Хто такая Сабаленка: першая ракетка свету, якая толькі нядаўна выказалася супраць вайны


Беларуска Арына Сабаленка ўжо пяць гадоў у сусветным топ-20 тэнісістак, з пачатку 2023-га змагалася за першае месца ў рэйтынгу – і нарэшце дасягнула яго 11 верасня. А прытым зусім нядаўна прасіла «хоць трошкі падтрымання» пасля скандалаў, звязаных з «палітычным маўчаннем».

Арына Сабаленка
Арына Сабаленка ў паўфінале «Wimbledon». ЎІмблдан, Злучанае Каралеўства. 13 ліпеня 2023 года.
Фота: Adrian Scottow / Flickr, CC BY-SA 2.0

Як развівалася кар’ера Сабаленкі

Арына Сабаленка нарадзілася ў Менску 5 траўня 1998 года. Бацька, аматар хакею, аддаў яе ў секцыю тэнісу ў 6 гадоў. У 12 гадоў выгуляла адкрытае першынство дзіцячых школаў алімпійскага рэзерву, потым перамагла на яшчэ некалькіх дзіцячых турнірах, але на юнацкіх выступала не надта яскрава.

У дарослы тэніс прыйшла ў 2012 годзе: калі ёй было 14, выступіла на менскім турніры цыклу Міжнароднай федэрацыі тэнісу (ITF) – у гэткім пераходным этапе між аматарскім спортам і галоўнымі турнірамі Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Перамагаць на буйных турнірах пачала ў 2015-м, а ў 2016-м дэбютавала ў зборнай Беларусі, у 2018-м узяла першы тытул у WTA-туры – перамагла на турніры ў амерыканскім Нью-Гэйвэне.

З таго часу не выходзіла з топ-20 адзіночнага сусветнага рэйтынгу WTA, стала паспяхова выступаць у парных гульнях разам з бельгійкай Элісэ Мэртэнс і ў 2021 годзе заняла першае месца ў парным рэйтынгу WTA, паднялася да 2-га месца ў адзіночным разрадзе. 2022-і год для Арыны быў не самы ўдалы: без перамог у фіналах турніраў дайшла толькі да паўфіналу «US Open».

У 2023-м Сабаленка перамагла на «Australian Open», дайшла да паўфіналаў «Roland Garros» і «Wimbledon», а пасля паразы ў фінале «US Open» паднялася на першае месца рэйтынгу WTA. Былая першая ракетка свету, Іга Сьвёнтэк, вылецела з турніру «US Open» у ⅛ фіналу. Арына – толькі другая беларуска, якая паднялася на 1-ю ступень рэйтынгу WTA: да яе першаю ракеткаю свету станавілася ў 2012 годзе Вікторыя Азаранка, якая пратрымалася на першым месцы 51 тыдзень.

Яна сапраўды моцная

Стыль гульні Сабаленкі называюць магутным і агрэсіўным. Асабліва адзначаюць моцную падачу – мяч ад яе можа паляцець на хуткасці да 214 км/гдз. Праўда, трапнасць нестабільная – часта хібіла. Гэта прызнаваў і ейны трэнер, але дадаваў, што Арына – «як пластылін» у тэхнічным плане, хутка «лепіцца» ў патрэбным кірунку.

Адна амерыканская каментатарка назвала Сабаленку «ўвасабленнем тэнісу вялікай цёткі» ў пазітыўным сэнсе: з захапленнем казала, што гэта «прынцэса-ваярка», была ў замілаванні і ад ейных магутных плечаў, і ад усмешкі, уяўляла Арыну ў даспехах.

Насамрэч Сабаленка не такая ўжо і волатка: рост – 182 см, вага каля 80 кг. То бок зусім не самая высокая ў гісторыі WTA: напрыклад, вядомая расейская тэнісістка Марыя Шарапава мае рост 188 см, а рэкорд росту тэнісістак WTA – 190 см. Праўда, Арына адчувальна вышэйшая не толькі за сярэднестатыстычную беларуску (166 см), але і за сярэдняга беларуса (178 см).

Што вядома пра асабістае жыццё

Сабаленка расказвала, што ў 9 гадоў зразумела: «тэніс ёй не пасуе», але працягвала ім займацца, каб не расчараваць бацькоў. Яна была вельмі блізкая з бацькам, ды той раптоўна памёр у 2019 годзе. Казала, не адчувала болю ад страты толькі на корце і ў трэнажорнай зале.

У сацсетках ды інтэрв’ю Арына расказвае і пра канфлікты з былымі трэнерамі (даўно аддае перавагу трэнерам-мужчынам), і пра асабістае жыццё. Раней расказвала пра раман з беларускім хакеістам Мацвеем Бажком. Пазней казала, што не пагадзілася выйсці замуж за былога хлопца (імя якога не раскрывала, але казала, што гэта не беларус), але скарысталася ім у «цяжкай жыццёвай сітуацыі».

Цяпер Сабаленка не ўтойвае раману з беларускім хакеістам Канстанцінам Кальцовым, старэйшым за яе на 17 гадоў. Кальцоў разведзены, ягоная былая жонка намякала, што спартоўка звяла ў яе мужа, пакуль тая сядзела з малымі дзецьмі.

У Сабаленкі праблемы праз Лукашэнку і грамадзянства

Гэтым летам на турніры «Roland Garros» з Сабаленкаю здарылася серыя непрыемных гісторыяў. Спачатку адна ўкраінская тэнісістка адмовілася паціснуць ёй руку, потым яна сумнеўна выказалася пра непадтрыманне вайны ва Украіне, затым двойчы адмовілася адказаць на пытанне пра падтрыманне вайны і рэжым Аляксандра Лукашэнкі ды ўрэшце адмовілася ад пасляматчавых прэс-канферэнцыяў, пазней ёй не паціснула рукі яшчэ адна ўкраінская тэнісістка, а Арына ўсё ж прыйшла на прэс-канферэнцыю і сказала, што не падтрымлівае вайны, а значыць, не падтрымлівае Лукашэнкі «проста цяпер».

Hавiны
Арына Сабаленка праз негатыўныя каментары ў свой адрас хацела скончыць з тэнісам
2023.06.15 19:24

Прытым у 2020 годзе Сабаленка падпісала праўладны ліст спартоўцаў, у 2021-м брала ўдзел у запісе навагодняга звароту Лукашэнкі. Польскі спартовы журналіст пытаў яе, як гэта яна заклікае «не спалучаць спорту з палітыкай», калі да нядаўняга часу спалучала.

За Сабаленку заступалася іншая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка: казала, Арыну «схілялі» да адказаў на складаныя пытанні, не ведаўшы «асабістых узаемасувязяў і ўсёй карціны». А трэнер Сабаленкі Антон Дуброў заяўляў, што ў Беларусі «калі ты сказаў слова „вайна“, то ОК, ты памрэш за кратамі». Праўда, Арына даўно жыве ў Маямі – у Злучаных Штатах Амерыкі.

Скандал вакол Сабаленкі і стаўлення да вайны ва Украіне не сціхалі, на «US Open» яшчэ адна ўкраінская тэнісістка не паціснула ёй рукі. Выглядае, што скандалы Арыну сапраўды непакояць: пасля перамогі ў паўфінале «US Open» яна прасіла гледачоў падтрымліваць яе «хоць крышачку, хоць часам» (аднак, магчыма, мела на ўвазе працягласць матчаў). А пасля паразы ў фінале прызналася, што хоць яна «не ў супердэпрэсіі», але пойдзе вып’е алкаголю. Ды пра тое, чаму ўкраінкі не ціснуць ёй рукі, казала толькі, што з разуменнем ставіцца да такой «нестандартнай практыкі» і не асуджае гэтага.

Беларусы не адчуваюць у ёй суайчынніцу?

Даходзіць да таго, што Сабаленку называюць «самаю ненавіснаю тэнісісткаю». З каментароў у сацсетках выглядае, што і сярод беларускіх заўзятараў нямала тых, хто ставіцца да Арыны негатыўна і звязвае яе з Лукашэнкам, нават цешыцца ейным паразам. Гэта заўважае і спартовы журналіст Аляксандр Пуціла ды кажа «Белсату», што беларусы ў асноўнай масе не супраць яе, а, хутчэй, ставяцца абыякава.

Меркаванне пра Сабаленку склалася і наўрад ці зменіцца хутка, канстатуе спартовы журналіст. Адзін раз сказала, што не падтрымлівае вайны, але «не трэба крычаць пра гэта», потым яшчэ раз сказала, што не падтрымлівае вайны і Лукашэнкі. Але колькі гадоў падтрымлівала Лукашэнку? У памяці беларусаў – і гісторыя пра тое, што Арына нібыта звяла мужа з сям’і з траімі дзецьмі. Да таго ж Сабаленка на корце паводзіць сябе нервова і раздражнёна, крычыць і кідае ракетку – магчыма, камусьці сорамна за такія ейныя паводзіны.

«Як мне здаецца, беларусы адчуваюць, што яна не любіць беларусаў, як і Вікторыя Азаранка.

Сабаленка любіць свайго бацьку, які пайшоў з жыцця, яна яму ўсё жыццё адданая. Азаранка кажа, што прыязджае ў Беларусь, каб сустрэцца з бабуляю, бо вельмі любіць бабулю сваю… Я не чуў ні разу, каб яны казалі, што, маўляў, мы любім Беларусь, любім нашых беларусаў, што мы з вамі, і гэтак далей», – разважае Пуціла.

На думку суразмоўцы, беларусы не адчуваюць у ёй суайчынніцы. Ён нагадвае пра Каралінэ Вазняцкі: этнічную польку, якая нарадзілася ў Даніі, але размаўляе па-польску. А Сабаленка ці Азаранка нават не згадваюць сваёй беларускасці, «жывуць у сваім свеце».

Тэнісісты – людзі вельмі індывідуальныя, і гэта можа адштурхоўваць заўзятараў, мяркуе Пуціла. І відаць, што як Сабаленка, гэтак і Азаранка напраўду адзінокія. Журналіст мяркуе, што Арына мае хіба адну сяброўку. «Шырокую душу», якая падабаецца народу, у тэнісе рэдка пабачыш.

Пуціла перакананы, што Арына пакутуе, не можа жыць адкрыта і радасна: «можа, проста характар такі», дапускае ён.  А характар той яшчэ і выбуховы: журналіст заўважае кантраст з той жа Ігаю Сьвёнтэк, якая ракеткамі не кідаецца і на корце не крычыць. Што зрабіць, каб за Сабаленку пачалі заўзець, суразмоўца не ўяўляе.

Меркаванні
Чаму я не заўзеў за Арыну Сабаленку?
2023.06.07 19:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў