Арына Сабаленка праз негатыўныя каментары ў свой адрас хацела скончыць з тэнісам


Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка расказала, што амаль кінула тэніс у 2022 годзе праз негатыўныя каментары і пагрозы ў яе адрас пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Аб гэтым яна распавяла ў другой частцы тэніснага серыялу Netflix Break Point, перадае выданне Express.co.uk.

Эпізод серыялу Break Point з Арынай Сабаленка. Скрыншот з відэа: netflix.com

Арына Сабаленка нядаўна трапіла ў загалоўкі газет, калі сутыкнулася з негатывам наконт сваёй пазіцыяй па вайне ва Украіне і яе мінулымі сувязямі з Лукашэнкам. 25-гадовая дзяўчына асудзіла вайну і ягоныя дзеянні, але прапусціла дзве свае прэс-канферэнцыі пасля таго, як размова з адным украінскім журналістам прымусіла яе адчуць сябе «небяспечна».

У эпізодзе дакументальнага серыялу Netflix гаворыцца, што Сабаленка змагацца з вайной з таго часу, як яна пачалася ў лютым мінулага года. Яе можна ўбачыць у слязах, калі яна кажа сваёй камандзе, што хоча спыніць кар’еру.

«Я з Беларусі, таму мне было вельмі дрэнна. Гэта цяжка. Гэта сапраўды цяжка, з чым яны маюць справу. Калі б я магла кантраляваць гэта, то, вядома, я зрабіла б усё магчымае, каб гэта спыніць», – сказала Сабаленка.

«Усе пачалі казаць: «Вы павінны забараніць усіх гульцоў з Расеі і Беларусі», і я падумала, што ўсё глядзяць на мяне дзіўна, разумееце? Я адчувала, што ўсе мяне ненавідзяць з-за маёй краіны», – дадала спартсменка.

Трэнер тэнісісткі Антон Дуброў, які таксама з Беларусі, патлумачыў сітуацыю так:

«Вы пачынаеце адчуваць сябе сапраўды вінаватым, таму што вашая краіна з’яўляецца часткай гэтага. Але таксама вы павінны быць вельмі асцярожнымі, таму што ў Беларусі вы не можаце сказаць ні слова пра тое, што адбываецца. Ці калі вы проста скажаце слова «вайна», гэта ўсё роўна што «добра, ты памрэш у турме». Так што гэта вельмі складана».

Дуброў прызнаў, што правалы Сабаленкі летась былі звязаныя з ейнай рэакцыяй на канфлікт.

Эпізод серыялу Break Point з Арынай Сабаленка. Скрыншот з відэа: netflix.com

Таксама Сабаленка расказала аб пагрозах забойствам, якія ёй прыходзілі. «Пасля матчу я адкрыла Instagram, а затым першае, што з’явілася, гэта: «Ты, чорт вазьмі, ты памрэш» ці «Табе лепш памерці, і я хачу, каб уся твая сямʼя памерла ад раку», – расказала яна і дадала, што «больш не можа справіцца з гэтымі паведамленнямі. Гэта зашмат».

«Не кажы мне не хвалявацца. Цяпер усе глядзяць, як я па-чартоўску прайграю. Я проста больш не хачу гуляць у тэніс. Канец. Усё гэта кажа мне, што я павінна сысці», – кажа Сабаленка ў эпізодзе серыялу.

Пазней тэнісістка казала, што яе бацька, які памёр у 2019 годзе ва ўзросце ўсяго 44 гады, быў прычынай, па якой яна не здалася. «Ён марыў, што мы будзем перамагаць на турнірах «Вялікага шлема». Падумала: «Я не магу кінуць тэніс». Тата б гэтага не зразумеў», – сказала Сабаленка.

Эпізод серыялу Break Point з Сабаленка будзе выпушчана на Netflix 21 чэрвеня.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў