Лукашэнка ў Берасцейскай вобласці: Зяленскі паводзіць сябе абсалютна правільна


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паводзіць сябе абсалютна правільна, дамагаючыся дапамогі Захаду. Пра гэта Лукашэнка казаў 6 кастрычніка падчас працоўнага візіту на Берасцейшчыну, дзе наведаў навучальны аб’ект Міністэрства абароны «Вузел супраціву».

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Берасцейскую вобласць.
Фота: president.gov.by

Падчас размовы з журналістамі Лукашэнка зазначыў, што ў медыях складваецца вобраз прэзідэнта Украіны як жабрака, які толькі і робіць, што выпрошвае ў іншых дзяржаваў дапамогу:

«Зяленскі паводзіць сябе абсалютна правільна».

На думку самаабвешчанага прэзідэнта, канфлікт ва Украіне быў запланаваны загадзя, а ЗША прызначылі Украіну ахвяраю, паабяцаўшы ёй падтрыманне:

«Што далей адбываецца: Уладзімір Зяленскі да апошняга ўкраінца ваюе. А яны тое, што абяцалі, ці не своечасова робяць, ці не даюць абяцанага. Зяленскі задае пытанне: «Як жа так?» І Захад не выконвае дамоўленасцяў».

«Палякі ўжо гатовыя прыхапіць захад Украіны»

Лукашэнка казаў таксама пра неабходнасць спынення вайны:

«Чарговы раз гавару: трэба спыніцца, бо будзе горш. Вы бачыце, што палякі ўжо гатовыя прыхапіць захад Украіны. Расейцы ўжо на ўсіх кірунках – я кожны дзень атрымліваю гэтую інфармацыю – вядуць актыўную абарону. Яны ўжо атакуюць».

Закрануўшы тэму будучых парламенцкіх выбараў у Польшчы, узурпатар зазначыў: калі да ўлады прыйдуць новыя сілы, можна спадзявацца на перазагрузку ў стасунках паміж краінамі. Але зазначыў, што ўлады Беларусі «рыхтуюцца да горшага варыянту»:

«Мы не хочам, каб палякі лічылі нас чужымі людзьмі, ворагамі. Мы ніколі не ставілі на мэце не тое што ваяваць – абвастраць з палякамі стасункі. Нам гэтага не трэба. Хачу, каб палякі не думалі, што тут жывуць іхныя ворагі. Мы былі добрымі для іх суседзямі і будзем».

Да гэтага, кажучы пра абʼект «Вузел супраціву», Лукашэнка запэўніваў журналістаў, што дзеянні беларускіх вайскоўцаў сканцэнтраваныя на абароне, «але ў той жа час яны павінны ўмець і атакаваць».

Аналітыка
Трывожныя сімптомы. Заходняя дапамога для Украіны можа даць збой, але панікаваць не варта
2023.10.06 08:04

«У нас будзе нямала такіх пунктаў. І мы ў мірны час адпрацуем усе захады, каб загадзя ў выпадку атрымання сігналу, што суседзі нашыя дрэнна сябе паводзяць, заняць гэтыя пункты», – патлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў у лютым 2022 года расейскую агрэсію супраць Украіны і дазволіў расейскім войскам скарыстацца тэрыторыяй ды інфраструктурай Беларусі для нападу. Расейскія войскі дасюль застаюцца на тэрыторыі нашай краіны. Дэмакратычныя структуры Беларусі за межамі краіны дамагаюцца ад еўрапейскіх дзяржаваў выдаць ордар на арышт Аляксандра Лукашэнкі за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва.

Рэпартаж
Святлана Ціханоўская: Мы як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі
2023.10.03 10:01

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў