Беларускія дэмсілы і ЗША могуць стварыць працоўную групу па вызваленню палітвязняў


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова распавяла журналістам пра ідэю стварыць сумесную працоўную групу па пытанні вызвалення палітвязняў.

Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях у Аб’яднаным пераходным кабінеце, прымае ўдзел у паседжанні. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ініцыятыва была агучана ў Вашынгтоне на адной з першых панэляў у рамках стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

«Усё, што мы распавядалі нашым партнёрам, – гэта тая рэальнасць, у якой жывуць палітвязні, знаходзячыся ў месцах несвабоды. Мы прыводзілі рэальныя кейсы, гісторыі знікнення вядомых палітычных дзеячаў. Распавядалі пра новую тэндэнцыю 2023 года – інкамунікада. Распавядалі пра гуманітарны спіс, пра тое, што людзям тэрмінова неабходна медычная дапамога і мы павінны рабіць спробы іх вызвалення», – заявіла прадстаўніца АПК.

Гарбунова назвала ЗША «важным стратэгічным партнёрам» у гэтым пытанні, бо яны маюць вялікі досвед вызвалення людзей у розных краінах, у тым ліку палітзняволеных амерыканскіх грамадзянаў.

«Па сутнасці, гэта тое, што хочам рабіць мы. Мы, беларусы, хочам вызваляць грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў зняволенні ва ўласнай краіне. З тых кірункаў, якія мы прапанавалі да разгляду, – гэта стварэнне двухбаковай працоўнай групы, куды ўвайшлі б прадстаўнікі як з беларускага боку ад імя дэмакратычных сілаў, так і з боку ЗША, каб у рамках гэтай працоўнай групы па пошуку шляхоў вызвалення маглі сустракацца эксперты, маглі выпрацоўвацца і рэалізоўвацца канкрэтныя планы дзеянняў», – сказала Гарбунова.

Гарбунова патлумачыла, што ў бліжэйшыя дні будзе абмяркоўвацца магчымы склад беларуска-амерыканскай працоўнай групы па палітвязнях. Яна таксама падкрэсліла, што маецца на ўвазе не перамоўная або кантактная група, якая магла б размаўляць з афіцыйным Менскам. Задачы працоўнай групы будуць іншымі.

«Безумоўна, мы ўсведамляем рэальнасць і цяперашнія правілы гульні. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл, тым больш палітычных структураў, не з’яўляюцца суб’ектамі для Лукашэнкі і тых, хто прымае такія рашэнні ў Беларусі. Размова хутчэй ідзе аб выпрацоўцы стратэгіі, крокаў, пошуку партнёраў, пошуку трэціх краін, якія гатовы будуць выступіць пасярэднікамі. Але дакладна нас не будзе ў рамках кантакту, дыялогу, нейкіх перамовах, звязаных ужо непасрэдна з Менскам», – адзначыла яна.

Рэпартаж
Дасядзяць ці не дасядзяць да канца тэрмінаў? Што казалі на першым дні слуханняў пра вызваленне палітвязняў – падрабязна
2023.12.02 21:15

Акрамя таго, паводле прадстаўніцы АПК, беларускі бок закрануў пытанне аб недастатковасці рэсурсаў для рэабілітацыі палітвязняў, якія ўжо выйшлі на свабоду, і перспектывах стварэння міжнароднага фонду падтрымкі палітзняволеных.

Гарбунова адзначыла, што ёй асабіста было вельмі важна, што тэма палітвязняў была прыярытэтнай «і, прынамсі, эмацыйны водгук і каментары нашых партнёраў гавораць пра тое, што ім зразумелы гэты боль».

Hавiны
ЗША не будуць змякчаць санкцыяў, пакуль Лукашэнка не вызваліць усіх палітвязняў
2023.12.07 10:15

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў