Танкавы прарыў. Як паўплывае на вайну перадача Украіне заходняй бранятэхнікі


Захад наважыўся змяніць свае падыходы да паставак ва Украіну бранятэхнікі: пра гатовасць перадаць ЗСУ асноўныя баявыя танкі ўжо заявілі ўлады Польшчы і Вялікай Брытаніі. Якую тэхніку можа атрымаць Украіна і ці зменіць гэта сітуацыю на фронце?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі танк «Leopard 2» падчас вучэнняў «Defender Europe 2022». Ожыш, Польшча. 24 траўня 2022 года.
Фота: Michal Kosc / Forum

«Леапарды» і «Чэленджэры»

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас візіту ў Львоў 11 студзеня заявіў, што Украіна атрымае ад Варшавы ў межах міжнароднай кааліцыі роту танкаў «Leopard 2» (у склад танкавай роты можа ўваходзіць да 15 танкаў).

«Leopard 2» – асноўны баявы танк нямецкай арміі, які ёсць на ўзбраенні шэрагу краінаў NATO. Танк быў распрацаваны яшчэ ў канцы 70-х, але з таго часу з’явілася даволі шмат мадыфікаваных версіяў гэтай машыны. Танк узброены 120-міліметровай гладкаствольнай гарматай, да якой падыходзяць стандартныя натаўскія боепрыпасы. «Leopard 2» валодае высокай надзейнасцю, жывучасцю, выдатнай агнявой моцай. Пра зацікаўленасць у пастаўках гэтых машынаў у Кіеве казалі вельмі шмат.

У той жа дзень, 11 студзеня, прадстаўнік брытанскага ўраду заявіў, што Лондан актывізуе вайсковую дапамогу Кіеву. У прыватнасці, Брытанія разглядае магчымасць перадачы «Challenger 2» – асноўнага танка брытанскай арміі. Гэтая машына была распрацаваная ў 80-х, яна выкарыстоўвалася падчас вайны ў Іраку. Танк «Challenger 2» узброены спецыяльнай 122-міліметровай наразной гарматай L30A1, якая не разлічаная на ўніфікаваныя ў межах NATO боепрыпасы (то бок снарады прыйдзецца пастаўляць асобна). Танк мае лічбавую сістэму кіравання агнём і адну з найбольш магутных сярод заходніх танкаў браню. Яшчэ адзін важны плюс танка – хуткасць перанясення агню: вежа разгортваецца на 360 градусаў за 9 секундаў. Для асноўнага расейскага танка Т-72 гэты паказнік – 20 секундаў.

Колькі ЗСУ можа атрымаць брытанскіх танкаў – не паведамляецца. Але наўрад ці гаворка ідзе пра сотні машынаў. Калі верыць адкрытым крыніцам, за ўвесь час у Брытаніі было выпушчана ўсяго каля 450 «Challenger 2». Паводле звестак праекту «Defense Express», у 2021 годзе на ўзбраенні арміі Вялікай Брытаніі было 227 «Challenger 2». Вядома, што брытанцы планавалі скараціць свой танкавы парк да 148 адзінак, якія пры гэтым пройдуць мадэрнізацыю. «Defense Express» робіць з гэтага выснову, што максімум ЗСУ цяпер могуць разлічваць на 79 «Challenger 2». Але, хутчэй за ўсё, спачатку іх будзе меней – імаверна, таксама на ўзроўні танкавай роты.

Эвалюцыя заходняй дапамогі

Заявы Польшчы і Вялікай Брытаніі сімвалізуюць змену падыходаў Захаду да паставак бранятэхнікі ва Украіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Танкі «Challenger 2» брытанскай арміі падчас вучэнняў NATO у Латвіі. 11 кастрычніка 2019 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Захад пастаўляў Украіне бранятэхніку і раней – агулам за 2022 год ЗСУ атрымалі каля 320 танкаў. Але тады гаворка ішла пра старыя савецкія танкі або іх мадэрнізаваныя версіі, што былі на ўзбраенні краінаў Усходняй Еўропы. Асноўным пастаўляльнікам бранятэхнікі для Украіны была Польшча: улетку 2022 года Анджэй Дуда заявіў, што Украіне былі накіраваныя 240 танкаў і 100 адзінак іншай бранятэхнікі. У тым ліку паведамлялася пра пастаўкі польскага танка «PT-91 Twardy», створанага на базе савецкага Т-72М1. Савецкія танкі Украіне перадавалі таксама Чэхія, Славенія і Паўночная Македонія.

Аднак ад паставак сучасных узораў заходніх танкаў саюзнікі Украіны раней ухіляліся. Бранятэхніка па сваёй прыродзе – наступальнае ўзбраенне. Таму Захад успрымаў гэтае пытанне як чарговую чырвоную лінію, перасячэнне якой можа справакаваць Крэмль на непрадказальную агрэсіўную рэакцыю. Нават калі адна краіна была гатовая пайсці на гэты крок, то рашэнне блакавала іншая дзяржава. Напрыклад, летась Берлін выступіў супраць таго, каб Іспанія перадавала «Leopard 2» Украіне. Паводле выдання «Bild», у нямецкім урадзе баяліся, што Украіна можа зрабіцца занадта самаўпэўненай і перанясе вайну на тэрыторыю Расеі, а ў Берліне не хацелі б, каб нямецкія танкі зноў апынуліся на расейскіх землях.

Падобна, што карэнны пералом у гэтым пытанні адбыўся пасля візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў ЗША. Тады амерыканскі лідар Джо Байдэн заявіў журналістам, што ЗША працуюць над тым, каб іншыя дзяржавы далі больш танкаў Украіне. Некаторыя эксперты адзначалі, што Байдэн фактычна гатовы выступіць у ролі «танкавага лабіста» і неўзабаве актывізуе спробы пераканаць еўрапейскія краіны перадаць Украіне сваю бранятэхніку. Выглядае, што менавіта гэта цяпер і адбываецца.

Прыклад сваім саюзнікамі падалі самі Злучаныя Штаты. 6 студзеня было абвешчана, што амерыканцы ўпершыню перададуць ЗСУ 50 баявых машынаў пяхоты «Bradley». «Bradley» – не танк, але гэта вельмі магутная сучасная бранятэхніка, здольная істотна павысіць магчымасці ЗСУ. Гэты амерыканскі БМП яшчэ называюць «знішчальнікам танкаў». Ён узброены супрацьтанкавымі ракетамі, якія могуць знішчаць танкі праціўніка на адлегласці да 4 км, і 25-міліметроваю гарматай М242, якая выкарыстоўвае эфектыўныя бранябойныя боепрыпасы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на пазіцыі на лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 11 студзеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Акрамя таго, Францыя заявіла пра намер перадаць Украіне лёгкія колавыя танкі AMX-10RC і бронетранспарцёры «Bastion». А Нямеччына мае намер адправіць Украіне ў першым квартале 2023 года каля 40 бронетранспарцёраў «Marder».

Міністр абароны Фінляндыі Анці Кайканэн заявіў, што Фінляндыя магла б перадаць Украіне частку сваіх танкаў «Leopard 2», калі нейкая з еўрапейскіх краінаў таксама зробіць гэта.

Якія наступствы будзе мець гэтае рашэнне

Для Украіны пытанне аб пастаўках танкаў і БМП заўсёды было ў спісе прыярытэтаў. Без магутных бранятанкавых частак весці маштабныя наступальныя аперацыі і перамагчы ў вайне амаль што немагчыма.

Колькасць бранятэхнікі, пастаўкі якой анансавалі ў пачатку 2023 года заходнія краіны, выглядае яшчэ недастатковай, каб забяспечыць вызначальную тэхнічную перавагу ЗСУ над расейскай арміяй. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны ў снежні 2022 года казаў, што для таго, каб выйсці на рубяжы 23 лютага 2022 года, яму патрэбныя 300 танкаў і 600–700 БМП. Пакуль гаворка ідзе пра ў разы меншую колькасць.

Аднак варта разумець, што адразу паставіць Украіне сотні сучасных танкаў і БМП вельмі складана з аб’ектыўных прычынаў. Насамрэч бальшыня еўрапейскіх краінаў маюць даволі абмежаваныя магчымасці ў плане вайсковай тэхнікі і ўзбраення, бо пасля распаду СССР Еўропа ашчаджала на абарончых выдатках – да вялікай вайны ніхто не рыхтаваўся.

Напрыклад, Францыя, якая валодае адной з наймагутнейшых арміяў на кантыненце (паводле рэйтынгу Global Firepower, гэта 9-я армія свету), мае на ўзбраенні толькі 222 асноўныя баявыя танкі, каля 285 лёгкіх колавых танкаў і 605 БМП. То бок аднаасобна развязаць пытанне з узбраеннем арміі Украіны не здолее ніводная еўрапейская дзяржава – інакш яна сама застанецца без тэхнікі. Толькі агульнымі намаганнямі магчыма «назбіраць» патрэбную колькасць, а агульныя намаганні магчымыя толькі пры наяўнасці кансэнсусу ў пытанні паставак бранятэхнікі ва Украіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі салдат ля танка на лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 11 студзеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Менавіта таму вельмі важны сам факт першых паставак заходніх танкаў – нават калі спачатку гэта будзе сімвалічная колькасць. Заходнія саюзнікі мусяць убачыць, што такі крок не прывёў да апакаліптычнай рэакцыі з боку Крамля, а ЗСУ, у сваю чаргу, здолелі эфектыўна скарыстацца новай тэхнікай. Фактычна такі механізм пашырэння заходняй вайсковай дапамогі можна назіраць з самага пачатку вайны.

Таксама не варта прывязвацца да лічбаў бранятэхнікі, агучаных Залужным. Цалкам імаверна, што галоўнакамандуючы ЗСУ наўмысна завышае планку патрабаванняў, каб падштурхнуць Захад да больш актыўных крокаў.

Збройныя сілы Украіны, у сваю чаргу, раней ужо прадэманстравалі сваю здольнасць па-майстарску выкарыстоўваць і куды больш сціплую дапамогу сваіх саюзнікаў. Напрыклад, у чэрвені 2022 года дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк заявіў, што для таго, каб дасягнуць парытэту ў зброі з праціўнікам, Украіне патрэбныя 1000 гаўбіцаў калібру 155 мм, 300 рэактыўных сістэмаў залпавага агню, 500 танкаў, 2000 адзінак бранятэхнікі і 1000 беспілотнікаў. Натуральна, такіх аб’емаў узбраення ніхто летась Украіне не перадаў. Але і таго, што Украіна ў выніку атрымала, хапіла ЗСУ, каб правесці маланкавае наступленне пад Балакліяй і Ізюмам, разбіць ворага пад Ліманам і вызваліць Херсон.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў