Курс на таталітарызм і ядравы шантаж. У чым сэнс звароту Лукашэнкі


Падчас 4,5 гадзіннага звароту да народу і Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка заклікаў заключыць перамір’е ва Украіне, падрабязна выказаўся наконт размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі і даў зразумець, што рэпрэсіўная палітыка ўнутры краіны будзе толькі ўзмацняцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Kremlin Press Office / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Спікер Крамля

Свой выступ Лукашэнка пачаў з геапалітыкі: традыцыйна абвінаваціў ЗША ў развязванні вайны ва Украіне і намеры падпарадкаваць сабе ўвесь свет. Ён агучыў стандартны набор прапагандысцкіх тэзісаў Крамля: тут было і пра дзяржаўны пераварот ва Украіне, і пра фашыстаў, і пра базы НАТО, і пра знішчэнне расейскага насельніцтва Данбасу. Лукашэнка падкрэсліў, што Пуціна вымусілі спачатку захапіць Крым, а потым прыняць захады для абароны «расейскага чалавека» на Данбасе. У выніку «на гарызонце замаячыла трэцяя сусветная вайна з ядравымі пажарамі».

Лукашэнка заклікаў спыніць баявыя дзеянні ва Украіне і распачаць перамовы. Прычым замірэнне мусіць адбыцца без права перамяшчэння войскаў з абодвух бакоў, без права перакідання жывой сілы і тэхнікі. Калі Украіна гэтую ўмову парушыць, то «Расея абавязаная задзейнічаць усю магутнасць ВПК і арміі для перадухілення эскалацыі канфлікту: і фосфарныя боепрыпасы, і збеднены ўран, і ўзбагачаны ўран – усё павінна пайсці ў дзеянне». Як мусіць адрэагаваць Украіна і Захад, калі ўмовы замірэння парушыць Расея – ён не ўдакладніў. Лукашэнка таксама падкрэсліў, што калі Украіна цяпер пойдзе ў контрнаступленне – гэта «перакрэсліць шанцы на перамоўны працэс».

Па сутнасці, у гэтай часткі прамовы Лукашэнка выступіў у якасці лабіста інтарэсаў Крамля. Ён не проста цалкам апраўдаў агрэсію Расею, але і прэзентаваў у публічнай прасторы зручны для Пуціна варыянт выхаду з украінскага крызісу. Замірэнне без папярэдніх умовах і без права на перагрупаванне азначае кансервацыю цяперашняй лініі фронту: такім чынам Украіна і Захад дэ-факта прызнаюць заваяванні Расеі. У такой кансервацыі Масква вельмі зацікаўлена, улічваючы, што Украіна цяпер рыхтуе вясенняе контрнаступленне і можа адваяваць частку сваіх тэрыторыяў.

Пра контрнаступ ЗСУ Лукашэнка на працягу свайго выступу згадаў некалькі разоў, нават распавёў, што абмяркоўваў гэта з Пуціным. Падобна на тое, што Крэмль будучае контрнаступленне вельмі хвалюе і Лукашэнка мусіў адмыслова агучыць для сусветнай супольнасці тэзіс, у адпаведнасці з якім спроба Украіны вярнуць свае землі – гэта эскалацыя, пасля якой мірнае ўрэгуляванне стане немагчымым. Больш за тое, гэта можа прывесці да ядравай вайны, калі ўзнікне пагроза распаду Расеі.

«Немагчыма перамагчы ядраваю дзяржаву», – заявіў Лукашэнка. Гэта як раз тая думку, якая паслядоўна прасоўвае Крэмль, каб прымусіць Захад да саступак.

Лукашэнка ўключаецца ў ядравы шантаж

Пасля вайны ва Украіне Лукашэнка адразу перайшоў да тэмы размяшчэння тактычнай ядравай зброі (ТЯЗ) у Беларусі. Ён патлумачыў неабходнасць гэтага кроку тым, што на Беларусь нібыта рыхтуецца нападзенне. У якасці доказу Лукашэнка спаслаўся на непублічныя выказванні кіраўніка Бундэсверу, міністра абароны Польшчы і камандзіра 101-й амерыканскай паветрана-дэсантнай дывізіі, якія нібыта здабыла беларуская выведка. Імаверна, гэта інфармацыя такога ж узроўню дакладнасці, што і «перахопленая» спецслужбамі «размова Ніка і Майка».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Далей Лукашэнка зрабіў заявы, якія супярэчаць таму, што раней казаў Пуцін і МЗС Беларусі. І расейскі лідар, і беларускі МЗС падкрэслівалі, што Беларусь не атрымае кантролю над ТЯЗ, таму гэта «ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі». Аднак Лукашэнка некалькі разоў падчас свайго выступу падкрэсліваў, што гэта менавіта «наша зброя».

«Бескантрольнай зброі ды іншага ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», – заявіў ён.

Такім чынам, Лукашэнка фактычна публічна прызнаўся ў парушэнні Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі. Аднак зрабіў гэта свядома, каб мець магчымасць уключыцца ў ядравы шантаж. Ён заявіў, што любы замах на суверэнітэт Беларусі сустрэне «неадкладны адказ». «Я гэта вам заўсёды казаў. Вы часам слухалі, думалі сваё, хтосьці верыў, хтосьці не верыў. Цяпер вы верыце, што мы адкажам? – звярнуўся ён да сваіх прыхільнікаў, – Адкажам і на ўсю катушку! І трэба спыніць гэтыя размовы аб ядравая зброі. Адна толькі бомба, якая размяшчаецца ў Беларусі ў 2-3 разы мацней за Хірасіму і Нагасакі».

Тут ён зноў супярэчыць словам свайго саюзніка: Пуцін казаў, што ядравая зброя толькі з’явіцца, а Лукашэнка сцвярджае, што атамная бомба ў Беларусі ўжо ёсць. Прычым вельмі магутная. Калі яна сапраўды ў 2-3 магутнейшая за тыя, што былі скінуты на Хірасіму і Нагасакі, то гэта значыць, што размова можа ісці пра 40-60 кілатонаў. Прытым, што асноўная маса тактычнай ядравай зброі – гэта боегалоўкі на некалькі кілатонаў.

«І не трэба сёння казаць, вось толькі будуць захоўваць, будуць яшчэ нечага там, гэта там не наша зброя. Гэта наша зброя, якая будзе садзейнічаць суверэнітэту, незалежнасці!» – заявіў ён.

Акрамя таго, Лукашэнка паведаміў, што загадаў аднавіць пляцоўкі для запуску ядравых боегаловак «Топаль-М», якія мусілі быць разбураны пасля вываду ядравай зброі з Беларусі ў 90-е. «Топаль-М» – гэта ракетны комплекс стратэгічнага прызначэння, максімальная далёкасць якога складае 12 тысяч кіламетраў. То бок цяпер ужо размова ідзе пра падрыхтоўку да размяшчэння стратэгічнай ядравай зброі.

«Трэба будзе, мы з Пуціным вырашым і ўвядзем сюды і стратэгічную ядравую зброю. І яны гэта павінны разумець, мярзотнікі, якія там за мяжой сёння спрабуюць узарваць нас знутры і звонку. Мы ні перад чым не спынімся, абараняючы свае краіны, свае дзяржавы і свае народы… Хоць так прымусім іх лічыцца з нашым народам, калі іншай мовы не разумеюць», – падкрэсліў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Russian Defence Ministry / AFP / East News

Цікава, што пагрозлівыя заявы Лукашэнкі наконт ядравай зброі сустракалася залам бурнымі апладысментамі. Магчыма, сілавікі, чыноўнікі і прапагандысты, якія сабраліся ў Палацы Рэспублікі, імаверна, успрымаюць наяўнасць ТЯЗ як гарантыю непахіснасці цяперашняга рэжыму.

Узмацненне рэпрэсіяў і жалезная заслона

Што тычацца ўнутранай палітыкі, то Лукашэнка вельмі выразна даў зразумець: курс на рэпрэсіі будзе толькі ўзмацняцца.

«Калі б не было 2020 года, яго трэба было б прыдумаць! Жнівень 2020 года паказаў, хто ёсць хто. Жнівень 2020 года паказаў нашы пралікі, сканцэнтраваўшы нашу ўвагу на недапушчальнасці самазаспакаення і расхлябанасці», – заявіў Лукашэнка.

Гэтую «пахвалу» 2020 году можна інтэрпрэтаваць наступным чынам: менавіта цяперашні стан краіны (то бок з жорсткімі рэпрэсіямі, абсалютнай нецярпімасцю і прапагандай нянавісці) ён лічыць аптымальным. Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў, што не трэба расслабляцца і нават прыгразіў тым, хто гэтага не зразумеў: «Ці ўсё мяне пачулі? Шчыра скажу: далёка не ўсё. А прыйдзецца».

Ціск на іншадумцаў і іх сваякоў будзе ўзмацняцца па ўсіх кірунках. Напрыклад, КДК мусіць пракантраляваць, каб для «беглых» былі ўстаноўленыя максімальныя каэфіцыенты тарыфаў на камунальныя паслугі. Улады лічаць, што ў прынцыпе не павінна быць так, каб сваякі «беглых» жылі добра.

«Частка грамадства ўжо ад мяне патрабуе, асабліва па збеглых. Сваякі ў шакаладзе, уласнасць беглых – не кранутая. А яны сёння тэракты ўчыняюць. Мы спяшацца не будзем, але ў гэтым ёсць пытанне», – дадаў ён.

Hавiны
Умовы вызвалення Пачобута і «вяртанне ядравай зброі». Галоўнае з 4-гадзіннага выступу Лукашэнкі
2023.03.31 17:26

Унутраны курс прадугледжвае не толькі працяг палітычных рэпрэсіяў, якія Лукашэнка параўнаў з «вычышчэннем бруду з грамадства». Таксама дзяржава мае намер пашырыць ідэалагічны кантроль у культуры і адукацыі.

Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў, што «выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт» – імаверна, гэта намёк на неабходнасць чыстак у сферы адукацыі. Прычым гаворка ідзе не толькі пра тых, хто мае адкрыта апазіцыйныя погляды (іх ужо і так вычысцілі). Цяпер улада зоймецца тымі, хто недастаткова актыўна яе падтрымлівае.

«Трэба страсянуць наш рэктарскі корпус. 2020 год мы бачылі – ціхенька адсядзеліся, яны як бы ні пры чым. Ёсць у нас асобныя, якія перасталі не толькі бегчы – ісці перасталі», – заявіў Лукашэнка.

Акрамя таго, Лукашэнка заклікаў заняць «больш жорсткую пазіцыю ў пытаннях захавання гістарычнай праўды» і выпрацаваць «адзіныя падыходы да інтэрпрэтацыі эпахальных падзеяў». Гісторыя, якую напіша ўлада, будзе адстойваць абсалютную перавагу праваслаўя і сувязяў з Расеяй. Перыяд жа ВКЛ і Рэчы Паспалітай Лукашэнка пастанавіў «не рамантызаваць». Беларускіх магнатаў Сапегаў і Радзівілаў ён назваў «сярэднявечным алігархамі» і абвінаваціў у адсутнасці патрыятызму. «Але ці расказваюць пра гэта на экскурсіях у гэтых замках, у гэтых палацах, якія мы аднавілі і рэстаўравалі? Трэба навесці парадак!» – загадаў ён.

У сферы культуры Лукашэнка прапанаваў «культурнае імпартазамяшчэнне». «Час адыходзіць ад культурных павеваў і святкаванняў, якія супярэчаць нашым хрысціянскім традыцыям і маралі», – заявіў ён. Імаверна, гэта заява стане адпраўной кропкай для маштабнай антызаходняй кампаніі.

Прапагандыст Андрэй Муковозчык у сувязі з гэтым нават прапанаваў тлумачыць дзецям у школах, што кожны англасакс – гэта неанацыст. Лукашэнка не падтрымаў такі радыкалізм і заўважыў, што англасаксы таксама бываюць розныя. Але ўзмацненне прапаганды ў школах лічыць правільным крокам:

«Тое, што трэба называць сваімі імёнамі – асобныя рэчы, гэта дакладна трэба. Тут з вамі згодзен. І я думаю, што і ўрад, і губернатары, і асабліва міністр адукацыі гэта пачулі».

Асобна Лукашэнка прайшоўся па «заходняй модзе на чайлдфры». «Такая ідэалогія павінна быць па-за законам», – падкрэсліў ён.

Курс унутры краіны мусіць стаць больш жорсткім нават незалежна ад ідэалагічнага складніку. Лукашэнка арыентуе дзяржаўную вертыкаль на тое, што ўлада ў прынцыпе не павінна ў чымсьці саступаць грамадству. «Не прагінайцеся пад насельніцтва, – даў наказ Лукашэнка чыноўнікам, – Там дзе трэба прымусіць – прымусьце».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stringer / AFP / East News

Таксама былі анансаваныя дадатковыя правяранні у сферы аховы здароўя і ў Парку высокіх тэхналогіяў.

Захаванне ўлады насуперак абяцанням

Лукашэнка паведаміў, што дзяржава ўжо пачала падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў 2024 года. «Такога маштабнага выбарчага працэсу яшчэ не было», – заявіў ён. Пры гэтым ён нагадаў, што выбарчыя кампаніі ў Беларусі ніколі не былі спакойнымі. «Краіну будуць па-ранейшаму хістаць, выкарыстоўваючы розныя метады», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка не сказаў наўпрост, ці збіраецца ён балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, але гэта і так было зразумела па змаўчанні. З аднаго боку ён зноў заявіў, што не трымаецца за ўладу і «ягоны час сканчаецца». З іншага боку, падкрэсліў, што паколькі шмат хто хоча, каб Лукашэнкі не было – трэба рабіць наадварот. «Гэта мой прынцып», – дадаў ён.

«Вядома, вы зараз думалі: ён скажа, будзе ён прэзідэнтам ці не. Яшчэ раз паўтараю небанальныя рэчы: гэта вы вырашыце, хто будзе вашым прэзідэнтам. Але я адразу кажу: я наеўся. Вы вырашыце і спыніце пра гэта сёння казаць. Да апошніх сваіх дзён на гэтай пасадзе (я паміраць не збіраюся) я буду працаваць на карысць нашай краіны. Я ніколі не буду кульгавай качкай, як гэта кажуць: вось абвясціў аб сыходзе – кульгавая качка. У мяне дастаткова паўнамоцтваў для таго, каб абараніць сваю краіну, асабліва цяпер», – заявіў ён.

У дадзеным выпадку, самае цікавае не тое, што Лукашэнка сказаў, а тое, чаму ён гэта сказаў. З ягоных словаў вынікае, што сярод прадстаўнікоў рэжыму цяпер актыўна абмяркоўваецца, што будзе далей, хто можа прыйсці да ўлады ў будучыні.

«Трэба спыніць усялякія размовы аб спадчыннасці, аб пераемнасці. Мае дзеці прэзідэнтамі не будуць. Вы павінны гэта памятаць і таксама не абсмоктваць, не казаць на гэтую тэму», – заявіў ён.

Варта зазначыць, што «абсмоктванне» з’явілася не на пустым месцы: у разгар крызісу 2020 году Лукашэнка абяцаў, што пасля прыняцця новай Канстытуцыі ён прэзідэнтам ужо не будзе. Новую Канстытуцыю ён зацвердзіў у 2022 годзе, але сыходзіць пры гэтым не збіраецца.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў