Вынеслі прысуд былой гомельскай журналістцы Ларысе Шчыраковай – 3,5 года калоніі


Былой гомельскай журналістцы і культурнай дзяячцы Ларысе Шчыраковай 31 жніўня агучылі прысуд – 3,5 года калоніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Таксама яе пакаралі штрафам 3500 рублёў, паведамляе радыё «Свабода».

Ларыса Шчыракова падчас судовага паседжання. Крыніца: viasna96 / Telegram

На Ларысу Шчыракову завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб распаўсюдзе ў інтэрнэце заведама непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь (арт. 369-1, ч. 1), а таксама абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК). Суддзёй у справе выступаў Мікалай Доля.

Пасля абвяшчэння выраку Шчыракова заявіла, што не будзе яго абскарджваць.

«Вырак Ларысе Шчыраковай – чарговая расправа і помста журналістам і журналісткам. Бо манаполія на інфармацыю – гэта тое, без чаго аніводныя дыктатарскія рэжымы не могуць трымацца ля ўлады. Таму яны і пераследуюць медыя і журналістаў», – так пракаментавалі прысуд у Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Паводле версіі пракуратуры, абвінавачаная са жніўня 2020 года да снежня 2022 года прапанавала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце «інфармацыйныя матэрыялы з загадзя непраўдзівымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама яна «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўванне, захоўванне і перадачу аўдыё-, відэа-, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат», сказана ў паведамленні Генпракуратуры.

Шчыракову затрымалі ў Гомлі 6 снежня 2022 года. Пасля гэтага ейнага 16-гадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў «сацыяльна-педагагічны цэнтр». Хлопца сваякам не аддавалі, спасылаючыся на тое, што чакаюць «законнага прадстаўніка» – бацьку, які жыве ў Новасібірску. Пазней падлетка ўсё ж забраў бацька, які адмыслова прыляцеў з Расеі.

Да 2021 года Шчыракова супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў. Раней палітзняволеная ўзначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака», зліквідаваную ўладамі. Дзякуючы Ларысе Шчыраковай шмат хто зацікавіўся беларускай культурай: яна ладзіла святы Купалле, абрад «жаніцьбу Цярэшкі», Каляды, іншыя імпрэзы. На ейнае запрашэнне ў 2000-я гады ў Гомель прыязджалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы. У 2018 годзе яна стварыла ток-пляцоўку «Медыяпрастора», дзе праходзілі трэнінгі для журналістаў. Зняла шэраг дакументальных фільмаў.

З жніўня 2020 года Ларысу неаднаразова затрымоўвалі і судзілі паводле адміністратыўных артыкулаў. З пачатку 2021 года ў яе ўдома прайшло не менш за чатыры ператрусы. Пасля чарговага ператрусу і допыту ў лютым мінулага года на сваёй старонцы ў Facebook яна напісала, што пакідае журналістыку.

На дзень 31 жніўня ў Беларусі за кратамі застаюцца 33 журналісты.

Hавiны
Палітзняволеная гомельская журналістка Ларыса Шчыракова сустрэлася з сынам у СІЗА
2023.05.31 14:22

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў