Піяраўскі правал і карыснае маўчанне. Што трэба ведаць пра візіт Лукашэнкі ў Маскву


Візіт Аляксандра Лукашэнкі аказаўся адначасова нечаканым, беззмястоўным і вельмі кароткім. Распавядаем, навошта гэта візіт спатрэбіўся, і чаму ён выглядаў настолькі фармальна.

Уладзімір Пуцін паціскае руку Аляксандру Лукашэнку перад ваенным парадам у Дзень Перамогі ў Маскве, Расея. 9 траўня 2023 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Візіт Лукашэнкі ў Маскву не планаваўся. У канцы красавіка расейскія медыі пісалі, што адзіным замежным лідарам, які прыме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах на Краснай плошчы будзе прэзідэнт Кыргызстану Садыр Жапараў. Аднак 8 траўня раптам адно за адным сталі з’яўляцца пра тое, што ў Маскву накіроўваюцца іншыя лідары краінаў СНД: прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў, кіраўнік Туркменістану Сердар Бердымухамедаў. Пра візіт Лукашэнкі дзяржаўныя медыі паведамілі толькі ў той момант, калі ён ужо прыляцеў у Масква – папярэдняга анонсу не было.

Прысутнасць замежных лідараў на парадзе 9 траўня ў Маскве заўсёды быў своеасаблівым індыкатарам дыпламатычных поспехаў Расеі, яе міжнароднага іміджу і адкрытасці свету. У савецкія часы на парады прыязджалі толькі лідары краіна сацыялістычнага лагеру. Пасля распаду СССР, у юбілейныя 1995, 2000, 2005 і 2010 гады, удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у Маскве прымалі дзясяткі сусветных лідараў, у тым ліку кіраўнікі ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Канады, Кітаю, Індыі і Японіі. Аднак пасля анексіі Крыма і развязвання вайны на Данбасе многія палітыкі сталі адмаўляцца прыязджаць у Маскву: напрыклад, у 2015-м з 68 запрошаных лідараў прыехалі толькі каля 20.

На не юбілейныя даты запрашэнні наогул масава не рассылаліся ды і ехаць асабліва ніхто не імкнуўся. У 2018 годзе, напрыклад, было толькі два замежных госця, у 2019 і 2021 гадах – па адному. У 2022-м не прыехаў ніхто. Таму візіт у Маскву сямі лідараў краінаў СНД у разгар расейскай агрэсіі супраць Украіны сапраўды звяртае на сябе ўвагу. Тым больш, што некаторыя з гэтых лідараў апошнім часам дэманстратыўна стараліся дыстанцыянавацца ад палітыкі Расеі.

Каментар
Смеласць, ці хітрасць? Эксперты – пра «дэмарш» прэзідэнта Казахстану Такаева
2022.06.20 19:43

Падобна на тое, што Крэмль прыклаў усе намаганні для таго, каб сёлета Пуцін не быў у адзіноце 9 траўня. Застаецца толькі здагадвацца, якім чынам расейскае кіраўніцтва, пераконвала прыехаць кожнага з прэзідэнтаў. Аднак палітычныя мэта была відавочнай: прадэманстраваць, што Расея, няглядзячы на няўдалы ход вайны з Украінай, захоўвае свой уплыў на постсавецкай прасторы. Такая дэманстрацыя ўплыву на фоне нядаўняй атакі дронаў па Крамлю і напярэдадні контрнаступ ЗСУ, імаверна, была асабліва важнай для расейскага кіраўніцтва.

Не выключана таксама, што Крэмль пераследаваў і больш практычную мэта. Напрыклад, гісторык Аляксандр Фрыдман выказаў меркаванне, што з’яўленне на парадзе лідараў краінаў СНД зніжае рызыку ўкраінскай атакі на Красную плошчу 9 траўня, «якой так асцерагаюцца ў Крамлі».

Лукашэнка парушыў традыцыю

Некаторыя палітолагі цяпер разважаюць, што Пуцін мог паабяцаць або чым прыгразіць асобным лідарам краінаў СНД за такую публічную праяву лаяльнасці. Але адносна Лукашэнкі так пытанне не стаіць. Паколькі ўлады Беларусі з’яўляюцца саўдзельнікамі расейскай агрэсіі супраць Украіны і публічна падтрымліваюць любыя дзеянні Крамля, то прыезд Лукашэнкі выглядае лагічна з палітычнага пункту гледжання.

Больш за тое, здаецца, ён мусіць быць толькі рады магчымасці ў чарговы раз наведаць Маскву. Візіты ў суседнюю краіну Лукашэнка заўсёды выкарыстоўвае для дэманстрацыі еднасці з Пуціна і падтрымцы, якую ён мае з боку Расеі. Гэта асабліва важна пасля 2020 году, калі Беларусь аказалася ў міжнароднай ізаляцыі. Аднак гэты візіт адбыўся насуперак ранейшым планам.

Аляксандр Лукашэнка размаўляе з ветэранам на ваенным парадзе ў Дзень Перамогі ў Маскве, Расея. 9 траўня 2023 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Лукашэнка не мае традыцыі ездзіць у Маскву на 9 траўня, нават у юбілейныя гады. Для ягонага рэжыму Дзень Перамогі – гэта таксама важная ў ідэалагічным плане дата, якую трэба максімальна выкарыстаць у прапагандысцкім плане ўнутры Беларусі. Таму звычайна 9 траўня Лукашэнка праводзіць у Менску: або прымае вайсковыя парады, або ад самай раніцы разам з сынамі ўскладае кветкі да манументу Перамогі і выступае з праграмнымі прамовамі.

Парушыць гэтую традыцыю ён мог толькі праз настойлівае патрабаванне Пуціна, ухіліцца ад якіх у цяперашніх умовах не меў магчымасці.

Лукашэнка на задворках

У выніку візіт Лукашэнкі ў Маскву выглядаў досыць фармальна і з пункту гледжання зместу, і з пункту гледжання медыйнай карцінкі.

Па-першае, паміж Лукашэнкам і Пуціным не адбылося двухбаковай сустрэчы, нават кароткай. Хаця, як вынікае з паведамленняў на сайце Крамля, для размовы тэт-а-тэт з Мірзіёевым і Жапаравым расейскі прэзідэнт 8 траўня час знайшоў.

Карцінкі падкрэслена сяброўскай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі – якую яны звычайна стараюцца дэманстраваць для журналістаў – 9 траўня таксама не было. «Пул Первого» паказаў толькі адзін здымак, дзе два аўтарытарных лідара паціскаюць адзін адному руку – прычым кадры зроблены здалёк і з боку. Хутчэй за ўсё, гэта быў вельмі кароткі і невыразны момант.

Па-другое, некаторыя медыі выказалі здагадку, што Лукашэнка прыехаў у Маскву хворы. Пра гэта можа сведчыць як прыгнечаны і нездаровы выгляд Лукашэнкі падчас параду, так і той факт, што ён проста быў не здольны ісці нароўні з астатнімі лідарамі краінаў СНД.

Журналісты заўважылі, што калі прэзідэнты пешшу пайшлі ад ускладаць кветкі на магілу Невядомаму салдату, то Лукашэнка, імаверна, папрасіў, каб яго даставілі туды на электрамабілі, бо самому ісці было цяжка. Хаця адлегласць ад Краснай плошчы да Аляксандраўскага саду складае ўсяго некалькі сотняў метраў.

«Лукашэнка даехаў да Аляксандраўскага сада з ветрыкам», – здзекліва пракаментавалі сітуацыю карэспандэнты крамлёўскага пулу.

Акрамя таго, журналісты звярнулі ўвагу на тое, што ў яго была перабінтаваная правая рука.

На ўрачысты абед у Крамлі Лукашэнка наогул не застаўся, а адразу вярнуўся ў Беларусь. Ніводнай публічнай заявы за час візіту ў Маскву ад яго не прагучала.

Такім чынам, з палітычнага і прапагандысцкага пункту гледжання візіт Лукашэнкі 9 траўня выглядае вельмі няўдала. Складаецца ўражанне, што Пуцін ледзь не сілай выцягнуў хворага чалавека ў Маскву проста каб той выканаў ролю палітычнай дэкарацыі на ўрачыстых мерапрыемствах. Такая карцінка зноў ставіць пытанне аб суб’ектнасці і самастойнасці Лукашэнкі, а таксама спрыяе з’яўленню чутак ды плётак наконт ягонага стану здароўя.

Маўчанне – золата

Разам з тым, відавочная фармальнасць візіту тэарэтычна можа мець і свае плюсы для Лукашэнкі.

У апошнія тыдні, на фоне чакання ўкраінскага контрнаступлення, ён рэзка знізіў агрэсіўнасць сваёй рыторыкі адносна сітуацыі ў рэгіёне. Яшчэ нядаўна, 31 сакавіка, у сваім звароце да Нацыянальнага сходу Лукашэнка фактычна займаўся ядравым шантажом, а потым патрабаваў ад Расеі гарантыяў бяспекі на выпадак вонкавай агрэсіі і сустракаўся з верхаводам «ДНР».  А ў канцы красавіка раптам высветлілася, што «ніхто на нас нападаць не збіраецца». Тэма вайны і вонкавай пагрозы ў апошнія два тыдні амаль знікла з публічнай рыторыкі Лукашэнкі, а ў ягоным графіку сталі пераважаць спартовыя мерапрыемствы, суботнікі ды інспекцыі пасеваў. За апошні час ён правёў толькі адну нараду з сілавікамі – яна была прысвечана ахове мяжы. Прычым анансаваныя тады «сур’ёзныя мерапрыемствы», як пазней высветлілася, тычыліся мяжы з РФ.

Усё гэта можа сведчыць пра тое, што Лукашэнка лічыць карысным у дадзены момант не нагадваць пра сваю ролю галоўнага ваенна-палітычнага хаўрусніка пуцінскай Расеі і не спрыяць далейшай эскалацыі. Прынамсі да таго моманту пакуль не стане зразумела, чаго чакаць ад контрнаступу ЗСУ.

З’яўленне Лукашэнкі 9 траўня ў Маскве гэтай сітуатыўнай лініі паводзінаў не нашкодзіла: ён маўчаў, не братаўся з Пуціным і наогул з’ехаў пры першай магчымасці. То бок потым можна будзе сказаць, што калі ён і падтрымліваў Пуціна, то рабіў гэта ледзь не пад прымусам. Хаця такі аргумент наўрад ці кагосьці здолее пераканаць.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў