Польшча ініцыюе забарону на ўвоз у ЕЗ сельскагаспадарчай прадукцыі з РФ і Беларусі


Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск распавёў пра намер ініцыяваць увядзенне «поўных санкцый» на імпарт у Еўразвяз сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі з Беларусі і Расеі. Пра гэта паведамляе Onet.pl.

Дональд Туск. Крыніца: report.az

«Я хацеў бы паведаміць вам, што сёння пасля вяртання з Вільні я звярнуся да старшыні сейма з прапановай рэзалюцыі, якая заклікае Еўрапейскую камісію ўвесці поўныя санкцыі ў дачыненні да расейскай і беларускай сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі», – сказаў польскі прэмʼер на прэс-канферэнцыі ў Вільні, дзе ён правёў перамовы з кіраўніцтвам Літвы.

Туск патлумачыў, што гаворка ідзе пра тое, каб узмацніць санкцыі ў сувязі з нападам Расеі на Украіну і супрацай Беларусі з РФ. Паводле прэм’ера, рынак сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі краінаў Еўразвязу мае патрэбу ў больш эфектыўнай абароне.

Кіраўнік ураду Польшчы таксама падкрэсліў, што адна з галоўных задачаў – разблакаваць магчымасць экспарту ўкраінскай прадукцыі ў трэція краіны.

«Перакананы, што агульнаеўрапейскае рашэнне будзе непараўнальна больш эфектыўным, чым асобныя рашэнні краінаў рэгіёну», – дадаў Туск.

Пра тое, што ўлады Польшчы збіраюцца працаваць над увядзеннем эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю з Беларусі і Расеі, Туск упершыню заявіў 29 лютага пасля сустрэчы з лідарамі пратэстуючых фермераў.

22 лютага забарону на імпарт сельскагаспадарчых прадуктаў з Расеі і Беларусі ўвяла Латвія.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў