У сацсетках паведамілі пра гібель беларускага ваяра на вайне ва Украіне


Ва Украіне загінуў беларус Аляксандр Стасевіч, які ваяваў на баку ЗСУ. Пра гэта ў Facebook паведаміў ягоны сябар Яраслаў Грышын. Колькі беларускіх добраахвотнікаў сталі ахвярамі расейскай агрэсіі, дакладна не вядома: розныя крыніцы даюць розныя лічбы.

Беларус Аляксандр Стасевіч, загінулы ў баях за Украіну.
Фота:  kmbs.ua / Facebook

«На фронце ў баі геройскі загінуў мой добры сябар Аляксандр Стасевіч – беларус, добраахвотнік, штурмавік спецпадраздзялення. Найлепшы з найлепшых, боль невымоўны, не хапае словаў», – напісаў Яраслаў Грышын.

Ён пазнаёміўся з Стасевічам падчас навучання ў бізнес-школы Кіева-Магілянскай акадэміі.

«Гісторык паводле адукацыі. Быў дужа адукаванаю асобаю вялікага сэрца, шырокай душы», – згадвае сябар.

Ён паведаміў, што беларус не мусіў ваяваць за Украіну, быў не раз паранены і кантужаны, мог з чыстым сумленнем дэмабілізавацца. «Аднак Сашка не мог пакінуць сваё падраздзяленне і пабрацімаў. Разумеючы ўсе рызыкі ішоў да канца, як сапраўдны ваяр», – падсумаваў Грышын.

Колькі беларускіх добраахвотнікаў сталі ахвярамі расейскай агрэсіі, дакладна не вядома. Паводле дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь», з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну страцілі жыццё мінімум 38 беларусаў, а за дзесяць гадоў – ад анексіі Крыму і распальвання канфлікту ў Данбасе – 57.

9 сакавіка Полк Каліноўскага ў заяве з нагоды другой гадавіны стварэння паведамляў, што за гэты час загінулі 19 ваяроў, асобы 11 з іх не раскрываюцца з увагі на бяспеку сваякоў.

Агляд
Згадваем імёны беларусаў, загінулых ва Украіне з 24 лютага 2022 года па розныя бакі
2024.02.24 09:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў