Каб развязаць пытанне збожжа з Украіны, у Еўразвязе забараняюць збожжа з Беларусі і Расеі


Сярод краінаў Еўрапейскага Звязу пашыраецца ідэя забароны ўвозу і транзіту аграрнай прадукцыі з Беларусі ды Расеі. Там лічаць, што гэта можа дапамагчы развязаць праблему з нядопускам да еўрапейскага рынку ўкраінскага збожжа. Гэта, вядома, ударыць па беларускіх вытворцах. Разбіраліся, наколькі моцна. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. З 15 ліпеня ў Беларусі ідзе збор ураджаю. Камбайны на полі ў Лагойскім раёне збіраюць зерневыя. Менская вобласць, Беларусь. 23 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

22 лютага забарону на імпарт сельскагаспадарчых прадуктаў з Расеі і Беларусі ўвяла Латвія. Затым польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск паабяцаў фермерам увесці эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю з Беларусі і Расеі. Таксама ён плануе ініцыяваць увядзенне «поўных санкцый» на імпарт у Еўразвяз сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі з Беларусі і Расеі. А цяпер і літоўскія ўлады прапануюць увесці часовую забарону на ўвоз і транзіт «сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў» расейскай і беларускай вытворчасці з 15 красавіка 2024 года да 1 ліпеня 2025 года.

У каментары «Белсату» Ёнас Пінскус, чалец камітэту ў пытаннях эканомікі Сейму Літвы, каж, што «Літва – гэта маленькая кропля ў гэтай забароне».

«Я думаю, што ў гэтай забароне трэба прыняць комплексныя захады. Не толькі Літва, Польшча, Латвія, але і Эстонія і іншыя еўрапейскія краіны. Каб расейскае і беларускае збожжа праз нашыя парты, нашую тэрыторыю не трапляла ў Еўрапейскі Звяз і астатнія краіны», – заявіў дэпутат.

На яго думку, забарона на экспарт беларускай і расейскай аграрнай прадукцыі дапаможа развязаць праблемаў пратэстаў у Польшчы супраць увозу ўкраінскага збожжа.

«Першы крок Літва зрабіла. Калі за гэтым крокам паследуюць іншыя краіны, то праблема будзе вырашаная не толькі ў Польшчы. І астатні свет не пацерпіць», – сказаў ён.

Паводле яго, негатыўных наступстваў для еўрапейскай эканомікі чакаць не варта, бо гэта толькі маленькая частка ўжо ўведзеных санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, так што «горш не будзе».

Залежнасць ад Расеі павялічыцца

Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера», мяркуе, што ўвядзенне забароны лабіююць фермеры еўрапейскіх краінаў, «бо гэта фактычна выдаленне канкурэнтаў з еўрапейскага рынку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэст фермераў на хуткаснай трасе S3 каля гораду Сулехаў, Польшча. 20 лютага 2024 года.
Фота: News Lubuski /East News

«Гэта асабліва актуальна ў сітуацыі, калі ўкраінская сельскагаспадарчая прадукцыя стварае заўважны ціск, перш за ўсё, на польскі рынак. Але гэта ўплывае і на ўсе іншыя рынкі краінаў Усходняй Еўропы», – сказаў ён, дадаўшы, што выдаленне канкурэнтаў можа крыху паслабіць напружанасць у гэтай сферы.

Што датычыць Беларусі, то такая забарона, на думку палітолага, можа яшчэ больш павялічыцца залежнасць Беларусі ад Расеі, прынамсі праз тое, што прадукцыю, якая раней ішла на еўрапейскія рынкі, трэба будзе прадаваць у Расею або праз Расею. Пры гэтым Казакевіч не выключыў абыходных схемаў, калі беларуская прадукцыя будзе пастаўляцца ў трэція краіны, а праз іх – у Еўразвяз.

У любым разе такая забарона, паводле яго, прынясе страты для беларускай сельскай гаспадаркі. Галоўным чынам – за кошт зніжэння прыбыткаў.

«Напэўна, гэта не выкліча глыбокі крызіс у гэтай сферы, бо замену еўрапейскім рынкам можна знайсці. Але прыбытковасць гэтай галіны будзе зніжацца», – мяркуе Казакевіч.

Агулам, на яго думку, такія захады паказваюць, што Беларусь усё менш і менш успрымаюць як самастойную дзяржаву, як «нешта неразрыўнае» ад РФ. Але ўлады краіны нічога не робяць для таго, каб «гэтая сітуацыя нейкім чынам мянялася, наадварот супраца з Расеяй толькі паглыбляецца».

Як гэта паўплывае на эканоміку?

У сваю чаргу Анастасія Лузгіна, экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, падкрэсліла, што і раней беларускай аграрнай прадукцыі было няпроста трапіць на еўрапейскі рынак праз жорсткія стандарты. А з улікам таго, што ў апошнія гады адбылася пераарыентацыя беларускага гандлю з захаду на ўсход, з Еўразвязу на Расею, то экспарт харчовай прадукцыі ў РФ толькі павялічыўся. У выніку цяпер у краіны Еўразвязу пастаўляецца толькі малая частка з агульнага экспарту беларускага харчавання, які за 2023 год склаў амаль 6 мільярдаў долараў.

«Таму казаць, што там моцна зараз пацерпіць праз гэта сельская гаспадарка, я не бачу ў гэтым сэнсу, бо асноўная доля была, а тым больш зараз будуецца ў дачыненні да Расеі», – сказала эканамістка.

На яе думку, самым простым шляхам для беларускіх вытворцаў будуць пастаўкі забароненай для экспарту ў Еўразвяз прадукцыі ў Расею. Але Беларусь не зможа істотна дыверсіфікаваць экспарт аграрнай прадукцыі за межы Расеі, бо харчаванне «часта хутка псуецца і таму пашыраць лінейку не заўсёды атрымліваецца». «Чыста таму, што фізічна гэта немагчыма ці вельмі затратна», – сказала Лузгіна.

Ёсць свае абмежавальнікі і для росту беларускага экспарту харчовай прадукцыі ў Расею. Бо з аднаго боку, свае тавары ў РФ могуць пастаўляць і іншыя краіны-суседзі, а з другога – самыя расейцы актыўна развіваюцца сельскую гаспадарку, таму «яны таксама з’яўляюцца такімі канкурэнтамі Беларусі».

Аналітыка
Чаму польскія фермеры не перакрылі мяжу з Беларуссю і колькі Польшча купляе беларускага збожжа?
2024.03.05 16:21

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў