Барыса Надзеждзіна не зарэгістравалі кандыдатам на прэзідэнта Расеі


Цэнтральная выбарчая камісія не дапусціла Барыса Надзеждзіна да прэзідэнцкіх выбараў. Яму не хапіла «сапраўдных» подпісаў.

Барыс Надзеждзін.
Фота: Борис Надеждин / Х

ЦВК Расеі прызнала несапраўднымі 9147 подпісаў, пакінутых у падтрымку Барыса Надзеждзіна. Такім чынам, палітык не змог сабраць неабходныя 100 тысячаў подпісаў, каб быць зарэгістраваным кандыдатам на прэзідэнцтва.

Сам Надзеждзін заявіў, што не згодны з рашэннем ЦВК і будзе яго абскарджваць. Ён прапанаваў Цэнтральнай выбарчай камісіі адкласці адмову ў рэгістрацыі да 10 лютага, каб працягнуць праверку подпісаў.

«Удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе – самае важнае палітычнае рашэнне ў маім жыцці. Ад сваіх намераў я не адступаю. Я абскарджу пастанову ЦВК у Вярхоўным судзе РФ», – напісаў палітык у сваім тэлеграм-канале.

Дапушчанымі да выбараў аказаліся кандыдат ад КПРФ Мікалай Харытонаў, лідар ЛДПР Леанід Слуцкі і Уладзіслаў Даванкоў з партыі «Новые люди», а таксама Уладзімір Пуцін.

Адмоўлена ў рэгістрацыі было таксама кандыдату ад  партыі «Коммунисты России» Сяргею Малінковічу, але ён сказаў, што не будзе аспрэчваць гэтую пастанову.

Нагадаем, што працоўная група ЦВК РФ яшчэ 5 лютага рэкамендавала адмовіць Барысу Надзеждзіну ў рэгістрацыі з прычыны  несапраўдных подпісаў, але Надзеждзін прасіў даць яму час да 10 лютага, каб спраўдзіць усе подпісы. Пастанова была адкладзеная да 8 лютага.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў