Расейцы зноў спрабуюць прарвацца да Купянску. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 590-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі

Прарасейскі тэлеграм-канал «Харьковское направление» паведаміў, што ранкам 6 кастрычніка Узброеныя сілы РФ перайшлі ў наступ на купянскім кірунку ў ваколіцах сяла Сынькоўка на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці. Сцвярджаецца, што расейцам удалося выбіць украінскіх вайскоўцаў з часткі пазіцыяў.

Салдаты зараджаюць ракету, якая забяспечвае дастаўку зарадаў на міннае поле. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Іншая крыніца – «Рыбарь» – гаворыць, што атацы папярэднічала масіраваная артпадрыхтоўка.

Акрамя гэтага цяпер адначасова са штурмам пазіцыяў украінцаў наносяцца артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары па тылавых раёнах Збройных сілаў Украіны. Пры гэтым асаблівы акцэнт робіцца на транспартнай развязцы каля Купянску, у прыватнасці, ёсць інфармацыя пра ўдары па трасе на Шаўчэнкава.

У адказ ЗСУ намагаюцца актыўна абараняцца – у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё чатырох контратак праціўніка.

Аналітыкі праекту Deepstate паведамляюць, што на суседнім ліманскім кірунку праяўляе актыўнасць нядаўна перакінутая 25-я армія РФ, якая спрабуе аднавіць ініцыятыву на ўсходзе ад сяла Макееўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці.

Аналітыка
Трывожныя сімптомы. Заходняя дапамога для Украіны можа даць збой, але панікаваць не варта
2023.10.06 08:04

У Генштабе ЗСУ напісалі пра адбіццё чатырох атак праціўніка на гэтым участку фронту. Расейскі ваенкар Сямён Пегаў сцвярджае, што таксама войскі РФ атакавалі каля Торскага на поўначы Данецкай вобласці.

Самыя ўкраінцы, паводле расейскага Мінабароны, беспаспяхова намагаліся вярнуць раней страчаныя пазіцыі каля населеных пунктаў Ямпалеўка, Дзіброва і Кузьмыно.

Бахмуцкі кірунак

На поўдні ад Бахмуту працягваецца наступ Збройных сілаў Украіны. Паводле ўкраінскага Генштабу, за апошнія содні быў дасягнуты поспех на ўсходзе ад сяла Андрэеўка. Цяпер вайскоўцы замацоўваюцца на новых пазіцыях.

У Deepstate адзначаюць, што баі на гэтым участку фронту ідуць на ўсходзе ад чыгуначнай лініі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што з боку ЗСУ задзейнічана да аднаго батальёну пяхоты, падтрымку якой аказвае артылерыя.

Hавiны
Лукашэнка ў Берасцейскай вобласці: Зяленскі паводзіць сябе абсалютна правільна
2023.10.06 17:08

Праўкраінскі «Бахмутський Балу» фіксуе цяжкія баі ідуць па ўсім паўднёвым флангу бахмуцкага кірунку. Пры гэтым адзначаецца, што расейцы падцягнулі вялікую колькасць рэзерваў, якія цяпер контратакуюць.

«Бахмутський Демон» сцвярджае, што рэзервам РФ удалося спыніць рух ЗСУ, але ім пакуль не ўдаецца выбіць украінцаў з пазіцыяў за чыгункай.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі

На поўначы ад Данецку Узброеныя сілы РФ цягам содняў атакавалі каля Аўдзееўкі, на захадзе – правялі 14 атак у ваколіцах Мар’інкі і Новаміхайлаўкі. Паўсюль ЗСУ ўдалося ўтрымаць свае пазіцыі.

Аналітыкі Deepstate адзначаюць, што актыўная фаза баёў за Мар’їнку ідзе ўжо 20-ы месяц, але расейцам пакуль не ўдаецца захапіць некалі дзесяцітысячны, а цяпер цалкам зруйнаваны горад.

У гэты ж час украінскія вайскоўцы ў ваколіцах Данецку правялі атакі каля населеных пунктаў Первамайскае, Невельскае і Краснагораўка – таксама без поспеху.

Бярдзянскі кірунак

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што расейцы цягам апошніх содняў беспаспяхова атакавалі на ўсходзе бярдзянскага кірунку ў ваколіцах населеных пунктаў Вадзяное (на паўночным усходзе ад Вуглядару) і Залатая Ніва (Імаверна, атака ішла з поўдня ад сяла Новаданецкае).

Падрыў мін на палігоне. Данецкая вобласць, Украіна. Здымак мае ілюстрацыйны характар. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» піша, што баі ідуць на ўсходзе ад сяла Ураджайнае на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў. Адзначаецца, што тут праціўнікі маюць пераменныя поспехі – асобныя апорныя пункты часцяком пераходзяць з рук у рукі.

Адначасова з гэтым крыніца чакае аднаўленне баёў каля сяла Прыютнае на захадзе выступу.

Мелітопальскі кірунак

Ва ўкраінскім камандаванні пішуць пра стрымліванне праціўніка на паўднёвым усходзе ад сяла Работына ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці.

У Deepstate фіксуюць увод у бой новых рэзерваў РФ у Навапрокапаўцы, а таксама спробы расейцаў утрымаць вышыні каля суседняга Вэрбовага.

Агулам на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці працягваюцца цяжкія баі, але пакуль ніводнаму з бакоў не ўдаецца істотна змяніць сітуацыю на сваю карысць.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Раніцай 6 кастрычніка Расея ўдарыла па Харкаве. Загінуў 10-гадовы хлопчык
2023.10.06 10:50

Таццяна Міронава belsat.eu

Стужка навінаў