Што вядома пра беларуса-вагнэраўца Андрэя Бакуновіча і дзе ён цяпер


Цэнтр «Досье» паведаміў, што найміт з Беларусі Андрэй Бакуновіч быў датычны да публічнага зверскага забойства, якое ўчынілі байцы ПВК Вагнэра ў Сірыі яшчэ ў 2017 годзе. Belsat.eu распавядае гісторыю Бакуновіча, а таксама нагадвае, што гэта не першы выпадак, калі беларусаў-вагнэраўцаў вінавацяць у ваенных злачынствах.

Што адбылося ў 2017 годзе

У чэрвені 2017 года баевікі ПВК Вагнэра доўга катавалі і потым забілі бяззбройнага сірыйца Эль-Ісмаіла – ягоная віна была ў тым, што ён дэзерціраваў з арміі Башара аль-Асада. Найміты некалькі разоў стралялі ў сірыйца, раздрабілі яму канцавіны кувалдай, узарвалі ў пахвіне запал ад ручной гранаты, адрэзалі галаву, адсеклі сапёрнай лапаткай рукі, а цела падвесілі за ногі, аблілі бензінам і спалілі. Увесь працэс баевікі здымалі на відэа. Частка ролікаў потым трапіла ў адкрыты доступ і да незалежных журналістаў.

Паводле цэнтру «Досье», неўзабаве пасля гэтага служба бяспекі ПВК Вагнэра распачала ўнутранае расследаванне. Як вынікае з дакументаў, што трапілі ў рукі журналістаў, кіраўніцтва ПВК Вагнэра цікавіла не само забойства, а прычыны ўцечкі інфармацыі ў сеціва.

Унутранае расследаванне высветліла, што на відэа фігуруюць баевікі 4-га штурмавога атраду. Камандзір атраду – нарадзінец Магілёўшчыны Мікалай Будзько. Ён у 1993–1994 гадах адслужыў у беларускім войску, а потым пераехаў у РФ, дзе атрымаў грамадзянства і пайшоў служыць у АМАП. Ваяваў у Чачэніі, потым завербаваўся ў Французскі замежны легіён, а ў траўні 2015-га далучыўся да ПВК Вагнэра.

Даведка аб унутраным расследаванні ПВК Вагнэра.
Фота: dossier.center

Адзін з тых, хто трапіў на відэа забойства, – найміт з Беларусі Андрэй Бакуновіч (пазыўны Страпа). Паводле ўнутранага расследавання, ён і сам здымаў адзін з гэтых відэаролікаў.

Хто такі Андрэй Бакуновіч

Паводле звестак СБУ, Андрэй Бакуновіч мае два пашпарты – беларускі і расейскі. У кнізе «Беларускі Данбас» распавядаецца, што ён нарадзіўся ў 1977 годзе ў Беларусі, адкуль паходзіць ягоная маці і дзе ў яго шмат сваякоў. Але ў расейскім пашпарце Бакуновіча фігуруе іншае месца нараджэння – пасёлак Стрэжавы Томскай вобласці Расеі.

Расейскі пашпарт Бакуновіча.
Фота: dossier.center

Імаверна, усё жыццё Бакуновіча праходзіла паміж Беларуссю і Расеяй. Паводле звестак, якія перадалі «Белсату» «Кіберпартызаны», у Беларусі Бакуновіч меў судзімасць: у снежні 2001 года суд Калінкавіцкага раёну пакараў будучага найміта двума гадамі папраўчых працаў за крадзеж аўтамабіля. Праўда, ужо ў верасні 2002 года мужчына быў вызвалены паводле амністыі.

Неўзабаве ён пераехаў у горад Лянтор Цюменскай вобласці РФ, дзе атрымаў новы пашпарт. Імаверна, служыў паводле кантракту ў расейскім войску. Як пісалі медыі, у чэрвені 2013 года на вайсковых спаборніцтвах у страляніне снайпер Андрэй Бакуновіч з першага стрэлу трапіў у 5-рублёвую манету са 100 метраў. А ў 2016 годзе, паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», ён ужо прапісаўся ў Калінкавічах Гомельскай вобласці (пры гэтым знайсці звестак пра беларускі пашпарт найміта чамусьці не ўдалося).

У 2018 годзе «Белсат» у сваім расследаванні, прысвечаным беларусам з ПВК Вагнэра, высветліў, што Бакуновіч ваяваў на Данбасе ў якасці камандзіра групы снайпераў. Ён удзельнічаў у аперацыі пад Дэбальцавым на пачатку 2015 года, быў сур’ёзна паранены і прадстаўлены да расейскага ордэну Мужнасці за «выкананне баявых задачаў». Але ордэну так і не атрымаў – ягонае імя ў было выкрасленае з узнагароднага аркуша.

Потым найміт неаднаразова выязджаў у баявыя камандзіроўкі ў Сірыю і Лівію. Імя Бакуновіча нават трапіла ў даклад аб сітуацыі ў Лівіі, падрыхтаваны для Рады бяспекі ААН 24 красавіка 2020 года. Беларуса згадалі там у якасці аднаго са 122 ідэнтыфікаваных экспертамі байцоў ПВК Вагнэра, што ваявалі ў Лівіі.

Залегчы на дно ў Калінкавічах

З дакументу Службы бяспекі, які быў апублікаваны «Досье», вынікае, што станам на 2019 год кантракт з ПВК Вагнэра ў Бакуновіча скончыўся і ён быў пераведзены ў рэзерв. Імаверна, гэта было звязана са станам здароўя: як распавядала раней «Белсату» сястра найміта Вольга, пасля службы ў «расейскім войску» Андрэй Бакуновіч у 2019-м перанёс аперацыю на хрыбетніку і доўга аднаўляўся.

«Ён ужо даўно жыве ў Беларусі! У яго сын маленькі, тры гады. Ён ужо гады тры-чатыры жыве ў Беларусі», – казала ў 2020-м Вольга.

Такім чынам, пасля шматлікіх баявых камандзіровак, пасля саўдзелу ў жудасным публічным забойстве ў Сірыі найміт свабодна жыў у Калінкавічах і не баяўся, што да яго ўзнікнуць пытанні ў праваахоўных органаў.

Андрэй Бакуновіч (трэці злева) з сямʼёй у Калінкавічах, 2015 год.
Фота: Анастасия Бакунович / ok.ru

Інтарэс да Бакуновіча з боку КДБ узнік толькі ўлетку 2020 года, але зусім не праз ягонае мінулае. Шукаючы новую працу, Бакуновіч у 2020 годзе мімаволі быў уцягнуты ў аперацыю ўкраінскіх спецслужбаў, якія «вербавалі» расейскіх наймітаў нібыта ў ахоўную кампанію для абароны венесуэльскіх нафтавых радовішчаў. Ляцець яны мусілі з Менску з перасадкай у Стамбуле. Падчас пералёту ўкраінскія спецслужбы планавалі з той ці іншай нагоды дамагчыся пасадкі самалёта ў Кіеве, дзе б вагнэраўцаў арыштавалі. Самі баевікі, натуральна, нічога не падазравалі і былі ўпэўненыя, што наймаюцца ў чарговую ПВК.

Паводле звестак «Кіберпартызанаў», 25 ліпеня 2020 года Бакуновіч разам з астатнімі вагнэраўцамі зарэгістраваўся ў менскім гатэлі IBB. Аднак потым ад «куратара» паступіла ўказанне чакаць новых распараджэнняў. У выніку 32 найміты пераехалі ў санаторый «Беларусачка» пад Менскам, а Бакуновіч, імаверна, надумаў правесці гэты час удома ў Калінкавічах. Там яго і затрымалі 29 ліпеня. «Прыехалі і забралі ад жонкі, ад дзяцей. Мы наагул не зразумелі, што адбываецца», – распавядала тады Вольга Бакуновіч. Астатніх наймітаў група КДБ «Альфа» затрымала ў санаторыі. 

Hавiны
Вагнэраўцы ў беларускіх лясах. Гісторыя самага рэзананснага фэйку Лукашэнкі
2021.09.09 11:07

Выбачэнне Лукашэнкі і пераезд у Смаленск

Затрыманых баевікоў спачатку абвінавацілі ў тым, што яны нібыта рыхтавалі масавыя закалоты і тэракты «для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі». Следчы камітэт нават спрабаваў звязаць вагнэраўцаў са справай палітвязняў Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча. Аднак пасля выбараў усіх баевікоў вызвалілі. Прасіць прабачэння ў наймітаў Лукашэнка адправіў свайго старэйшага сына Віктара.

«Я адправіў свайго сына, які працуе дарадцам па бяспецы, каб ён папрасіў прабачэння ў гэтых людзей і спытаў, куды яны хочуць з’ехаць. Яны сказалі: «Мы хочам у Расею». І, уласна, яны зʼехалі», – распавёў Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскім журналістам.

Тады паведамлялася, што ў Расею былі адпраўленыя 32 асобы. 33-м быў якраз Бакуновіч – ён, імаверна, на некаторы час застаўся ў Беларусі. Аднак потым Бакуновіч разам з сям’ёй пакінуў краіну. Суседка Бакуновічаў распавяла «Белсату», што яны з’ехалі з Калінкавічаў прыкладна паўтара года таму і цяпер у іхнай кватэры жывуць іншыя людзі.

Цяпер на старонцы «УКантакце» жонкі найміта Ліліі Бакуновіч у якасці гораду жыхарства пазначаны Смаленск: там яна працуе кандытарам, пячэ тарты і пірожныя на замову. Цікава, што ў дакуменце службы бяспекі ПВК Вагнэра Смаленск фігураваў як імавернае месца жыхарства Бакуновіча яшчэ ў 2019 годзе – магчыма, ён ужо тады меў нерухомасць у гэтым горадзе.

Ці вярнуўся Бакуновіч у ПВК Вагнэра пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну і ці ваюе ён цяпер – невядома. Ніякіх звестак на гэты конт мы знайсці не змаглі.

Ягоныя сваякі старанна выконваюць захады сакрэтнасці – відавочна, яны ўжо даўно атрымалі вычарпальны інструктаж на гэты конт. Большасць з іх або зусім выдаліла свае старонкі ў сацсетках яшчэ ў 2018 годзе, або амаль не размяшчае ў сеціве інфармацыі. Напрыклад, акаўнт Ліліі Бакуновіч, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваецца выключна для працы – ніякіх супольных фотаздымкаў або іншых звестак пра мужа там няма.

Злачынствы ў Кіеўскай вобласці

Андрэй Бакуновіч – гэта не першы беларус-вагнэравец, якога абвінавачваюць у ваенных злачынствах.

24 траўня СБУ паведаміла, што беларусы з ПВК Вагнэра Сяргей Сазанаў і Аляксандр Ступніцкі падазраюцца ва ўдзеле ў ваенных злачынствах у паселішчы Матыжын, што ў Кіеўскай вобласці. Агулам гаворка пра 14 эпізодаў: забойствы цывільных асобаў, спальванне дамоў, катаванні і ўтрыманне людзей у сутарэннях у бесчалавечных умовах, крадзеж.

У прыватнасці, была забітая стараста Матыжына Вольга Сухенка, ейныя муж і сын. Паводле следства, акупанты катавалі іх, каб даведацца, дзе размяшчаюцца часткі ЗСУ і тэрытарыяльнай абароны.

«Карнікі жорстка здзекаваліся з сына на вачах у маці, прастрэлілі яму нагу. Не атрымаўшы інфармацыі, забілі яго стрэлам у галаву», – гаворыцца ў паведамленні СБУ.

Паводле следства, вайскоўцы і найміты ў Матыжыне забілі яшчэ адну цывільную жанчыну, а ейнага бацьку ўзялі ў палон і трымалі звязаным практычна без ежы і вады. Двух валанцёраў акупанты катавалі, а потым вывезлі ў лес і загадалі ўцякаць, а ўслед адкрылі агонь. У выніку адзін валанцёр загінуў, другі атрымаў цяжкія раненні. Таксама задакументаваная гібель дваіх чальцоў грамадскай арганізацыі «Патрыёт»: яны былі закатаваныя. Яшчэ аднаго мірнага жыхара акупанты прывязалі да квадрацыкла, прымусіўшы бегчы. Пасля допытаў, пагрозаў расстрэлам і збіцця яго некалькі дзён пратрымалі ў каналізацыі.

Акрамя двух беларусаў, у злачынствах у Матыжыне падазраюць яшчэ шэсць расейскіх вайскоўцаў.

У 2018 годзе Ступніцкі і Сазанаў фігуравалі ў расследаваннях Belsat.eu, прысвечаных беларусам у ПВК Вагнэра. Абодва ваявалі на Данбасе ў 2014–2015 гадах, потым засвяціліся ў Сірыі, а Ступніцкі яшчэ і ў Судане. Пра іхны ўдзел у баявых дзеяннях было добра вядома, але праблемаў з праваахоўнымі органамі Беларусі яны не мелі.

Іншыя вагнэраўцы з Беларусі

За апошні год у публічнай прасторы засвяціліся яшчэ двое беларусаў-вагнэраўцаў.

38-гадовы нарадзінец Бабруйску Дзяніс Зуб распавёў блогеру Эдгару Міратворцу, што ваюе на кантракце як снайпер. Браў удзел у баях каля Харкава і Севераданецку. Выхваляўся, што забіў 42 украінскіх вайскоўцаў (з іх 10 жанчын).

У снежні 2022-га стала вядома, што ў палон да ўкраінцаў трапіў 34-гадовы беларус з ПВК Вагнэра Андрэй Герыловіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Заспа Рэчыцкага раёну, пасля школы працаваў у мясцовым калгасе «Савецкая Беларусь». Служыў прапаршчыкам у вайсковай часці 68473 у Калодзішчах (86-ая брыгада сувязі), а потым працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай фірме.

Агулам у адкрытых крыніцах можна знайсці інфармацыю мінімум пра 15 грамадзянаў Беларусі, якія служылі ў ПВК Вагнэра, пачынаючы з 2014 года. Двое з іх ваявалі і загінулі яшчэ ў 2014–2015 гадах на Данбасе. Яшчэ ў васьмі выпадках няма пацверджанняў таго, што беларусы-вагнэраўцы ўдзельнічаюць у поўнамаштабным уварванні ва Украіну пасля 24 лютага 2022 года.

Аналітыка
Што вядома пра беларусаў, якія ваююць на баку Расеі
2022.06.04 11:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў