Лукашэнка: Ніхто на Беларусь нападаць не збіраецца – ні ўкраінцы, ні палякі


28 красавіка Аляксандр Лукашэнка наведаў Веткаўскі раён, што на Гомельшчыне. Гэта была рабочая «чарнобыльская паездка» ў змененым фармаце, як паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка. Сярод іншага, беларускі кіраўнік шмат казаў пра мір. Пра што яшчэ гаварыў Лукашэнка падчас свай паездкі? Сабралі асноўныя тэмы.

Дысцыпліна і жалезная дыктатура

Падчас наведвання Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка закранаў розныя пытанні – пачынаючы ад пасяўной, развіцця асобных раёнаў і эканомікі рэгіёна і заканчваючы глабальнымі пытаннямі вайны і міру ў нашай краіне і ў свеце.

Першае, на што звярнуў сваю ўвагу Лукашэнка па прылёце ў Веткаўскі раён, – пытанне ўкамплектаванасці малочна-таварных комплексаў, а таксама працэс меліярацыі. На яго думку, апошняя ідзе вельмі павольна, таму павінна быць «жалезная дысцыпліна», бо гэта «залатыя землі».

Рабочая паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Веткаўскі раён на Гомельшчыне. 28 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

«Наступае жалезная дыктатура», – так заявіў палітык, звяртаючыся да чыноўнікаў з нагоды дысцыпліны ў рэгіёнах. Бо, паводле ягоных словаў, адбыўся «поўны адрыў ураду ад губернатараў, заседзеліся ў Менску». Павінна быць кадравая дысцыпліна, а безгаспадарлівасць і расхлябанасць не павінны заставацца беспакаранымі, «калі мы не хочам ваяваць так, як яны [па ўсім відаць, гаворка вядзецца пра ўкраінцаў. – Заўв. «Белсат»] ваююць на поўдні».

Як заняць «пачэснае месца» ў гэтым свеце

Словы «пачэснае месца» Аляксандр Лукашэнка вымавіў па-беларуску, выступаючы на нарадзе з актывам Гомельскай вобласці. Ён заклікаў не шукаць «аб’ектыўных прычын» пэўным упушчэнням у працы.

«Галоўнае – на надумайце шукаць аб’ектыўныя прычыны. Не надумайце! Няма аб’ектыўных прычын. Нікому сёння не лёгка. Але калі мы вытрымаем, мы будзем зусім іншымі і зоймем сваё «пачэснае месца» ў гэтым свеце», – падкрэсліў Лукашэнка.

Таксама беларускі кіраўнік заклікаў чыноўнікаў забыць пра санкцыі, «не спаць, варушыцца і не скоўваць людзей». «Можа старшыня гар-, райвыканкама нешта недзе там праштурхнуць, прадаць – няхай вязе, прадае. Кантралюй толькі цэнаўтварэнне, каб да рук не прыліпала», – сказаў Лукашэнка.

Таксама беларускі кіраўнік заклікаў чыноўнікаў, асабліва аграрыяў, радавацца санкцыям. Бо дзякуючы гэтаму можна выкарыстоўваць новыя магчымасці, якія адкрыліся ў сувязі з іх увядзеннем. А таксама ён пахваліў губернатара Гомельскай вобласці і ўпаўнаважаных па рэгіёне, што яны ў сваіх выступленнях тэмы санкцыяў не закраналі.

Гомельшчына – «як родная»

Падчас выступлення Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што Гомельская вобласць яму як родная і што менавіта яна яго «заўсёды падтрымлівала больш, чым якая іншая». Але з-за «бескантрольнасці і ныцця «ах, чарнобыльцы, ах чарнобыльцы» мы расслабіліся і не прыкмецілі, як пачалі губляць гэтую вобласць». Бо ў ёй сярод працавітых людзей з’явіліся «дзяльцы, жулікі і злодзеі». Таму гэты працэс трэба спыніць, для чаго на Гомельшчыну і быў накіраваны новы губернатар (21 снежня 2021 года старшынёй Гомельскага аблвыканкаму прызначаны Іван Крупко).

Таксама беларускі кіраўнік адзначыў, што толькі за 2022 год у пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёны было ўкладзена больш за 600 мільёнаў беларускіх рублёў.

Але пры гэтым на нарадзе прагучала, што, нягледзячы на заклікі Лукашэнкі «даць эканоміку», чыноўнікі недапрацоўваюць: так, 45% дарог рэгіёну маюць дэфекты пакрыцца, ёсць нараканні да працы службаў ЖКГ, да стану аўтобуснага парку і гарадскога транспарту і іншыя.

Міру мір

Бадай адной з найбольш яскравых падчас сённяшняй паездкі стала тэма міру. Лукашэнка шмат разоў звяртаў увагу на тое, што беларусы хочуць міру: «Хачу падкрэсліць: мы – мірныя людзі, і чужой зямлі нам не трэба», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка расказвае жыхарам Веткі пра тое, што ён не хоча вайны. 28 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Лукашэнка адзначыў, што забеспячэнне міру і бяспекі – гэта справа яго і сілавога блоку. «Ваша задача, – звярнуўся ён да чыноўнікаў, – стварэнне годных умоваў для жыцця людзей. Ваша задача – эканоміка».

Тэма міру гучала і падчас сустрэчы беларускага кіраўніка з жыхарамі Веткі. Калі людзі казалі яму пра сваё жаданне жыць у міры, ён ім адказваў, што таксама не хоча вайны. З ягоных словаў, яго заўсёды дзівіць, калі пачынаюць размаўляць пра вайну.

«Там людзі напружаныя ў Гомлі. Так, Гомельская вобласць і Берасцейская сталі прыфрантавымі. Але гэта не значыць, што да нас нехта збіраецца з вайной ісці. Шальных там хапае, але куды дзенешся… Вайна там ідзе. Таму вы не думайце, што я хачу разгарнуць тут нейкую вайну, – адзначыў Лукашэнка і дадаў. – Будзе вам мір, не хвалюйцеся».

«Усякае можа быць. Але я больш вас разумею, каб мы не ўцягнуліся ў гэтую шырокамаштабную бойню. Вопыт яе мы выкарыстоўваем, вывучаем. Глядзім, каб наша армія была мацнейшай. Таму вы не хвалюйцеся. Я больш за вас не хачу ваяваць. У мяне таксама ёсць дзеці. І вы ўсе мае дзеці. Я не хачу, каб мне давялося вас пасылаць кудысьці на фронт, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Таму супакойцеся, працуйце спакойна. Ніхто на нас нападаць не збіраецца. У тым ліку ўкраінцы. Ды і заходнікі, з якімі я сустракаюся, яны мне кажуць: «Аляксандр Рыгоравіч, спадар прэзідэнт, да вас ні ўкраінцы, ні палякі не збіраюцца». Можа, і не збіраюцца. Але нам трэба быць гатовымі да ўсяго», – падкрэсліў у сваім звароце да веткаўчан Аляксандр Лукашэнка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў