Былога журналіста Андрэя Толчына вінавацяць у нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы


Стала вядомая верагодная прычына затрымання ў Гомлі былога журналіста-фрылансера, дэмакратычнага актывіста Андрэя Толчына, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Андрэй Толчын.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Гамельчуку высунулі абвінавачванне паводле арт. 361-1 КК РБ – «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Санкцыі паводле артыкула – да трох гадоў пазбаўлення волі. Калі ж будзе прызнана, што такія дзеянні ўчыненыя з выкарыстаннем СМІ альбо Інтэрнэту, то пакаранне можа быць цяжэйшым – да пяці гадоў няволі.

Сілавікі затрымалі 63-гадовага Андрэя Толчына напрыканцы верасня і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На наступны дзень пасля затрымання ў кватэры, дзе Андрэй жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі кампутарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Тлумачылі жонцы, што ператрус ладзіўся нібыта ў межах справы за экстрэмізм.

Неўзабаве пасля ператрусу Толчына перавялі ў СІЗА №3 на вуліцы Кніжнай у Гомлі.

Hавiны
Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка: Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця
2023.10.04 18:37

Андрэй Толчын у дэмакратычным асяродку Гомля стаў заўважнай асобай яшчэ ў 1990-х гадах, калі Беларусь здабывала сваю незалежнасць, распавядае БАЖ. Працаваў тады наладчыкам апаратуры на радыёзаводзе «Прамень». Удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, які выступаў за абарону правоў рабочых. На дэмакратычнай аснове абіраўся дэпутатам Гомельскага гарадскога савету 21-га склікання – гэта акурат той савет, адзін з двух у Беларусі, які ў жніўні 1991 года адкрыта выступіў супраць камуністычнага дзяржаўнага перавароту ў Маскве і вітаў абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У гарсавеце Андрэй уваходзіў у камісію па сувязях з грамадскасцю і СМІ. Ён быў сябрам зліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час ачольваў гарадскую арганізацыю гэтай партыі. Апекаваўся дзейнасцю дэмакратычных дабрачынных фондаў. Зведаў таксама і беспрацоўе.

Hавiны
Былую журналістку Шчыракову этапавалі ў Гомельскую калонію
2023.10.01 11:54

Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, за што яго шмат разоў штрафавалі і нават адпраўлялі «на содні» за краты паводле адміністратыўных пратаколаў. У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне пратэстаў, паводле ўладаў – за ўдзел у масавых беспарадках.

Па стане на 13 кастрычніка 2023 года, у Беларусі за кратамі знаходзяцца 34 журналіста і супрацоўніка медыя.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў