Расейскія «ваенкоры» запанікавалі. Што вядома пра вайну ва Украіне на ранак 12 траўня


Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 443-ці дзень. Пакуль Украіна рыхтуе наступ, расейскія прапагандысты сеяць паніку. «Белсат» расказвае галоўнае, што вядома на ранак 12 траўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы Збройных сілаў Украіны кіруюць дронам.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Хоць падчас вайны немагчыма праверыць паведамленні ўдзельнікаў вайны, выглядае на тое, што станам 12 траўня Збройныя сілы Украіны не пачалі маштабны наступ, хоць мелі пэўныя поспехі на асобных напрамках – і ашаламляльны поспех на інфармацыйным фронце.

Зводка Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны раніцай 12 траўня выглядае звычайнай. Паведамляюць пра ракетныя ўдары Расеі па Славянску, Канстантынаўцы і Запарожжы, шматлікія авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары. Паводле Генштабу ЗСУ, асноўныя высілкі Расея засяроджвае на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім напрамках, бароніцца на запарожскім і харкаўскім.

Статыстыка пра страты Расеяй асабовага складу і тэхнікі ад Генштабу ЗСУ таксама звычайныя: за мінулы дзень мінус 750 чалавек (агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны 197 670 чалавек), мінус пяць танкаў (агулам 3745), мінус 8 бронемашынаў (агулам 7295), мінус 15 артылерыйскіх сістэмаў (агулам 3068) і гэтак далей. На графіку бачна, што асаблівага ўсплёску ў гэтай статыстыцы няма.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што апошнімі днямі ўкраінскія войскі, імаверна, прарвалі некаторыя лініі абароны Расеі ў лакальных атаках пад Бахмутам, дзе трываюць самыя інтэнсіўныя баі. Аб прасоўванні на пару кіламетраў пад Бахмутам украінскі бок казаў яшчэ днём раней. Шэраг крыніцаў з абодвух бакоў пацвярджае, што ЗСУ наступае па флангах пад Бахмутам. Міністэрства абароны Украіны заяўляе, што ЗСУ прасунуліся на бахмуцкім напрамку на 2 км і сваіх пазіцыяў не страцілі.

З’яўляюцца відэа адступленняў расейскіх войскаў – напрыклад, такія. Наколькі гэткая з’ява масавая, незразумела. На думку аналітыкаў ISW, Расея размяшчае «нізкаякасныя» сілы на флангах пад Бахмутам, з чаго робяць выснову: Расея пакінула ідэю атачыць там значную колькасць украінскіх войскаў.

Каментар
«Калонамі выязджаюць і вайскоўцы, і калабаранты». Кіраўнік «Енергоатому» – пра эвакуацыю расейцаў з Энергадару
2023.05.11 22:29

Гэта не выглядае на маштабны наступ, які прагназуюць з зімы. Як піша CNN са спасылкай на заходніх вайскоўцаў, украінскія войскі толькі пачалі падрыхтоўку да наступу – «фармавальныя» аперацыі з нанясеннем удараў па складах зброі, камандных цэнтрах, бранятанкавых і артылерыйскіх сістэмах.

Ды ўкраінскі бок захоўвае ў сакрэце планы наступу, розныя спікеры выказваюць разнастайныя здагадкі пра тое, дзе і калі ЗСУ пойдуць у атаку. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вечарам 11 траўня толькі загадкава падзякаваў асобным падраздзяленням, якія «асабліва адзначыліся ў абароне дзяржавы ад пачатку гэтага тыдня». Журналістам BBC ён казаў, што для падрыхтоўкі наступу яшчэ патрэбны пэўны час.

У супольнасці расейскіх «ваенкораў» – франтавых блогераў і карэспандэнтаў – не прынята захоўваць «рэжым цішыні». 11 траўня «ваенкоры» абвясцілі аб пачатку ўкраінскага наступу, распавялі пра буйныя перамяшчэнні танкавых калонаў. Колішні кіраўнік баевікоў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) нават дапускаў, што ЗСУ могуць захапіць ці разбурыць населеныя пункты на тэрыторыі Расеі – у Белгарадскай, Бранскай ці Курскай вобласцях. Былы кіраўнік «Роскосмасу» Дзмітрый Рагозін заклікаў правесці другую хвалю мабілізацыі, бо «вораг мацнейшы за нас». З некаторых паведамленняў магло скласціся ўражанне, што Украіна наступае ці не па ўсіх франтах.

Паніка сярод «ваенкораў» дайшла да таго, што Міністэрства абароны Расеі вечарам 11 траўня выступіла з абвяржэннем: «прарываў абароны», пішуць, не было, «абстаноўка пад кантролем».

Найбольш пра маштабны наступ пісалі «ваенкоры», звязаныя з «групай Вагнэра». Кіраўнік баевікоў «групы Вагнэра» Яўгеній Прыгожын абвінаваціў рэгулярную расейскую армію ў здачы пазіцыяў і працягнуў намякаць на незадаволенасць не толькі вайсковым камандаваннем, але і асабіста Уладзімірам Пуціным. ISW адзначае, што заявы Прыгожына «сур’ёзна непакояць вярхушку Расеі».

Аналітыка
«Наш вораг не ЗСУ». Прыгожын не сыходзіць з Бахмуту, але працягвае павышаць стаўкі
2023.05.11 18:30

Тым часам працягваюцца дыверсіі на акупаваных Расеяй тэрыторыях і на землях самой Расеі. Так, кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі ў Запарожскай вобласці распавёў 11 траўня пра замах на старшыню суду, у выніку якога пацярпелі два ахоўнікі. А ў горадзе Старадуб Бранскай вобласці, паводле заявы тамтэйшай адміністрацыі, беспілотнік 10 траўня ўдарыў па будынку ваенкамату.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў