Дэпутат Карась схлусіў: пасведчання назіральніка АБСЕ на польскіх выбарах яму не выдавалі


Дэпутат лукашэнкаўскага парламенту Дзяніс Карась заявіў учора, што польскія памежнікі не прапусцілі яго ў Польшчу, каб назіраць за мясцовымі парламенцкімі выбарамі ад АБСЕ. «Белсат» спраўдзіў інфармацыю: выявілася, што гэта хлусня. Пасведчання міжнароднага назіральніка місіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Карасю ніхто не выдаваў.

Дэпутат ПП НС Дзяніс Карась.
Фота: Беларусь Сегодня

«Белсат» паведамляў учора, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў НС РБ Дзяніс Карась у інтэрв’ю афіцыйнай газеце «Беларусь сегодня» заявіў, што быў абраны для ўдзелу ў назіральнай місіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і ягоную кандыдатуру зацвердзіла Нацыянальная выбарчая камісія Польшчы, але назіраць за парламенцкімі выбарамі ў гэтай краіне яго не прапусцілі памежнікі. Паводле Карася, Польшча адрынула «руку сяброўства», якую працягнула ёй Беларусь.

На якім пераходзе дэпутата развярнулі памежнікі і ці зрабіла гэта менавіта Памежная ахова Польшчы, Карась не ўдакладніў. Гэта выклікала падазрэнні.

Апроч таго, Дзяніс Карась не згадаў факту, што з лістапада 2022 года не можа мінаць мяжы з Польшчай як «непажаданая асоба». У санкцыйны спіс ён трапіў згодна з пастановаю Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы.

«У мінулым, між іншага, ён абвінавачваў палякаў у арганізацыі імпрэзаў, якія прысвячаліся памяці гістарычных асобаў, у прапагандзе фашызму і нацыяналізму, а таксама ў эскалацыі напружанасці паміж палякамі і беларусамі на гістарычнай глебе.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне, матэрыяльна-тэхнічнай і палітычнай дапамогі, якую ўлады Беларусі надаюць Маскве, а таксама гібрыднай вайны супраць Польшчы гэты чалавек стварае сур’ёзную рызыку правакацыяў або інцыдэнтаў, якія маглі б нанесці шкоду міжнароднаму іміджу Польшчы», – абгрунтоўвае сваю пазіцыю МУС Польшчы.

Чарговая спроба дэзынфармацыі

«Белсат» спраўдзіў версію дэпутата Карася. Мы звярнуліся ў Нацыянальную выбарчую камісію Польшчы і спыталі, ці насамрэч Дзяніс Карась ёсць сябрам місіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, скіраванай назіраць за парламенцкімі выбарамі. Адказ з прэс-службы атрымалі ўчора ўвечары:

«Чалавек з такім імем і прозвішчам не атрымліваў пасведчання міжнароднага назіральніка за подпісам Нацыянальнай выбарчай камісіі».

Гэта азначае, што заява беларускага дэпутата ПП НС была хлуснёю.

«Белсат» звярнуўся таксама да польскай Памежнай аховы з просьбаю пацвердзіць, ці сапраўды лукашэнкаўскі палітык спрабаваў пераехаць праз мяжу, але яго павярнулі назад. Чакаем адказу ведамства.

Hавiны
За 7 гадоў польская контрвыведка затрымала 46 шпіёнаў з Беларусі і Расеі
2023.10.13 11:18

Пётр Яворскі belsat.eu

Стужка навінаў