Кіраўнік рэчыцкага «вайскова-патрыятычнага цэнтру» пахваліўся кувалдай ад баевікоў Групы Вагнэра


Уладзімір Габраў – лідар прарасейскага цэнтру «Скіф», які працуе з беларускай моладдзю. На сваёй старонцы «УКантакце» ён паказаў, як атрымлівае ад расейскіх баевікоў сімвал пазасудовых расправаў.

Кувалда ад баевікоў Групы Вагнэра. 14 сакавіка 2023 года.
Фота: Владимир Габров / VK

На публікацыю Уладзіміра Габрава звярнула ўвагу «Наша Ніва» (на выпадак выдалення паста – архіўная копія). Паводле выдання, на кувалдзе з лагатыпам ПВК Вагнэра мог распісацца Ігар Безлер – адзін з палявых камандзіраў баевікоў «ДНР»: на відэа яго называюць «адным з заснавальнікаў» Групы Вагнэра, хоць ягоныя найміты і вагнэраўцы ў мінулым канфліктавалі.

Абноўлена. Reform.by пазнаў чалавека, які перадаў кувалду: гэта быў беларус Мікалай Будзько – камандзір 4-га штурмавога атраду ПВК Вагнэра. Менавіта ягоныя падначаленыя ў чэрвені 2017 года доўга катавалі і потым забілі бяззбройнага сірыйца.

Hавiны
Кувалду «Вагнэра» школе Рэчыцы падарыў злачынца, які загадаў катаваць і забіць сірыйца
2023.03.16 10:05

Група Вагнэра – незаконнае фармаванне нават паводле расейскіх законаў (што ўжо казаць пра канвенцыю ААН), якое адкрыта бярэ ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне і ўзаемадзеіць з «афіцыйнымі» расейскімі войскамі.

Баевікі спрабуюць зрабіць сваім сімвалам кувалду. Менавіта ёй вагнэраўцы паказальна забілі прынамсі двух сваіх былых паплечнікаў, якія вярнуліся з украінскага палону. Кувалдай ад баевікоў, напрыклад, хваліўся кіраўнік праўладнай расейскай партыі «Справедливая Россия» Сяргей Міронаў.

«Скіф» – гэтак званы вайскова-патрыятычны цэнтр спецыяльнага рыхтавання дапрызыўнай моладзі, які займаецца з дзецьмі з малодшага школьнага ўзросту. Клуб дзеіць у Беларусі легальна, а Габраў у канцы 2022-га нават атрымаў узнагароду ад міністра адукацыі Беларусі. У студзені клуб з размахам адзначаў 25-годдзе, яго віншаваў намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Дзеці на занятках клубу «Скіф».
Фота: rechitsa.by
Разбор
Прыгожын губляе ўплыў. Што вядома пра актыўнасць баевікоў расейскай групы Вагнэра
2023.02.15 07:03

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў