«Вораг мацнейшы за нас». Дзмітрый Рагозін заклікае правесці другую хвалю мабілізацыі ў Расеі


Другая хваля мабілізацыі патрэбная, бо на вайне ва Украіне расейцам не хапае салдатаў, заявіў у эфіры радыёстанцыі «Говорит Москва» былы кіраўнік «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін.

Дзмітрый Рагозін.
Фота: Раскосмас

Дзмітрый Рагозін раней з’ехаў на фронт, дзе ўзначаліў групу ваенных дарадцаў «Царскія ваўкі» і цяпер распавядае, што ў расейцаў ёсць праблемы з асабістым складам – «хлопцаў раняць, байцоў забіваюць».

«Мы ж не з бантустанам нейкім ваюем, разумееце. Гэта ж не аперацыя ў Сірыі супраць нейкіх маджахедаў. Гэтая вайна, па сутнасці справы, на якую мы былі вырачаныя вельмі доўгія-доўгія гады. Яна пачалася і яна не магла не пачацца, я ў гэтым абсалютна перакананы. Але гэта вайна не з Украінай. Гэта, па сутнасці справы, вырашэнне пытання жыцця і смерці для нашай краіны. Гэта наш экзістэнцыйны выбар, разумееце. Трэба мець на ўвазе, што вораг мацнейшы за нас. Мы не можам тут дзейнічаць такім чынам, што кожны сам за сябе. Таму патрэбная мабілізацыя. Яна павінна была прайсці не толькі адна на пачатку восені, павінна была прайсці яшчэ адна», – сказаў Рагозін.

Паводле былога кіраўніка «Раскосмасу», расейская армія працягвае несці страты, нават калі баявыя дзеянні знаходзяцца на паўзе – гэта адбываецца праз артылерыйскія абстрэлы.

«Іх трэба папаўняць <…>. Прыйдзецца кожнаму мужчыне ў нашай краіне адказаць на гэтае пытанне: дзе ты быў, калі нашай краіне было цяжка», – зазначыў Рагозін і дадаў, што пазбегнуць другой хвалі мабілізацыі можна толькі пры ўмове масавага наплыву ахвочых адправіцца на вайну па кантракце.

Паводле Дзмітрыя Рагозіна, цяпер набор добраахвотнікаў адбываецца не вельмі хутка і эфектыўна, нягледзячы на тое, што ёсць «каласальны рэзерв» з афіцэраў і вайскоўцаў, якія служылі ў арміі Расеі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў