«Надыходзяць новыя санкцыі». Прадстаўнік Дзярждэпу паабяцаў закрыць «шчыліны» Лукашэнку


Вашынгтон будзе і надалей падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі ды ўводзіць абмежаванні ў дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэта ў інтэрв’ю «Белсату» распавёў Крыстафэр Сміт (Christopher W. Smith), намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША, каментуючы стратэгічны дыялог паміж Злучанымі Штатамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Крыстафэр Сміт, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША. Скрыншот з відэа: Беларусы скупаюць валюту. «Ёлачныя» махляры палююць на беларусаў / Студыя. Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«Мэта стратэгічнага дыялогу ў тым, каб пацвердзіць, што ЗША знаходзяцца ў саюзе з нашымі блізкімі партнёрамі ў дэмакратычных сілах Беларусі, у прыватнасці са Святланай Ціханоўскай, а таксама з іншымі прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета, грамадзянскай супольнасці. Каб у нас быў план прасоўвання наперад у нашым стратэгічным узаемадзеянні і дапамозе, якую мы аказваем грамадзянскай супольнасці, медыях і ў іншых напрамках для падтрымання дэмакратыі ў Беларусі», – заявіў Крыстафэр Сміт.

Паводле яго, ЗША надалей падтрымліваюць імкненні беларускага народу да дэмакратыі, правоў чалавека, асноўных і фундаментальных свабодаў, «якія душацца рэжымам Лукашэнкі». Таксама суразмоўца згадаў, што Лукашэнка «гандлюе беларускім суверэнітэтам дзеля захавання ўласнага становішча» і «дасягнення сваіх уласных карыслівых мэтаў».

«Нашыя дзеянні скіраваныя як на падтрыманне беларускіх дэмакратычных сілаў, гэтак і на ўвядзенне санкцыяў і іншых захадаў, накіраваных на тое, каб прымусіць Лукашэнку і яго рэжым заплаціць за парушэнні правоў чалавека, нападкі на дэмакратыю і садзейнічанне Пуціну ў яго ўварванні ва Украіну», – адзначыў Сміт.

Адпраўная кропка перамоваў

Ён адзначыў, што ў Вашынгтоне не атрымлівалі аніякіх сігналаў ад рэжыму Лукашэнкі адносна магчымага дыялогу і перамоваў. Агулам жа, паводле яго, адпраўной кропкай для абмеркаванняў будучых стасункаў з’яўляецца вызваленне ўсіх палітвязняў.

«І пакуль мы не ўбачым змены ў паводзінах Лукашэнкі, мы будзем толькі нарошчваць нашыя намаганні па ціску на яго рэжым», – заявіў прадстаўнік Дзярждэпартаменту.

Сміт паабяцаў «дапаўняць нашы санкцыйныя пакеты, уключаючы закрыццё шчылін і дзірак у санкцыях», бо «рэжым добра падладжваецца».

«Мы спрабуем выявіць і знішчыць такія магчымасці. І мы актыўна працуем не толькі ўнутры амерыканскіх ведамстваў, але таксама і з дэмакратычнымі сіламі, каб вызначыць, у якіх сферах мы можам нанесці Лукашэнку найбольшую шкоду за рэпрэсіі і падтрыманне расейскай агрэсіі ва Украіне», – сказаў ён.

Намеснік памочніка дзяржсакратара не стаў анансаваць будучыя абмежаванні, але гарантаваў, што «надыходзяць новыя санкцыі».

«Асабліва ў сувязі з яго атакамі на дэмакратыю, правы чалавека і, вядома, падтрыманнем расейскага ўварвання ва Украіну», – заявіў Сміт.

У прыватнасці, ЗША «сканцэнтраваныя на санкцыйнай перспектыве» ў пытанні «той ролі, якую адыгрывае рэжым Лукашэнкі ў эксплуатацыі і выкраданні дзяцей з Украіны, іх перамяшчэнні ў Беларусь і далей – у Расею».

Аналітыка
«Пасланне Лукашэнку яснае і дакладнае». Вынікі візіту дэмсілаў у ЗША
2023.12.07 19:22

6-7 снежня праходзіць візіт дэмакратычных сілаў у ЗША, які з’яўляецца пачаткам стратэгічнага дыялогу. З боку дэмсілаў у дыялогу ўдзельнічае не толькі Ціханоўская, але і праваабаронцы «Вясны», эксперты «BEROC», прадстаўнікі медыясупольнасці, арганізацыі «ЕўраБеларусь», «Рабочага руху», «Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы», «Кіберпартызанаў» і «Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой».

Паводле Ціханоўскай, у дыялогу намецілася пяць асноўных напрамкаў. Гэта вызваленне палітвязняў, захаванне незалежнасці Беларусі, аднаўленне і захаванне беларускай ідэнтычнасці і культуры, бізнес-кірунак і прыцягненне да адказнасці рэжыму Лукашэнкі. Па кожнай частцы павінны зʼявіцца дарожныя мапы, таксама магчыма стварэнне рабочых груп, куды ўвойдуць прадстаўнікі ЗША і дэмсілаў.

Напярэдадні старту дыялогу Міністэрства фінансаў ЗША пашырыла санкцыі супраць Беларусі. Пад абмежавальныя захады трапілі 8 асобаў і 11 арганізацыяў. Сярод іх – бізнесоўцы Аляксандр Шакуцін і Павел Тапузідыс ды кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Каментар
Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША пра візіт Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон
2023.12.05 18:33

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў