«Я бачу агонь у беларусах». Інтэрв’ю са Святланаю Ціханоўскаю


«Лёсы Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя. Перамога Украіны аслабіць Пуціна і Лукашэнку, – заявіла Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю Сяргею Пелясе на Варшаўскім форуме бяспекі. – Задача беларусаў – быць падрыхтаванымі да гэтага моманту, не разысціся, не скласці рук. Прапрацоўваць некалькі варыянтаў падзеяў, як гэта можа адбывацца». Што яшчэ можа паўплываць на дзеянні беларусаў, на мабілізацыю грамадства? У чым нашая галоўная задача? Наколькі перамены ў Беларусі залежаць ад вынікаў вайны Расеі супраць Украіны? Падрабязнасці – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы са Святланаю Ціханоўскаю.

Сяргей Пеляса: Як мы, беларусы, можам паўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі, бо мы цяпер за мяжою? Як зрабіць нашае вяртанне на радзіму ў будучыні бліжэйшым і магчымым?

Святлана Ціханоўская: Перш за ўсё мы не павінны раздзяляць беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі, і тых, хто з’ехаў за мяжу. Адзінае – той, хто з’ехаў і знаходзіцца ў бяспецы, павінен працаваць і за сябе, і за тых, хто застаўся. Цяпер у Беларусі амаль што немагчыма нічога зрабіць. Важна, каб беларусы ўнутры краіны захоўвалі свой баявы дух. Я ведаю, што так адбываецца, бо я праводжу размовы з беларусамі кожны тыдзень. Беларусы, якія тэлефануюць з краіны, кажуць: Святлана, мы не здаліся, і скажыце ўсім еўрапейцам, што мы тут і чакаем пэўнага моманту. Але тыя беларусы, якія могуць сабе дазволіць быць больш прабіўнымі і знаходзяцца за мяжою… перш за ўсё будаваць структуры і ўдзельнічаць у іх. Цяпер ідзе размова пра Каардынацыйную раду і выбары ў яе. Я бачу ў розных інтэрв’ю і меркаваннях, што «я не цікаўлюся, не буду ў гэтым удзельнічаць, гэта нецікава і мала праглядаў».

Але мы гэтай абыякавасцю давялі краіну да стану, дзе мы цяпер апынуліся. «Не лезу ў палітыку, жыву асабістым жыццём». Тое самае адбываецца цяпер. Чаму вам нецікава? Гэта таксама ваша адказнасць. Калі вы хочаце паўплываць, калі вам здаецца, што Ціханоўская мала робіць, калі ласка, улівайцеся ў структуру і давайце разам працаваць. Я не ўсё ведаю і не ўсё магу. Калі вы ведаеце як, калі ласка, прыходзьце, і будзем працаваць разам.

Медыі павінны быць вельмі актыўныя, каб адпрацоўваць беларускую павестку ў Беларусі перш за ўсё. Але, вядома, і за мяжой. Усе механізмы, якія мы спрабуем выкарыстоўваць для прыцягнення да адказнасці, для санкцыянавання палітычнай і эканамічнай ізаляцыі рэжыму… мы са свайго боку гэта ўсё робім. Час ад часу я бачу недахоп палітычнай волі ў заходніх краінах на тыя ж санкцыі. Можа, яны думаюць пра тое, як гэта ўплывае на беларусаў. Я ім кажу, што сваёй нерашучасцю вы даяце магчымасць акрыяць рэжыму ад тых санкцыяў і знайсці лазейкі ў гэтых санкцыях. Гэта толькі перашкаджае. Трэба быць рашучым, рабіць хутка, бо мы губляем час, а нашыя беларусы ў турмах. Іх тэрарызуюць, людзі паміраюць у турмах за тое, што вы вельмі павольна ўсё робіце. Вядома, шмат якія міжнародныя структуры не выконваюць таго мандату, які ў іх ёсць. Я выступала ў АБСЕ і казала, што вам не трэба ўзгадняць з усімі краінамі, каб патрабаваць доступ у турмы. Гэта ваш абавязак. Вы можаце рабіць гэта публічна. Не перасылайце адзін ліст у месяц з патрабаваннем доступу. Рабіце публічна і публічце адказ рэжыму, каб мы бачылі, што гэта рэжым не ідзе на саступкі. Калі я чую галасы, што трэба дамаўляцца з рэжымам… Вядома, што трэба, але мы павінны бачыць і іх. Як яны на гэта глядзяць. З кім дамаўляцца, калі там няма ніякага жадання? Яны толькі праз рэпрэсіі кантралююць беларусаў. Можна яшчэ казаць, што можна зрабіць з боку беларусаў і з боку міжнароднай супольнасці. У нас не хапае чалавечых рэсурсаў. Тры гады – вялікі тэрмін. Гэта цяжкая барацьба, трэба аддаваць і свой чалавечы рэсурс, матэрыяльны рэсурс. Я бачу агонь у беларусах. Шмат хто не сыходзіць і працягвае працаваць. Наша галоўная задача гэтую веру ў перамены захаваць у беларусах унутры краіны. Вядома, бачанне рознае ўнутры краіны і звонку. Гэты агеньчык трэба падтрымліваць.

Рэжым Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі штодзённа. Рэжым акапаўся. Яны рыхтуюцца да доўгатэрміновай аблогі. Ці дапускаеце вы сцэнар, калі тыя сотні тысяч беларусаў, мы з вамі ўвогуле ніколі не вернемся ў Беларусь? Ці дапускаеце вы такую думку і такі варыянт падзеяў?

Я асабіста за тры гады такой думкі ніколі не дапусціла. Я выехала з Беларусі, каб вярнуцца, а не каб застацца. Я бачыла апытанні, што амаль 40 % беларусаў, якія з’ехалі ў Польшчу, там рыхтуюцца застацца. Мяне гэта вельмі здзівіла, бо ў размовах са мной беларусы кажуць: мы будзем вяртацца, мы хочам у Беларусь, гэта наша радзіма, трэба адбудоўваць нашую краіну. Трэба з гэтым працаваць. Я не ведаю, калі гэта адбудзецца, кажу шчыра, але я ўпэўненая, што мы вернемся. Гэта наш абавязак перад тымі, хто цяпер у турмах. Гэта наша першачарговая задача, бо кожны дзень каштуе жыцця і здароўя нашых палітвязняў, нашых сяброў. Нават маральна нельга дапускаць такой думкі. Калі яе дапусціш…

Ты ўжо прайграў.

Абсалютна. Калі ты моцны духам і ты будзеш працягваць ісці наперад…

Наколькі лёсы беларусаў залежаць ад нас і нашых дзеянняў, а наколькі залежаць ад таго, што цяпер папулярна казаць, – выніку вайны Расеі супраць Украіны? Ад перамогі Украіны ў гэтай вайне? Як вы гэта бачыце?

Адназначна лёс Украіны і Беларусі ўзаемазвязаны. Я заўжды гэта кажу, і відавочна, што перамога Украіны аслабіць Пуціна і Лукашэнку. Задача беларусаў – быць падрыхтаванымі да гэтага моманту. Не разысціся, не скласці рук, прапрацоўваць некалькі варыянтаў падзей. З іншага боку, унутраны трыгер можа паўплываць на падзеі ў Беларусі, мабілізацыю людзей.

Ніхто не чакаў 2020 года. Не было перадумоваў, каб адбылася наша рэвалюцыя. Людзі цяпер іншыя. Яны не дазволілі Лукашэнку перагарнуць старонку. Людзі рыхтуюцца да перамен праз розныя метады. Некаторыя папросту вераць, што перамога будзе.

Некаторыя для гэтага нешта робяць. Трэція адукуюцца, як лепш рабіць, як самаарганізоўвацца, што такое дэмакратыя, што такое еўрапейскі шлях, чаму гэта альтэрнатыва «русскому миру». Самаадукаванасць – гэта вельмі важна. Ёсць меркаванне ў людзей і ўнутры краіны, і за межамі, што толькі калі Украіна пераможа, мы здолеем пераадолець Лукашэнку. Гэта таксама не вельмі добры шлях меркавання. Кожны дзень і ад беларусаў залежыць. Ціск, падтрыманне палітзняволеных, вера ў саміх сябе, што барацьба не скончыцца, пакуль не будуць новыя выбары і Беларусь не стане на дэмакратычны шлях. Усё ўзаемазалежнае. Не можа ізалявана перамога Украіны паўплываць на падзеі ў Беларусі. Таксама нам без вонкавай дапамогі, без перамогі Украіны будзе цяжка знішчыць рэжым Лукашэнкі. Але трэба працаваць на раздзяленне элітаў, на дапамогу беларусам. Шмат арганізацый у нас працуюць. Вельмі важна структуравацца. Вонкавы свет не размаўляе з людзьмі, ён размаўляе са структурамі. Калі ў вас ёсць ідэі, як палепшыць нашую працу, далучайцеся да Каардынацыйнай рады, розных ініцыятываў, бо мазгоў і рук не бывае шмат.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 09.10.23

ПраСвет
Беларусь маўкліва прызналі сферай уплыву Расеі? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2023.10.06 14:18

belsat.eu

Стужка навінаў