«Пасланне Лукашэнку яснае і дакладнае». Вынікі візіту дэмсілаў у ЗША


6-7 снежня праходзіць візіт дэмакратычных сілаў у ЗША, які з’яўляецца пачаткам стратэгічнага дыялогу. Даведаліся, чым гэта адрозніваецца ад звычайных кантактаў дэмсілаў з ЗША і чаго чакаць ад новага фармату супрацы.

Прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў у ЗША.
Фота: Белсат

Увесну намесніца дзяржсакратара ЗША Вэндзі Шэрман распавядала, што стратэгічны дыялог азначае падтрымку дэмсілаў дзяржапаратам ЗША і канкрэтны графік узаемадзеяння, а не сітуацыйныя сустрэчы.

«Гэта можа змяніць правілы гульні ў нашай трыццацігадовай барацьбе за свабоду», – адзначыла Святлана Ціханоўская напярэдадні паездкі.

З боку дэмсілаў у дыялогу ўдзельнічае не толькі Ціханоўская, але і праваабаронцы «Вясны», эксперты «BEROC», прадстаўнікі медыясупольнасці, арганізацыі «ЕўраБеларусь», «Рабочага руху», «Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы», «Кіберпартызанаў» і «Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой».

Пра што дыялог?

Паводле словаў Ціханоўскай, намецілася пяць асноўных напрамкаў. Гэта вызваленне палітвязняў, захаванне незалежнасці Беларусі, аднаўленне і захаванне беларускай ідэнтычнасці і культуры, бізнес-кірунак і прыцягненне да адказнасці рэжыму Лукашэнкі. Па кожнай частцы павінны зʼявіцца дарожныя мапы, таксама магчыма стварэнне рабочых груп, куды ўвойдуць прадстаўнікі ЗША і дэмсілаў.

Адна з першых панэляў падчас візіту была прысвечаная палітвязням. Асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся – гэта пошукі шляхоў вызвалення асуджаных па палітычных матывах у Беларусі, іх рэабілітацыя і падтрымка арганізацый, якія дапамагаюць палітвязням, распавяла прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.

«ЗША ў гэтым пытанні важны стратэгічны партнёр, у якога ёсць вялікі досвед, у тым ліку па вызваленні палітвязняў-грамадзянаў ЗША. Гэта мы, па сутнасці, хочам рабіць. Нашы калегі кажуць, што ім гэты боль зразумелы.

Я распавядала, што, па апошнім даследаванні, 10 % беларусаў унутры краіны лічаць палітвязняў злачынцамі. Рэжым стварае ўсе ўмовы, каб разарваць сацыяльныя сувязі паміж тымі, хто ў выгнанні і тымі, хто знаходзіцца ў краіне. Але 90 % людзей унутры краіны не лічаць гэта нармальным. Мне здаецца, гэта знаходзіць водгук у нашых партнёраў. ЗША таксама зацікаўлены ў стварэнні рабочай групы і ў бліжэйшыя дні мы будзем сустракацца і вызначаць склад гэтай групы», – распавяла прадстаўніца Кабінету.

Hавiны
Беларускія дэмсілы і ЗША могуць стварыць працоўную групу па вызваленню палітвязняў
2023.12.07 13:04

Яна адзначыла, што гэта будзе не кантактная або перамоўная група. Гэта значыць, што ў магчымых перамовах з рэжымам Лукашэнкі будуць удзельнічаць ЗША, а не дэмсілы.

«Пасланне Лукашэнку яснае і дакладнае»

Пакуль праходзілі сустрэчы, прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Мэцью Мілер пракаментаваў апошнія санкцыі ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі і распавёў, пры якіх умовах яны могуць быць знятыя.

«Офіс па кантролі за замежнымі актывамі Казначэйства ЗША ўвёў санкцыі ў дачыненні да 19 фізічных і юрыдычных асоб, якія аказваюць падтрымку рэжыму Лукашэнкі, працуюць у беларускім абаронным сектары і падтрымліваюць Расею ў яе ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Гэта наша пасланне Лукашэнку і тым, хто праводзіць рэпрэсіі, яснае і дакладнае: мы не будзем казаць аб змене нашай палітыкі, змякчэнні санкцый і паляпшэнні нашых стасункаў, пакуль рэжым не вызваліць усіх палітвязняў, спыніць усе рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага народу і перастане браць удзел у расейскай вайне супраць Украіны», – падкрэсліў Мэцью Мілер.

Што прынцыпова мяняецца?

Беларускія дэмсілы на сустрэчы прадстаўнікамі ЗША.
Фота: Белсат

Візіт дэмакратычных сілаў у ЗША – гэта сапраўды не шараговая паездка, а выхад на новы ўзровень, лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч.

«Размова ідзе пра доўгатэрміновую супрацу. Ва ўсякім разе, так хацеў бы беларускі бок, каб быў прызначаны спецыяльны прадстаўнік па супрацы з беларускай дэмакратычнай супольнасцю. Калі няма адказнага чалавека, то праца ідзе значна горш.

І плануецца стварыць працоўныя групы, мапы, якія б вызначылі каляндар, што і калі павінна быць зроблена, якія вынікі павінны быць. Ствараюцца новыя інстытуты – гэта больш фармалізаваны механізм, які будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове. Вось, чым гэта адрозніваецца ад папярэдняга ўзаемадзеяння», – адзначае эксперт.

Пры вынікі пакуль казаць рана, але гэта дакладна пачатак вялікай супрацы, лічыць Карбалевіч.

«Даволі важна тое, што плануецца новае выданне Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Гэта закон, які прымаецца Кангрэсам, які павінна выконваць адміністрацыя [прэзідэнта ЗША. – Рэд.], незалежна ад стаўлення. Калі да ўлады прыйдзе Трамп, у якога даволі скептычнае стаўленне да падтрымкі дэмакратыі ў свеце, то ўсе роўна адміністрацыя вымушаная будзе кіравацца законам. Там павінны быць прапісаныя больш сур’езныя і жорсткія рэчы. І адносна ціску на рэжым Лукашэнкі, і адносна падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў», – працягвае суразмоўца.

Аб’ектыў
Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўдарыць па грошах сям‘і Лукашэнка
2020.12.22 22:57

Падобны стратэгічны дыялог раней быў распачаты з Еўрапейскім звязам, нагадвае старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

«Да канца гэтага года пройдуць сесіі ў Бруселі. Вельмі важна, што дэмакратычныя сілы маюць выхады на розныя міжнародныя пляцоўкі, бо ЗША – адзін з ключавых гульцоў у свеце і адзін з ключавых партнёраў Еўрапейскага звязу. Без такой комплекснай працы па розных кірунках немагчыма прасоўваць эфектыўна беларускую павестку», – падводзіць рысу Губарэвіч.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў