Дэпутат Карась хацеў паназіраць за выбарамі ў Польшчы, але яго не пусцілі ў краіну


Дэпутат беларускага парламенту Дзяніс Карась 12 кастрычніка атрымаў адмову ад польскіх памежнікаў у праве на перасячэнне мяжы, калі накіроўваўся ў якасці назіральніка за выбарамі ў Польшчы ад Беларусі.

Беларускі парламентарый Дзяніс Карась, які хацеў паназіраць за выбарамі ў Польшчы, але не змог трапіць у краіну.
Фота: Беларусь Сегодня

Аб гэтым паведаміў у беларускім дзяржаўным выданні «Беларусь Сегодня» сам дэпутат.

Ён адзначыў у каментары для прэсы, што Польшча афіцыйна запрасіла АБСЕ і дзяржавы і структуры, якія ў яе ўваходзяць, узяць удзел у назіранні за парламенцкімі выбарамі. Беларусь «адгукнулася» на гэтую прапанову, а Парламенцкая асамблея АБСЕ ўключыла яго ў лік місіі назіральнікаў.

Аднак польскія памежнікі вырашылі не прапусціць у сваю краіну беларускага дэпутата.

«Беларусь працягнула руку сяброўства, але, на жаль, нашы суседзі гэтай магчымасцю ў чарговы раз не скарысталіся», – адзначыў дэпутат Дзяніс Карась.

Нагадаем, што ў траўні 2023 года Польшча ўвяла санкцыі супраць 365 грамадзянаў Беларусі, у лік якіх трапілі і дэпутаты беларускага парламенту. Адпаведна з гэтым рашэннем ім забаронена права ўезду на тэрыторыю краіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў