Аляксей Арэстовіч заявіў пра намер балатавацца ў прэзідэнты Украіны


Былы пазаштатны дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў, што мае намер удзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах Украіны. Праўда, тэрміны прэзідэнцкай кампаніі пакуль невядомыя праз ваеннае становішча ў краіне.

На сваёй Facebook-старонцы ён апублікаваў асноўныя тэзісы перадвыбарчай праграмы.

У прыватнасці, ён абяцае перайсці ў стратэгічную абарону на фронце, каб зберагчы больш жыццяў, а таксама хоча змяніць сістэму мабілізацыі.

Аляксей Арэстовіч лічыць, што Украіна мусіць пагадзіцца на ўгоду: уваход у NATO у абмен на абавязак не адваёўваць акупаваныя на момант уваходу ў Альянс тэрыторыі, а дамагацца іх вяртання толькі палітычным шляхам.

«Армія, што не ўзяла Такмаку, не можа казаць сур’ёзна пра выхад да мяжы 1991 года. Значыць, трэба шукаць альтэрнатыўныя развязкі», – заявіў ён у інтэрвʼю каналу «Ходорковский LIVE».

Паводле Арэстовіча, вайна зайшла ў тупік: Расея не здольная заваяваць Украіну, а Украіна не можа адваяваць акупаваныя тэрыторыі.

«Я думаю, нам трэба выходзіць на мірныя перамовы», – падкрэсліў ён.

Таксама Арэстовіч выступае за шырокія інтэграцыйныя працэсы з суседзямі – Польшчай і Румыніяй.

Пазаштатны дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч быў адпраўлены ў адстаўку ў студзені 2023 года пасля таго, як заявіў, што расейская ракета ўпала на жылы дом у Дняпры праз тое, што яе збілі ўкраінскія сілы СПА. У выніку гэтага ракетнага ўдару загінулі 44 асобы. Тады ягоныя словы выклікалі хвалю абурэння ў грамадстве і былі зняпраўджаныя ў ЗСУ.

Арэстовіч мае вельмі неадназначную рэпутацыю ва Украіне. З аднаго боку, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ён набыў вялікую папулярнасць дзякуючы сваім спакойным і аптымістычным каментарам наконт сітуацыі на фронце, што дапамагала людзям справіцца з панікай і разгубленасцю.

З іншага боку, ён неаднаразова трапляў у скандалы праз свае неабгрунтаваныя, дзіўныя ці проста хамскія заявы. У сваіх прагнозах вясны 2023 года Арастовіч істотна прымяншаў рэальныя перспектывы развіцця вайны, агучваў тэрмін «два-тры тыдні максімум», што хутка стала мэмам.

Аналітыка
Гонар, цэнтралізацыя і глабальная кааліцыя. Як змянілася Украіна за год вайны
2023.02.24 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў