9 сакавіка 2022 года было абвешчана аб стварэнні батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Цяпер гэта полк, які плануе пашырыцца да брыгады. Ваяры называюць сябе ядром войска Новай Беларусі і кажуць, што перамога Украіны ў вайне з Расеяй – «адзіны правільны шлях для вызвалення Беларусі».
Два гады існавання Полк імя Каліноўскага падсумаваў на сваім сайце. У адмысловым артыкуле адзначаецца, што ваяры ўжо не проста добраахвотнікі, яны прафесіяналы і дзейнічаюць паводле стандартаў NATO.
«Галоўнае, чаго мы дасягнулі за два гады – падрыхтоўка дасведчанага каманднага складу, які ў кароткія тэрміны здольны ўзяць, навучыць і кіраваць вялікай колькасцю добраахвотнікаў. Гэта азначае, што ў цяперашніх умовах з тым баявым досведам, што ўжо ёсць, Полк можа хутка пашырыцца да памеру брыгады», – кажа адзін з заснавальнікаў палка з пазыўным Мікола.
Ваяры называюць сябе высокамабільным пяхотным падраздзяленнем спецыяльнага прызначэння, што валодае лёгкай браніраванай тэхнікаю, уласнымі мінамётнымі разлікамі, цяжкой артылерыяй, мае ўласныя падраздзяленні БПЛА, якія вядуць выведку, карэктаванне і выконваюць ударныя задачы:
«Полк Каліноўскага ўваходзіць у склад Міжнароднага легіёну – падраздзялення, падпарадкаванага Галоўнаму ўпраўленню выведкі Міністэрства абароны Украіны. Цалкам у склад легіёна ўваходзяць байцы, якія валодаюць высокім узроўнем прафесіяналізму і папярэднім вайсковым досведам, а ўзбраенне і боепрыпасы тут адпавядаюць стандартам NATO».
Ад моманту стварэння беларускае фармаванне брала ўдзел у баях на самых гарачых участках фронту – за Кіеў, Мікалаеў, Лісічанск, Севераданецк, Запарожжа, Бахмут, Клішчыеўку, Купянск і іншыя гарады і мястэчкі.
Першыя страты полк панёс падчас абароны Кіева – у Бучы і Ірпіні.
У баях загінулі:
З нагоды двухгоддзя Палка Каліноўскага камандзір Дзяніс Кіт Прохараў заявіў, што «беларусы, якія цяпер ваююць за Украіну, абралі адзіны правільны шлях для вызвалення Беларусі».
«Калі Расея пераможа ў гэтай вайне, то пра Беларусь як незалежную краіну нам прыйдзецца забыцца надоўга. Мы прайшлі складаны шлях, атрымалі каласальны досвед, захаваліся як згуртаваная каманда. Полк цяпер з’яўляецца найбольшым нацыянальным падраздзяленнем у складзе ЗСУ», – адзначыў Прохараў.
Ваяроў павіншавала абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская:
«Я хачу выказаць павагу вашай мужнасці і гераізму. Вы сталі сімвалам таго, як любоў да свабоды і імкненне да справядлівасці абʼядноўваюць людзей нават у самыя жудасныя часы».
Яна адзначыла, што кожны дзень на фронце – гэта сапраўднае выпрабаванне. «І я ганаруся тым, з якой годнасцю вы яго праходзіце: пад кулямі, артылерыйскімі абстрэламі, у акопах, без сну і адпачынку», – канстатавала лідарка.
Ціханоўская пажадала ваярам вяртацца з заданняў жывымі і цэлымі.
«Для беларусаў Полк Каліноўскага – значна больш, чым проста вайсковае фармаванне. Вы ўвасабляеце смеласць і годнасць нашага народу і даказваеце, што беларусы гатовыя дзейнічаць – і нават ахвяраваць сабой, каб дамагчыся зменаў», – падсумавала абраная прэзідэнтка.
Сцяпан Кубік belsat.eu