Расейскаму апазіцыянеру Аляксею Навальнаму прысудзілі яшчэ да 19 гадоў зняволення па справе аб экстрэмізме


Масгарсуд 4 жніўня прыгаварыў Аляксея Навальнага да 19 гадоў пазбаўлення волі па справе аб экстрэмізме. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. У залу паседжанняў не пусцілі нават бацькоў Навальнага.

Аляксей Навальны на паседжанні суда. Крыніца: sotaproject / Telegram

Паседжанне Маскоўскага гарадскога суда прайшло прама ў ВК-6 ва Уладзімірскай вобласці, дзе Аляксей Навальны адбывае тэрмін па іншай справе. Яго абвінавачвалі адразу па шасці артыкулах: аб закліках да экстрэмізму, стварэнні НКА, якая замахваецца на правы грамадзянаў, фінансаванні экстрэмізму, стварэнні экстрэмісцкай супольнасці, уцягванні непаўналетніх у здзяйсненне небяспечных дзеянняў і рэабілітацыі нацызму.

Бок абвінавачання патрабаваў прыгаварыць Навальнага да 20 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

«19 гадоў калоніі асаблівага рэжыму. Лічба не мае значэння. Я выдатна разумею, што, як і многія палітвязні, сяджу пажыццёвы тэрмін. Дзе пажыццёвасць вымяраецца тэрмінам майго жыцця ці тэрмінам жыцця гэтага рэжыму. Лічба прысуду не для мяне. Яна для вас. Вас, а не мяне жадаюць спалохаць і пазбавіць волі да супраціву. Вас змушаюць здаць без бою сваю Расею бандзе здраднікаў, злодзеяў і нягоднікаў, якія захапілі ўладу. Пуцін не павінен дасягнуць сваёй мэты. Не губляйце волі да супраціву», – гаворыцца ў пасце Аляксея Навальнага, апублікаваным адразу пасля прысуду.

Калоніі асаблівага рэжыму – гэта калоніі з самымі строгімі ўмовамі ўтрымання ў Расеі. Такі рэжым могуць прызначыць або пажыццёва асуджаным, або асабліва небяспечным рэцыдывістам, у якіх ужо ёсць як мінімум дзве судзімасці па цяжкіх артыкулах.

Далей у Навальнага яшчэ адзін суд – па артыкуле за «тэрарызм».

Аляксей Навальны быў затрыманы 17 студзеня 2021 года, калі вярнуўся ў Маскву з Нямеччыны, дзе праходзіў лячэнне пасля атручвання. З таго часу апазіцыйны палітык утрымліваецца за кратамі. Яго абвінавацілі ў парушэнні ўмоў выпрабавальнага тэрміну па справе «Іў Рашэ», а потым асудзілі на 9 гадоў калоніі па іншых справах.

Hавiны
Аляксей Навальны перадаў прывітанне палітвязням Беларусі
2023.06.04 17:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў