Беларусы ў Польшчы абмяркоўваюць будучыя парламенцкія выбары

У кантэксце блізкіх выбараў у Польшчы мы спрачаемся пра розныя погляды на аборты, аднаполае партнёрства, стаўленне да рэлігіі. Але большасць з гэтых пытанняў – так званыя праблемы краінаў першага свету. Мы спрачаемся пра тое, што прадказальна выклікае гучную эмацыйную рэакцыю, але ўплывае на штодзённае жыццё вельмі ўскосна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі назіраюць за Маршам годнасці з прыступак касцёлу Святога Крыжа ў цэнтры Варшавы, Польшча. 7 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Але ці не адзінае, пра што зараз трэба спрачацца беларусам, якая з польскіх партыяў дапаможа нам. Нам, беларусам. Не прадпрымальнікам, не студэнтам, не пенсіянерам, не меншасцям, а нашай беларускай дыяспары і будаўніцтву нашай незалежнай беларускай краіны.

Я прапаноўваю перад тым, каб стаць на чыйсьці бок у гэтай справе, задаць сабе пытанні, хто з кандыдатаў будзе»:

– дамагацца спрашчаць умовы для атрымання візаў, картаў побыту, дазволаў на працу, а не ўскладняць іх;

– выстаўляць Беларусі ўмовы для адмены санкцыяў і дамагацца вызвалення не толькі Пачобута і польскіх грамадзянаў, але і беларускіх палітвязняў;

– не будзе прасоўваць у Сейме прапановы, якія дыскрымінуюць беларусаў;

– не будзе ўхваляць пагаршэння ўмоваў жыцця, працы беларусаў, адкрыцця рахункаў у банках;

– не пойдзе на змову з Лукашэнкам, а будзе дапамагаць нашым дэмакратычным сілам, разумеючы, што

дэмакратычная Беларусь спрыяе бяспецы дэмакратычнай Польшчы;

– не будзе заплюшчваць вачэй на кантрабанду ды абыход санкцыяў, а будзе паслядоўна дабівацца выканання законаў.

Бабарыка ў 2020 здолеў сабраць найвялікшае ў гісторыі сучаснай Беларусі падтрыманне, бо ён абʼядноўваў вакол сябе людзей з рознымі поглядамі.

Цяпер прапаганда працуе на тое, каб падзяляць нас паводле другасных крытэраў і ўтрымаць такім чынам уладу. Вядома ж, лепей, калі прыхільнікі Пазняка не данацяць ЗСУ, паліваюць брудам Ціханоўскую. Хай ЛГБТК-актывісты вінавацяць у пераследзе не ГУБАЗіК, а праваслаўных святароў (на якіх таксама, вядома, ёсць частка віны). Хай хрысціяне замест узаемнай дапамогі вінавацяць ва ўсім сапсаваны Захад. Гэтыя падзелы паводле другасных крытэраў – на карысць Лукашэнку і Пуціну.

Калісьці апостал Павел у знакамітым Пасланні да галатаў сказаў сваё сусветна вядомае выказванне, якім паклаў пачатак фармаванню новай хрысціянскай ідэнтычнасці: «Няма ўжо ні юдэя, ні грэка, няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце! (Галатам 3:28)

Ён перакрэсліваў усё існыя ў старажытных цэрквах спрэчкі аб тым, хто важнейшы, грэк ці юдэйка, свабодны ці залежны, багаты ці бедны. Замест гэтага ён даваў новую, аб’яднальную для ўсіх ідэю, якая потым захапіла палову свету. Таму і нам таксама будзе карысна не фіксаваць увагу на другасных якасцях.

У нас атрымаецца збудаваць беларускую супольнасць, калі мы будзем праяўляць салідарнасць з суайчыннікамі, нягледзячы на тое, засталіся яны ў Беларусі ці з’ехалі, атэісты яны ці прыхільнікі ЛГБТК, за легалайз і зброю ці супраць.

Нацыяналізм натуральным чынам выцякае з хрысціянскага светапогляду. Хто твой блізкі – гэта адно з важных пытанняў Новага Запавету. Калі адказваць на гэтае пытанне з нацыянальнай перспектывы, то блізкія – гэта спачатку сям’я, а потым – грамадзяне.

І няхай гэтыя словы абодва бакі могуць палічыць за абразу, для мяне беларускамоўны прадстаўнік ЛГБТК бліжэй, чым «рускомирный» ці лукашысцкі праваслаўны «бацюшка». Лесбіянкі ці геі не катуюць людзей і не апраўдваюць гвалту перакручваннем запаведзяў, каб утрымаць сваю пасаду. Хрыстос прамаўляў прастытуткам і разбойнікам, але грэбаваў крывадушнымі фарысеямі.

У Польшчы цяпер больш за 100 тысяч беларусаў. Няхай у большасці няма грамадзянства, але мы паводле колькасці найвялікшая дыяспара пасля ўкраінскай, і наш мяккі ўплыў – гэта тая самая палітычная моц, якую можна скарыстаць на добрую справу.

Не ідзе гаворка пра тое, каб сфакусаваць усю ўвагу на Польшчы і забыцца пра Беларусь. Я кажу пра паслядоўнае адстойванне свайго інтарэсу там, дзе гэта магчыма. Пра тое, каб у новай краіне інтэгравацца, але не асімілявацца. Не забываць пра патрэбы беларусаў у турмах і ў выгнанні, пра пазбаўленых прафесіяў і дамоў. Выкарыстоўваць нават абмежаваныя магчымасці, каб дапамагаць сваім. І не забываць пра патрэбы адбудоўвання сваёй краіны.

У інтарэсах добрасумленных палякаў мець побач краіну, дзе пануе права, надзейнага і прадказальнага гандлёвага партнёра і суседа. Палякам не трэба мець на ўсходняй мяжы зону рызыкі з гібрыднымі атакамі мігрантаў, край, дзе рэжым дыскрымінуе польскую мову, дзе катуюць польскіх грамадзянаў і пагражаюць ядравай зброяй. Менавіта таму нашы інтарэсы цалкам супадаюць.

Меркаванні
Украіна ўцягнулася ў польскія выбары. І моцна рызыкуе
2023.09.28 14:00

У нас добра атрымоўвалася будаваць суполкі паводле прафесійнай салідарнасці: праўнікі за праўнукаў, спартоўцы за спартоўцаў, медыкі за медыкаў. Але час патрабуе большага. Калі адказ на пытанне «хто твой бліжні» будзе не паводле прафесійнай салідарнасці, не па сэксуальных схільнасцях, не па палітычнай ідэалогіі, не па ўзроўню даходу, а нацыянальнай накіраванасці – тады мы пабудуем грамадства, здольнае быць асновай для новай Беларусі.

Міхаіл Кірылюк belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў