Прыгожын губляе ўплыў. Што вядома пра актыўнасць баевікоў расейскай групы Вагнэра


Група Вагнэра прыцягвае да сябе ўвагу нялюдскай жорсткасцю: 13 лютага баевікі апублікавалі яшчэ адно відэа забойства кувалдай свайго байца, які вярнуўся з палону. Але і на інфармацыйным, і на палітычным, і тым больш на ваенным фронце вагнэраўцы не маюць вялікіх поспехаў.

Лідар баевікоў групы Вагнэра Яўгеній Прыгожын. 8 лютага 2023 года.
Фота: канал баевікоў групы Вагнэра / Telegram

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) штодня публікуе аналітыку пра вайну ва Украіне, у прыватнасці, сочыць за актыўнасцю баевікоў групы Вагнэра – незаконнага фармавання нават паводле расейскіх законаў (што ўжо казаць пра канвенцыю ААН), якое адкрыта ўдзельнічае ў баявых дзеяннях і ўзаемадзейнічае з «афіцыйнымі» расейскімі войскамі.

У аналітыцы за 13 лютага ISW звяртае ўвагу на відэа забойства кувалдай былога баевіка групы Вагнэра і агулам на «натуралістычны кантэнт» ад баевікоў.

«Пастаяннае апраўданне і праслаўленне такой брутальнай тактыкі сімптом шырэйшай паталогіі, якую стаў прадстаўляць «Вагнэр», – той, дзе празмерны і тэатралізаваны гвалт разглядаецца як неабходная ваенная практыка», – піша ISW.

Аналітыкі лічаць, што Крамлю, імаверна, давядзецца збалансаваць жаданне выкарыстоўваць групу Вагнэра  як «затычку» ў аперацыях ва Украіне і тую шкоду, якую баевікі наносяць расейскаму грамадству сваёй усё больш відавочнай хаатычнай брутальнасцю. Пра небяспеку вяртання ў грамадства «гераізаваных» забойцаў, якія перажылі вайну, нядаўна разважаў і брытанскі «The Guardian».

ISW называе Яўгенія Прыгожына «фінансістам групы Вагнэра», сам Прыгожын пазіцыянуе сябе як адзіны кіраўнік баевікоў. Да пачатку поўнамаштабнай вайны Прыгожына часцей называлі «кухарам» Уладзіміра Пуціна за блізкасць да кіраўніка Расеі.

Група Вагнэра пасылае зняволеных на забой не толькі пад Бахмутам

Баі за Бахмут трываюць ужо паўгода – гэта, падобна, самы гарачы пункт вайны. Хоць расейскія сілы захапілі пасяленні пад Бахмутам, узяць горад ім не ўдаецца. І расейскія, і ўкраінскія сілы нясуць там цяжкія страты, але найбольшая доля стратаў прыпадае, падобна, на баевікоў групы Вагнэра, а сярод іх – не на прафесійных наймітаў, а на зняволеных, якім паабяцалі свабоду ў абмен на паўгода службы. Паводле звестак расейскага фонду «Русь сидящая», на канец студзеня 2023 года на фронце заставалася толькі 10 тыс. з 50 тыс. завербаваных вагнэраўцамі ў турмах – астатнія ці загінулі, ці дэзерціравалі.

Амерыканскі тэлеканал CNN апублікаваў 12 лютага інтэрв’ю з двума былымі баевікамі групы Вагнэра. Абодва былі завербаваныя з турмаў, абодва трапілі ва ўкраінскі палон у канцы мінулага года.

«Нас было 90 чалавек. 60 загінулі ў тым першым штурме, забітыя мінамётным агнём. Жменька засталася параненых, – расказвае адзін з іх пра баі пад вёскай Белагораўка. – Калі адна група не мае поспеху, адразу адпраўляецца іншая. Калі другая не мае поспеху, яны адпраўляюць яшчэ адну групу».

Другі расказвае, што калі заходзілі ў лес пад Лісічанскам, 7 з 10 байцоў адразу падарваліся на мінах. Дапамагчы параненым не маглі пад шчыльным украінскім агнём, эвакуацыі параненых не было. Некаторыя кідаюць зброю, а ў тых умовах кінуць зброю значыць усё роўна што памерці ад кулі снайпера. Адступаць без загаду нельга, за гэта расстрэльваюць.

З турмаў набіралі ўсіх здольных прайсці некалькі метраў. Адзін з былых баевікоў расказаў, што толькі малая частка ягонага атраду пайшла ў групу Вагнэра дзеля грошай, а большую частку складалі зняволеныя з доўгімі тэрмінамі. Але былі і такія, каму заставалася пару тыдняў зняволення, ды яны ўсё роўна пайшлі ваяваць. А да вайны зняволеных не рыхтавалі:

«Мы думалі, што будзем змагацца з палякамі і рознымі наймітамі, немцамі, – кажа адзін з былых баевікоў. – Мы не думалі, што ва ўкраінскай арміі там нехта застаўся. Мы думалі, што яны з’ехалі з краіны».

Зняволеныя, паводле яго, не чакалі, што давядзецца біцца са Збройнымі сіламі Украіны, якія напраўду ваююць за сваю Радзіму і за тых, каго любяць. Палон пасля такога быў палёгкай, кажуць былыя баевікі CNN.

Расследавальнікі «Bellingcat» сцвярджаюць, што ў групу Вагнэра вярбуюць не толькі шараговых зняволеных: у шэрагах баевікоў ва Украіне загінулі тры «крымінальныя аўтарытэты» 1990-х гадоў – лідары некалі буйных бандаў. Адзін 59-гадовы і два 55-гадовыя мужчыны мелі прысуды па больш як 20 гадоў за шматлікія злачынствы, у ліку якіх забойствы.

Абноўлена
Баявік «Вагнэра» забіў 87-гадовую бабулю – ветэрана ВАВ і атрымаў памілаванне ад Прыгожына
2023.01.06 14:41

Крэмль «заглушае» баевікоў

У матэрыяле пра баявыя дзеянні 12 лютага ISW звяртае ўвагу на заявы вагнэраўцаў аб захопе імі паселішча Красная Гара, што ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласці, і на тое, як баевікі падкрэсліваюць, што на бахмуцкім напрамку «ў радыусе 50 км плюс-мінус» няма нікога з расейскіх войскаў, акрамя групы Вагнэра.

Баевікі групы Вагнэра» на бахмуцкім напрамку. Красная Гара, Украіна. 12 лютага 2023 года.
Фота: канал баевікоў групы Вагнэра / Telegram

Даследчыкі ISW пры тым адзначаюць, што рэгулярныя расейскія падраздзяленні ўсё больш выцясняюць баевікоў Вагнэра з зоны Бахмуту – пра гэта пачалі ўжо пісаць і расейскія праваенныя блогеры.

Звязаны з баевікамі Telegram-канал нядаўна публікаваў нібыта метадычку Мінабароны, у якой ад медыяў патрабуюць не згадваць баевікоў групы Вагнэра і генерала Сяргея Суравікіна, нібыта звязанага з вагнэраўцамі. Крэмль і Мінабароны Расеі сапраўды пазбягаюць згадак баевікоў, заўважае ISW.

«Уплыў і прывабнасць Прыгожына, хутчэй за ўсё, будуць працягваць змяншацца, бо Міністэрства абароны Расеі працягвае захады ў зніжэнні баявой эфектыўнасці групы Вагнэра», – пісаў ISW днём раней.

ISW мяркуе, што цяпер Прыгожын спрабуе выратаваць свой уплыў у Расеі. Даследчыкі звяртаюць увагу на адказы Прыгожына праваеннаму крамлёўскаму блогеру Сямёну Пегаву: той ілжыва заяўляў, што ніколі не крытыкаваў расейскае вайсковае камандаванне; прадставіў крытыку баевікоў як аналагічную «агульнаму расчараванню расейскіх праваенных блогераў у кепскай камунікацыі між расейскім вайсковым камандаваннем і расейскімі падраздзяленнямі»; адмаўляў свае палітычныя амбіцыі…

Прыгожына пазбаўляюць «гарматнага мяса»

Сярод іншага ў інтэрв’ю блогеру Прыгожын казаў, што вярбоўку зняволеных у турмах спынілі праз сканчэнне нейкага пагаднення з неназванай арганізацыяй. ISW ж лічыць, што гэтак Крэмль працягвае «прыглушаць» Прыгожына і пазбаўляць яго «гарматнага мяса». Але вербаванне ў турмах Крэмль наўрад ці цалкам спыніць, прагназуе ISW.  Паводле расейскага выдання «Агентство», Федэральная служба бяспекі Расеі нават пагражае зняволеным новымі тэрмінамі за адмову далучацца да баевікоў – супраца дзяржавы і вагнэраўцаў усё ж трывае.

Брытанская выведка раней пісала, што тэмпы набору зняволеных на вайну падаюць са снежня 2022 года, і звязвала гэта як з супрацьстаяннем Міністэрства абароны Расеі і вагнэраўцаў, так і з тым, што да зняволеных пачалі даходзіць праўдзівыя звесткі пра рэаліі службы ў групе Вагнэра. Другую прычыну згадвалі таксама і ў матэрыялах ISW.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баявік групы Вагнэра» на бахмуцкім напрамку, Украіна. 23 студзеня 2023 года.
Фота: канал баевікоў групы Вагнэра / Telegram

Адзін з расейскіх праваенных блогераў распавядае, што перададзеныя групе Вагнэра мабілізаваныя «ламаюць там сабе рукі і ногі, абы не вяртацца назад», бо баевікі ім пагражаюць расстрэлам, «калі нашага параненага не данесяце», нават «прастрэленыя ногі ўжо былі».

Тым часам Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны сцвярджае, што расейскі напаўдзяржаўны энергетычны манапаліст «Газпрам» стварае ўласную «прыватную вайсковую кампанію» нібыта дзеля аховы аб’ектаў энергетыкі, а напраўду – у межах «гонкі ўзбраенняў» у стварэнні прыватных арміяў.

Інтэрв’ю
«Не гатовы яшчэ страляць у сваіх». Прызнанні былога камандзіра роты выведкі ПВК Вагнэра
2023.01.13 09:54

Прыгожын ператвараецца ў Гіркіна?

Даследчыкі ISW мяркуюць, што Прыгожын спрабуе адцягнуць увагу ад спрэчных справаў групы Вагнэра ў тым ліку праз крытыку нерэалістычных мэтаў Крамлю ў вайне, праз спробы ўпісацца ў цяперашнюю занепакоенасць расейскай інфармацыйнай прасторы адносна здольнасці ваеннага камандавання вытрымаць наступ на Данбасе. Ды нядаўняе інтэрв’ю Прыгожына, лічыць ISW, магло быць пасткай ад Крамля: Прыгожын бачыў магчымасць узвысіць сваё імя, а замест гэтага ўвесь час бараніўся.

Крытыка Прыгожыным ваеннага камандавання, адзначае ISW, нагадвае рыторыку экс-лідара баевікоў «ДНР» Ігара Гіркіна, які страціў уплыў у 2014 годзе пасля вызвалення Славянску. Праўда, Гіркін распаўсюджваў згаданую вышэй гісторыю пра перададзеных вагнэраўцам мабілізаваных – ён не поўны аднадумца Прыгожына ды дазваляе сабе крытыку «афіцыйнага» вайсковага камандавання.

«Магчыма, што Прыгожын таксама ператвараецца ў злоснага фанатыка, які губляе здольнасць выкарыстоўваць сваю паралельную армію для атрымання палітычнага ўплыву», – дапускае ISW.

Не выключана, што са сканчэннем цяперашняга наступу «афіцыйных» войскаў Прыгожын атрымае шанц аднавіць уплыў, дадаюць даследчыкі. Бо пакуль Прыгожын гучыць амаль ва ўнісон не толькі з Гіркіным, але і з кіраўніком Чачэніі Рамзанам Кадыравым, і з шэрагам праваенных блогераў.

Агляд
У «Вагнэра» праблемы. Як баевікі Прыгожына паразітуюць на войску і пагражаюць расейскай сістэме
2023.01.21 17:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў