«У лёгкіх застаецца кроў». Каліновец Дзяніс Урбановіч распавёў пра трэцяе раненне


Баец палка імя Кастуся Каліноўскага і лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч расказаў «Нашай Ніве», як атрымаў раненне ў грудную клетку.

Дзяніс Урбановіч у шпіталі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Трапіла куля проста ў грудзі і пайшла па целе, уперлася ў рэбры. Дыхаць не вельмі добра, лёгкае пашкоджанае», – расказаў пра стан здароўя пасля ранення Дзяніс Урбановіч.

Ваяру ўжо зрабілі аперацыю і пачуваецца ён больш-менш нармальна.

Дзяніс Урбановіч перадае словы лекараў, якія кажуць, што ўсё загоіцца, але для гэтага патрэбны час: пашкоджаная дыяфрагма, грудная клетка, зламаныя дзве рабрыны.

«У лёгкіх застаецца кроў, цяпер ставяць дрэнаж», – распавёў ваяр палка імя Кастуся Каліноўскага.

Пра тое, што Урбановіч і ягоныя саслужыўцы былі параненыя, 5 снежня паведаміла прэс-служба палка Каліноўскага. Байцоў эвакуявалі, ім была своечасова аказаная медычная дапамога», – гаварылася ў паведамленні.

Гэта ўжо трэцяе раненне Дзяніса Урбановіча. Летам 2022 года ён атрымаў кантузію, а ў лістападзе – асколачнае раненне. Полк Кастуся Каліноўскага зараз бароніць ад расейскіх войскаў Бахмут – найгарачэйшае месца на ўсходзе Украіны.

ВІДЭА
Як беларускія добраахвотнікі абараняюць Бахмут
2023.01.06 18:50

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў