Гонар, цэнтралізацыя і глабальная кааліцыя. Як змянілася Украіна за год вайны


Як год вайны паўплываў на ўкраінскае грамадства, палітыку і пазіцыі Украіны на міжнароднай арэне, разбіраўся belsat.eu.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гараджане праходзяць паўз сотню сцяжкоў, дзе напісаныя пазыўныя загінулых байцоў, на Майдане незалежнасці ў Кіеве. Украіна, 30 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Грамадства: гонар, аптымізм і жудасныя страты

Поўнамаштабнае ўварванне Расеі адразу выклікала вялікі патрыятычны ўздым ва ўкраінскім грамадстве. Людзі масава далучаліся да тэрытарыяльнай абароны, каля ваенкаматаў выстройваліся чэргі добраахвотнікаў, а колькасць «ухілістаў» падчас усеагульнай мабілізацыі была мізэрнай. Грамадства згуртавалася: сцерліся адрозненні і супярэчнасці паміж Захадам і Усходам краіны, паміж старэйшым і маладзейшым пакаленнем.

Патрыятычны ўздым захаваўся ўвесь год. Украінскае грамадства прадэманстравала надзвычай высокі ўзровень гатовасці да цяжкіх выпрабаванняў. Хаця амаль 18 мільёнаў украінцаў праз расейскае бамбаванне зазнаюць недахоп электрычнасці, вады і цяпла зімою, 95 % усіх жыхароў Украіны захавалі пэўнасць, што спыняць барацьбу нельга, а 89 % гатовыя працягваць супраціў нават пасля ядравага ўдару.

Пры гэтым за час вайны ўкраінцы ўсё больш аптымістычна сталі глядзець у будучыню. Напярэдадні ўварвання ў тое, што Украіна здольная адбіць напад Расеі, верылі 58 % украінцаў, а ўжо пасля трох дзён вайны – 88 %. Цяпер у перамогу вераць 95 %, прычым 63 % чакаюць перамогі цягам паўгода, а каля 20 % – цягам некалькіх месяцаў. Сацыёлагі фіксуюць і агульны рост грамадскай самаацэнкі: ⅔ апытаных ацанілі далейшыя перспектывы Украіны як дзяржавы на самым высокім узроўні і нават у трывалае становішча краіны ва ўмовах вайны сталі верыць больш, чым у мірны час. Паводле сацыёлагаў, галоўная эмоцыя, якую грамадзяне цяпер адчуваюць, калі думаюць пра Украіну, – гэта гонар. Гэты паказнік вырас з 34 % у 2021 годзе да 75 % у 2022-м.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Эвакуацыя насельніцтва з Бахмуту. Украіна, 4 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Украінцы захоўваюць аптымізм і ўпэўненасць у сабе, нягледзячы на жудасныя страты, панесеныя краінаю. Паводле звестак Управы вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR), за год вайны загінулі больш чым 8 тысяч мірных жыхароў і больш за 13 тысяч атрымалі раненні. «Гэтыя дадзеныя – толькі верхавіна айсберга», – падкрэсліваюць у ААН. Назіральнікі не маюць доступу да акупаваных расейцамі раёнаў, дзе раней ішлі інтэнсіўныя баі. Напрыклад, паводле мясцовых уладаў, толькі ў Марыупалі маглі загінуць каля 22 тысяч мірных жыхароў. Афіцыйна пацверджаная гібель прынамсі 10 тысяч украінскіх вайскоўцаў, аднак рэальныя лічбы, хутчэй за ўсё, істотна вышэйшыя.

Пасля вызвалення ўкраінскімі войскамі Кіеўскай вобласці ўпершыню стала вядома пра шматлікія ваенныя злачынствы на акупаваных тэрыторыях. Расейскія войскі пакінулі пасля сябе выпаленыя паселішчы, больш чым тысяча мірных жыхароў былі забітыя, ёсць інфармацыя пра масавыя выпадкі згвалтаванняў і марадзёрства. Найбольш жахлівыя звесткі прыходзілі з Бучы: паводле відавочцаў, гэтае мястэчка было проста «засеянае трупамі». Мірных жыхароў забівалі стрэлам у патыліцу, у некаторых былі звязаныя рукі і завязаныя вочы. Пазней сляды ваенных злачынстваў ускрываліся і пры вызваленні іншых акупаваных тэрыторыяў.

Гісторыі
Пыталіся ў людзей: «Дзе бандэраўцы? Дзе зброя? У якую царкву ходзіце?» Пра тэрор у Бучы і Барадзянцы
2022.04.08 19:09

Аднак трагедыя Бучы не дэмаралізавала ўкраінскага грамадства, а наадварот, зрабіла яго больш бескампрамісным. Каля 90 % украінцаў цяпер выключаюць любыя саступкі РФ: яны пэўныя, што вайна мусіць завяршыцца вяртаннем да межаў 1991 года. Такія настроі прымусілі ўлады скарэктаваць сваю пазіцыю адносна мэтаў канфлікту. У сакавіку на стамбульскіх перамовах з Расеяй адміністрацыя Зяленскага яшчэ была гатовая пайсці на шэраг сур’ёзных саступак, а ўжо ў траўні афіцыйны Кіеў упершыню публічна заявіў, што перамогаю ў вайне будзе лічыць вызваленне ўсіх акупаваных тэрыторыяў, уключна з Крымам.

Натуральна, што на бескампраміснасць і ўладаў, і грамадства ў першую чаргу ўплываюць дасягненні ЗСУ. Украінскія вайскоўцы здолелі не толькі сарваць расейскі бліцкрыг, але і правесці восенню бліскучы контрнаступ. Прыкладна 40 % усіх захопленых пасля 24 лютага тэрыторыяў Украіна ўжо вызваліла.

Міжнароднае падтрыманне: ад фаталізму да аб’яднання

Перад вайной на Захадзе панавалі песімістычныя настроі: Украіне прадказвалі поўны разгром цягам некалькіх дзён. Стаўленне ЗША і Еўропы да Украіны нагадвала ў той момант стаўленне да смяротна хворага чалавека, якому, канешне, трэба выказаць падтрыманне, але дапамагчы ўжо нічым нельга. Даваць ЗСУ вайсковую дапамогу краіны Захаду проста не бачылі сэнсу. Фактычна, саюзнікі былі гатовыя пастаўляць толькі тую зброю, якую б маглі выкарыстоўваць украінцы ва ўмовах акупацыі краіны і партызанскай вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі прыходзяць са сцягамі Польшчы, ЗША і Украіны паслухаць прамову прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Варшаве. Польшча, 21 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Калі правал расейскага бліцкрыгу і стойкасць Украіны сталі відавочнымі, сітуацыя пачала пакрысе змяняцца. Праўда, нарошчванне вайсковай дапамогі ўсё роўна ішло вельмі марудна. Заходнія палітыкі баяліся, што гэта справакуе непрадказальную рэакцыю Масквы і прывядзе да перарастання канфлікту ў вялікую рэгіянальную, а можа, і сусветную вайну. Таму Захад паводзіўся асцярожна і паступова пашыраў межы падтрымання Украіны. Калі палітыкі бачылі, што пасля пераносу чарговай «чырвонай рысы» Расея не здольная нічым адказаць, рабілі наступны крок.

Адным з пераломных момантаў можна лічыць канферэнцыю ў нямецкім Рамштайне, дзе 26 красавіка прадстаўнікі абаронных ведамстваў 40 краінаў свету дамовіліся каардынаваць дапамогу Украіне. Пасля гэтага ЗСУ пачалі атрымліваць сучасную дальнабойную артылерыю і РСЗА, савецкую браняваную тэхніку і верталёты. У канцы 2022 года саюзнікі ўхвалілі перадачу ЗСУ сучасных сістэмаў СПА, а ў пачатку 2023 года – сучаснай бранятэхнікі.

Марудлівасць заходніх лідараў дагэтуль выклікае шмат пытанняў. Але маштабы і характар дапамогі змяніўся кардынальным чынам: міжнароднае падтрыманне Украіны за год эвалюцыянавала ад сімвалічнага выказвання занепакоенасці да пабудовы глабальнай праўкраінскай кааліцыі на чале з ЗША. Прычым кааліцыя дэкларуе менавіта доўгатэрміновую дапамогу Украіне да поўнай перамогі ў вайне. Сімвалам гэтага падыходу стаў візіт прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Кіеў 20 лютага 2023 года.

«Калі Пуцін пачаў сваё ўварванне амаль год таму, ён думаў, што Украіна слабая, а Захад расколаты. Ён думаў, што зможа пратрымацца даўжэй за нас. Але ён страшэнна памыляўся», – падкрэсліў амерыканскі лідар.

Палітычная мадэль: цэнтралізацыя, але не аўтарытарызм

Перад пачаткам вайны рэйтынг Зяленскага імкліва падаў: апытанні паказвалі, што толькі 30 % жыхароў Украіны хочуць, каб ён балатаваў на другі тэрмін, а гатовыя прагаласаваць за яго былі толькі 23 %. Аднак уварванне Расеі 24 лютага прывяло да таго, што папулярнасць Зяленскага стала біць усе рэкорды.

Паводле звестак спецслужбаў, Расея планавала забіць Зяленскага або ўзяць яго ў палон. Таму ў першыя дні ўварвання, калі існавала рэальная пагроза падзення Кіева, паплечнікі прэзідэнта і заходнія палітыкі раілі яму пакінуць горад. Аднак Зяленскі катэгарычна адмовіўся. Увечары другога дня вайны прэзідэнт разам са сваім атачэннем запісаў відэазварот з самага цэнтру Кіева: «Мы тут. Мы ў Кіеве. Мы абараняем Украіну. І так будзе далей». Сакратар РНБА Аляксей Данілаў пазней прызнаваўся, што «сістэма не пасыпалася» менавіта дзякуючы таму, што 24 лютага прэзідэнт пастанавіў застацца ў Кіеве.

У выніку вобраз Зяленскага імгненна набыў гераічны арэол. У пачатку сакавіка падтрыманне прэзідэнта складала ўжо больш за 90 %. У далейшым Зяленскі працягваў развіваць імідж лідара нацыі, якая змагаецца на полі бою, што знайшло сваё адлюстраванне як у рыторыцы, так і выбары гардэробу. Украінскі прэзідэнт з’яўляецца на публіцы выключна ў адзенні ў стылі мілітары: тактычных кашулях і штанах, красоўках, байках і майках колеру хакі. Нават выступ у Кангрэсе ЗША або сустрэча з каралём Вялікай Брытаніі не прымусіла Зяленскага вярнуцца да афіцыйнага стылю. Некаторыя эксперты крытыкуюць палітыка за дэманстрацыйнае парушэнне пратаколу, але масавая аўдыторыя (як ва Украіне, так і на Захадзе) успрымае стыль мілітары як вельмі ўдалы іміджавы выбар. За год Зяленскі набыў сусветную папулярнасць – прэса нярэдка параўноўвала яго з Чэрчылам. Часопіс «Time» і газета «Financial Times» прызналі ўкраінскага прэзідэнта «чалавекам года», «Politico» – самым уплывовым палітыкам у свеце, а галівудская зорка Шон Пэн зняў пра яго дакументальную стужку «Суперсіла».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Зяленскі падчас паездкі ў Харкаўскую вобласць. Украіна, 14 верасня 2022 года.
Фота: president.gov.ua

Вялізарнае народнае падтрыманне ва ўмовах вайны прывяло да моцнай цэнтралізацыі ўлады ва Украіне. Усе асноўныя пастановы цяпер прымаюцца на ўзроўні Офісу прэзідэнта і РНБА, а ўрад і парламент фактычна сталі тэхнічнымі выканаўцамі.

Вярхоўная Рада хіба што ніколі за час існавання незалежнай Украіны не мела такога слабога ўплыву на сітуацыю ў дзяржаве. Прэзідэнцкая фракцыя «Слуга народу» і да вайны мела абсалютную большасць, а пасля забароны прарасейскай «Оппозиционной платформы – За жизнь» (яны мелі 44 мандаты ў ВР – другая паводле колькасці фракцыя) перавага стала проста каласальнай. Цікава, што забарона ОПЗЖ не прывяла да аўтаматычнага выгнання яе дэпутатаў. Таму дзеля свайго палітычнага выжывання былыя апазіцыянеры перайшлі на бок уладаў і цяпер паслухмяна галасуюць за ўсе ініцыятывы прэзідэнцкай фракцыі.

Змянілася і электаральная сітуацыя. ОПЗЖ і аналагічныя ёй прарасейскія партыі заўсёды арыентаваліся на падтрыманне расейскамоўнага насельніцтва на ўсходзе і поўдні краіны. Але якраз гэтыя рэгіёны ў першую чаргу трапілі пад пуцінскую агрэсію, таму людзі зрабілі адпаведныя высновы. Узровень сімпатыяў да Расеі ўпаў там да некалькіх адсоткаў, а падтрыманне заходняга выбару і ўкраінскай мовы, наадварот, значна вырасла.

Калі крах прарасейскіх палітычных сілаў ва Украіне адлюстроўвае доўгатэрміновыя і глыбінныя тэндэнцыі, то надзвычай высокі рэйтынг Зяленскага і цэнтралізацыя ўлады – з’ява даволі эфемерная. Усё ж падтрыманне нацыянальнага лідара падчас вайны і электаральны рэйтынг палітыка – не адно і тое ж. Шмат хто з прынцыповых крытыкаў улады мяркуе, што ў цяперашніх умовах трэба максімальна змякчыць палітычныя спрэчкі, каб імі не скарыстаўся вораг. Паводле Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, 62 % украінцаў лічаць недапушчальнай падчас баявых дзеянняў нават канструктыўную крытыку кіраўніцтва краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ў Кіеве сабраліся ля цэнтру «ЯМаріуполь» з жоўта-блакітнымі сцягамі і плакатамі супраць рэферэндумаў аб далучэнні да Расеі часова акупаваных тэрыторыяў. Украіна, 24 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Аднак пасля вайны сітуацыя адразу зменіцца і Зяленскаму давядзецца адказваць на адкладзеныя прэтэнзіі. Галоўная, бадай, будзе ў тым, што адміністрацыя Зяленскага, з усяго відаць, праваліла рыхтаванне да вайны. Кіраўніцтва краіны да апошняга не верыла ў поўнамаштабнае ўварванне Расеі на ўсіх кірунках і чакала, што максімум адбудзецца спроба прарыву на Данбасе. У выніку загадзя не было ўведзенае ваеннае становішча і не было эвакуяванае насельніцтва з памежных раёнаў. Тое, што расейскай войска здолела акупаваць Херсон, учыніла разню ў Бучы і ледзь не захапіла Кіеў, звязваюць менавіта з поўнай непадрыхтаванасцю да расейскіх удараў з Крыму і з тэрыторыі Беларусі. І гэтыя памылкі Зяленскаму яшчэ абавязкова прыгадаюць.

Акрамя таго, украінцы застаюцца вельмі чуйнымі да злоўжывання ўладай. Нягледзячы на свой высокі рэйтынг, Зяленскі не можа дазволіць сабе абарваць зваротную сувязь з грамадствам. У пачатку 2023 года журналісцкія расследаванні карупцыі прымусілі Зяленскага правесці кадравыя чысткі: страцілі свае пасады намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Кірыла Цімашэнка, намеснікі міністра абароны, міністра інфраструктуры і генпракурора. Дарадца ОП Аляксей Арэстовіч мусіў пайсці з пасады пасля хвалі абурэння ягоным публічным каментаром наконт ракетнага ўдару ў Дняпры.

Усё гэта ўказвае на тое, што ўмоваў для пабудавання дыктатуры ва Украіне няма. Да таго ж, сацыёлагі кажуць, што ў цэлым колькасць прыхільнікаў «моцнай рукі» ва Украіне нават знізілася. Хаця большасць пры гэтым пагаджаецца з неабходнасцю аўтарытарных пастановаў падчас вайны.

Аналітыка
Прывід другога фронту. Ці захоўваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну?
2023.02.10 17:18

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў