Кувалду «Вагнэра» школе Рэчыцы падарыў злачынца, які загадаў катаваць і забіць сірыйца


Кувалду – сімвал пазасудовых расправаў расейскай ПВК «Вагнэр» – у музей Рэчыцкай раённай гімназіі перадаў Мікалай Будзько, адказны за жорсткае забойства бяззбройнага сірыйца ў 2017 годзе. Да такой высновы прыйшло выданне Reform.by.

Расейскі пашпарт Мікалая Будзько.
Фота: dossier.center

15 сакавіка «Белсат» паведамляў, што прарасейскі актывіст Уладзімір Габроў, які ў Рэчыцы ўзначальвае вайскова-патрыятычны цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «Скіф», перадаў у школьны музей новы экспанат – кувалду ПВК «Вагнер». Першапачаткова меркавалася, што свой подпіс «Бес» на «экспанаце» пакінуў баявік з Данбас Ігар Безлер, але Reform.by прыйшоў да высновы, што гэта быў Мікалай Будзько – камандзір 4-га штурмавага атраду «Вагнэру». Яны абодва маюць такі самы пазыўны.

Абноўлена
Кіраўнік рэчыцкага «вайскова-патрыятычнага цэнтру» пахваліўся кувалдай ад баевікоў Групы Вагнэра
2023.03.15 20:01

Як раней пісаў «Белсат», Будзько ў 1993–1994 гадах адслужыў у беларускім войску, а потым пераехаў у РФ, дзе атрымаў грамадзянства і пайшоў служыць у АМАП. Ваяваў у Чачэніі, потым завербаваўся ў Французскі замежны легіён, а ў траўні 2015-га далучыўся да «Вагнэра». Менавіта ягоныя падначаленыя, сярод якіх быў і іншы найміт з Беларусі – Андрэй Бакуновіч, у чэрвені 2017 года доўга катавалі і потым забілі бяззбройнага сірыйца Эль-Ісмаіла. Ягоная віна была ў тым, што ён дэзерціраваў з арміі Башара аль-Асада. Найміты некалькі разоў стралялі ў сірыйца, раздрабілі яму канцавіны кувалдай, узарвалі ў пахвіне запал ад ручной гранаты, адрэзалі галаву, адсеклі сапёрнай лапаткай рукі, а цела падвесілі за ногі, аблілі бензінам і спалілі. Увесь працэс баевікі здымалі на відэа. Частка ролікаў потым трапіла ў адкрыты доступ і да незалежных журналістаў.

Прааналізаваўшы розныя відэа з сацсетак Габрова, Reform.by прыйшоў да высновы, што «падарунак» кувалды зрабіў менавіта Будзько. У прыватнасці, п’ючы гарэлку з гербам Расеі рэчыцкі актывіст прамаўляе тост у гонар свайго сябра Колі, згадвае ягонае мінулае і прыкладвае фота шматлікіх узнагарод сябра. Шмат якія з гэтых фактаў, хоць і не ўсе, супадаюць з біяграфіяй Будзько.

Таксама, як і подпіс вайсковага злачынцы на анкеце ПВК «Вагнэр» з подпіс на кувалдзе.

Подпіс Мікалая Будзько і на кувалдзе ў музеі Рэчыцы. Калаж на падставе фота Reform.by
Агляд
Што вядома пра беларуса-вагнэраўца Андрэя Бакуновіча і дзе ён цяпер
2023.02.27 07:03

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў