2024.01.31 07:34

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў