«Гэта дакладна быў белы фосфар», – беларускі ваяр Урбановіч пра абстрэлы ў Бахмуце


Тыдзень таму свет абляцелі кадры масаванага абстрэлу Бахмуту нечым падобным да белага фосфару. Баец палка Каліноўскага Дзяніс Урбановіч расказаў радыё «Свабода» пра гэткія абстрэлы.

Дзяніс Урбановіч на фронце ва Украіне
Дзяніс Урбановіч на фронце ва Украіне.
Фота: Дзяніс Урбановіч / Svaboda.org

Колішні лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч другі год на вайне ва Украіне, тройчы атрымліваў раненні, але зноў і зноў вяртаўся на фронт. Інтэрв’ю ён даў падчас ратацыі – па вяртанні з Бахмуту, дзе трываюць найбольш інтэнсіўныя баявыя дзеянні.

Паводле Урбановіча, расейскія вайскоўцы абстрэльваюць Бахмут менавіта белым фосфарам. Абстрэлы ідуць па начах ці то артылерыяй, ці то ракетамі, але не з самалётаў.

«Проста прыляціць нешта, узарвецца, а разрыў — як феерверк, белыя агеньчыкі з неба падаюць, – расказвае Урбановіч. – Аднаго разу мы ледзь не трапілі пад такі абстрэл — паспелі адысці за некалькі хвілінаў. Пашанцавала. Гэта дакладна быў белы фосфар — іншыя разрывы такога віду не маюць».

Таксама ён бачыў на зямлі «скруткі» белага рэчыва – да такіх забараняюць дакранацца ці спрабаваць сцерці іх, калі трапілі на адзенне.

«Адзінае выйсце — хутка распранацца, – тлумачыць Урбановіч пра тое, што рабіць, калі белы фосфар трапіў на адзенне. – Пазбаўляцца ад адзежы, амуніцыі, усяго, на што трапіў белы фосфар. Ні ў якім разе не спрабаваць яго заліць вадой. Рэчыва прапальвае вопратку, потым да касцей чалавечыя тканкі, вельмі цяжка тады залечваць гэтыя раны. У нашых каліноўцаў такіх ранаў няма, шанцуе. Але ведаю, што некаторыя ўкраінцы ад гэтага пацярпелі. Расейскія войскі не саромеюцца ўжываць белы фосфар, хоць ён лічыцца хімічнай зброяй. Яны адмаўляюць нават, што маюць такую зброю, але мы бачым яе сляды ўсё часцей».

Абстрэл Бахмуту фосфарнымі бомбамі
Абстрэл фосфарнымі бомбамі. Бахмут, Украіна. 5 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: ukr_sof / Telegram

Баі ў Бахмуце трываюць амаль 10 месяцаў. Урбановіч расказвае, што б’юцца за кожную вуліцу і кожны дом. Украіна трымае каля 7 % гораду з заходняга боку. Ён пацвердзіў, што нядаўна Збройныя сілы Украіны разбілі пад Бахмутам дзве роты расейскіх войскаў, «але гэта невялікая перамога: то яны нас, то мы іх». Абяцаны «групай Вагнэра» адыход з Бахмуту ён абвяргае: «Нікуды яны не падзенуцца, бо свае не дадуць ім адысці». Але па флангах ад «вагнэраўцаў» сапраўды ваююць рэгулярныя войскі.

Хоць менавіта белы фосфар не раскідваюць з самалётаў, у Бахмуце Расея ўжывае авіяцыю, расказвае ён: «З самалётаў разбіваюць ушчэнт апошнія дамы».

«Неяк рызыкнуў і знарок падняўся на ўзвышша, каб паглядзець адтуль на тое, што засталося ад гораду, – кажа Урбановіч пра Бахмут. – Жывога месца няма, а ўсё бамбяць і бамбяць».

Таксама ў расейскіх войскаў стала больш дронаў, а масаваныя лабавыя атакі пяхоты змяніліся на баі маленькімі групамі, расказвае ваяр. Ды ступень бязладдзя ў расейскіх сілах не зменшылася: расейцы трапляюць пад удары сваёй жа артылерыі.

Белы фосфар фармальна не лічыцца хімічнай зброяй, але ягонае ўжыванне забароненае ў пэўных выпадках: выкарыстанне такой зброі супраць мірнага насельніцтва строга забароненае Пратаколам III да Канвенцыі аб канкрэтных відах звычайнай зброі, якія могуць лічыцца якія наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць нявыбарчае дзеянне.

Фосфарныя бомбы змяшчаюць у сабе запаленчае злучэнне, тэмпература гарэння якога перавышае 800 °C. Выбухная хваля можа раскідаць рэчыва па тэрыторыі плошчай некалькі соцень квадратных метраў. Белы фосфар атрутны, яго парамі можна атруціцца, таксама ён здольны нанесці цяжкія траўмы, спальваючы скуру і косці. З пачатку вайны ўкраінскія ўлады неаднаразова паведамлялі аб тым, што расейскія вайскоўцы скідаюць фосфарныя бомбы на гарады Луганскай і Данецкай вобласцяў.

Агляд
Расейскія «ваенкоры» запанікавалі. Што вядома пра вайну ва Украіне на ранак 12 траўня
2023.05.12 10:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў